437-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўныя навіны на дадзены час

Расія «кідае» ПВК «Вагнера»? Бахмут абстралялі фосфарнымі боепрыпасамі, а ў выніку абстрэлаў іншых рэгіёнаў Украіны ёсць ахвяры. Навіны апошніх сутак з украінскага фронту — у нашай хроніцы.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/SecurSerUkraine

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/SecurSerUkraine


***

За мінулыя суткі расійскія войскі 11 разоў абстралялі Херсон, ужываючы цяжкую артылерыю, танкі, рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Град», а таксама авіяцыю і беспілотнікі. Па тэрыторыі ўсёй вобласці быў нанесены агулам 71 удар, напісаў у Telegram-канале кіраўнік Херсонскай АВА Аляксандр Пракудзін. Паводле яго звестак, снарады патрапілі ў жылыя кварталы некалькіх населеных пунктаў, тэрыторыю завода ў Херсоне і будынак царквы ў Берыслаўскім раёне. Пры гэтым два чалавекі былі параненыя.

Не менш за пяць чалавек пацярпелі ў выніку ўдару дзвюма кіраванымі бомбамі, нанесенага ўвечары 5 траўня расійскім самалётам Су-35 па горадзе Глухаў Сумскай вобласці. Акрамя таго, пашкоджаныя 44 прыватныя домаўладанні і навучальная ўстанова, паведаміла аператыўнае камандаванне «Поўнач».

Па Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці расійскія войскі выпусцілі больш за чатыры дзясяткі снарадаў з РСЗА «Град» і цяжкай артылерыі, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак. Паводле яго слоў, у выніку пападання па прамысловым прадпрыемстве параненыя трое работнікаў — мужчыны 48, 50 і 58 гадоў. Таксама расійцы білі з дронаў: паводле слоў Лысака, абломкі беспілотнікаў упалі ў Сінельнікаўскім раёне, пашкодзіўшы дзве гаспадарчыя пабудовы і лінію электраперадач. У пяці прыватных дамах выбітыя вокны.

Агулам, як паведамляюць паветраныя сілы УСУ, па тэрыторыі Украіны былі выпушчаныя 8 іранскіх ударных дронаў «Shahed-136/131». Усе гэтыя беспілотнікі былі збітыя сіламі СПА. Паводле даных украінскага камандавання, удар здзяйсняўся з паўднёвага напрамку — усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора.

***

У Ніжагародскай вобласці ўзарвалі машыну з Захарам Прылепіным. Паводле звестак СМІ, у выніку выбуху прылады, усталяванай пад дном аўтамабіля, загінуў кіроўца. Сам Прылепін быў паранены. Ён вяртаўся ў Маскву з захопленай Расіяй тэрыторыі Данбаса і па дарозе спыніўся паесці; выбух адбыўся пасля таго, як ён працягнуў рух. У машыне таксама ехала дачка Прылепіна, але яна выйшла за некалькі хвілін да выбуху.

***

Белгародскі губернатар Вячаслаў Гладкоў паведаміў пра абстрэл горада Шабекіна Белгародскай вобласці. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў адзін чалавек.

***

Украіна афіцыйна заявіла, што ў ноч на 4 траўня УСУ збілі гіпергукавую ракету «Кінжал», выпушчаную расійскімі войскамі падчас атакі на Кіеўскую вобласць. Паводле слоў камандуючага Паветранымі сіламі УСУ генерал-лейтэнанта Мікалая Алешчука, знішчыць ракету ўдалося пры дапамозе амерыканскай сістэмы СПА «Patriot». «Віншую ўкраінскі народ з гістарычнай падзеяй! Так, мы збілі "Кінжал", "які не мае аналагаў"!» — напісаў Аляшчук у Telegram-канале. Некалькімі гадзінамі раней спікер Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат абверг інфармацыю партала «Defense Express» пра знішчэнне ракеты «Кінжал» над Кіевам.

***

З пачатку вайны ва Украіне загінулі 480 дзяцей, больш за 964 дзяцей атрымалі раненні, паведамляе ўкраінская Генпракуратура.

Больш за ўсё дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Херсонскай, Запарожскай, Мікалаеўскай, Чарнігаўскай, Днепрапятроўскай і Луганскай абласцях. Гэтыя звесткі не канчатковыя, гаворка ідзе толькі пра тых, чые імёны ўдалося пацвердзіць, падкрэсліваюць ва Украіне. У многіх рэгіёнах, дзе працягваюцца баявыя дзеянні, і на акупаваных тэрыторыях падлік цяпер немагчымы.

***

За мінулыя суткі расійскі бок нанёс па тэрыторыі Украіны 8 ракетных і 49 авіяцыйных удараў, а таксама здзейсніў 82 яе абстрэлы з ракетных сістэм залпавага агню, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.

Асноўныя наступальныя дзеянні Расіі сканцэнтраваныя на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках, там УСУ адбілі блізу 50 нападаў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка.

На Северскім, Слабажанскім і Купянскім напрамках праціўнік нанёс шэраг авіяўдараў і здзейсніў мінамётныя і артылерыйскія абстрэлы некалькіх населеных пунктаў, указана ў зводцы.

На Запарожскім і Херсонскім кірунках Расія вядзе абаронныя дзеянні, піша Генштаб УСУ.

Авіяцыя Сіл абароны Украіны за суткі нанесла 10 удараў па раёнах засяроджвання асабістага складу і ваеннай тэхнікі праціўніка. Акрамя таго, Узброенымі сіламі Украіны былі знішчаныя 5 дронаў тыпу «Shahed-136/131», два БПЛА тыпу «Zala», адзін «Арлан-10», адзін «Куб» і адзін беспілотнік тыпу «Ланцэт», вынікае са зводкі.

Падраздзяленні ракетных войск і артылерыі за дзень разбілі пяць раёнаў засяроджання вайсковай тэхнікі УС РФ, тры склады боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў, адзін сродак вядзення супрацьпаветранай абароны і «пяць іншых важных цэлей праціўніка», паведамляе Генштаб УСУ.

***

Камандаванне сіл спецыяльных аперацый УСУ ўвечары 5 траўня апублікавала ў сацсетках відэа з Бахмута. «Стаім! Воіны ССА разам з сабратамі працягваюць абараняць Бахмут!» — гаворыцца ў апісанні. У каментары «Украінскай праўдзе» прэс-служба ССА паведаміла, што ў Бахмуце былі ўжытыя фосфарныя боепрыпасы. «Вораг выкарыстаў фосфарныя і запальныя боепрыпасы ў Бахмуце, спрабуючы сцерці горад з твару зямлі. Аднак воіны ССА і іншых падраздзяленняў сіл абароны працягваюць мужна абараняць горад. І ў гэтых умовах мы працягваем знішчаць ворага», — адзначылі там.

***

Міністэрства абароны Расіі, падобна, адмовілася ад наступу на Бахмут на карысць падрыхтоўкі да чаканага контрнаступлення УСУ, піша амерыканскі «Інстытут вывучэння вайны» (ISW). У чарговым аналітычным аглядзе гаворыцца, што такім чынам ПВК «Вагнер» і яе заснавальнік Яўген Прыгожын пастаўленыя ў патэнцыйна складанае становішча. Раней Прыгожын выпусціў серыю відэаролікаў, у якіх у эмацыйнай манеры запатрабаваў ад Мінабароны забяспечыць ПВК снарадамі, прыстрашыўшы ў адваротным выпадку вывесці баевікоў групоўкі з Бахмута 10 траўня. На думку аналітыкаў ISW, гнеў Прыгожына дазваляе выказаць здагадку, што Міністэрства абароны перамясціла фокус з Бахмута на іншыя раёны баявых дзеянняў такім чынам, што гэта можа сур'ёзна падарваць здольнасць «вагнераўцаў» дзейнічаць эфектыўна. Аднак, як адзначаецца, ПВК не спыніла спробаў цалкам захапіць Бахмут, нягледзячы на недахоп боепрыпасаў.