423-ці дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае на гэты час

Сабралі для вас інфармацыю пра тое, што адбылося за апошнія суткі на ўкраінскім фронце.

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Ілюстрацыйнае фота: facebook.com/GeneralStaff.ua


***

Расійскія ВПС ноччу атакавалі памежныя раёны Чарнігаўскай вобласці. Як паведамляецца ў зводцы аператыўнага камандавання «Поўнач», на тэрыторыю, якая падверглася нападу, была скінутая «кіраваная авіябомба». Пра страты сярод насельніцтва і пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры інфармацыя не паступала.

***

Заклікі ўладальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына да Крамля скончыць баявыя дзеянні і засяродзіцца на замацаванні расійскіх сіл на акупаваных тэрыторыях могуць сведчыць пра тое, што ён знайшоў у Міністэрстве абароны РФ хаўруснікаў, якія падтрымліваюць часовае замарожванне вайны ва Украіне, мяркуюць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Яны звяртаюць увагу на тое, што пасля шматмесячнай канфрантацыі з расійскім вайсковым кіраўніцтвам Прыгожын на пачатку красавіка публічна аднавіў супрацоўніцтва з Мінабароны і, мяркуючы па ўсім, вярнуў сабе частку прывілеяў, нададзеных яму Крамлём. Аналітыкі ISW таксама мяркуюць, што Прыгожын, верагодна, хоча вярнуць сабе магчымасць нарошчваць сілы і пашырыць палітычныя перспектывы напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у РФ.

***

На працягу 21 красавіка расійскія войскі абстралялі чатыры памежныя абшчыны Сумскай вобласці і нанеслі агулам 114 удараў з мінамётаў, артылерыі і гранатамётаў. Як паведаміла ў Facebook абласная ваенная адміністрацыя, у сяле Кандратаўка Хоцінскай абшчыны ў выніку артылерыйскага абстрэлу паранены адзін мірны жыхар, пашкоджана памяшканне мясцовай школы. Акрамя таго, абстрэлам падвергліся Шалыгінская, Белапольская і Новаслабадская абшчыны.

***

Генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі сцвярджае, што ў канцы сакавіка, наведваючы Запарожскую атамную электрастанцыю, заўважыў там «відавочныя прыкметы ваеннай падрыхтоўкі». «Пасля гэтага нашы эксперты, якія знаходзяцца на аб'екце, часта паведамлялі, што чулі выбухі, а часам — што былі моцныя абстрэлы каля АЭС. Я глыбока занепакоены сітуацыяй на гэтай станцыі», — цытуе словы Гросі прэс-служба МАГАТЭ. Пра якую менавіта ваенную падрыхтоўку ідзе гаворка, гендырэктар агенцтва не ўдакладніў.

Паводле слоў Рафаэля Гросі, апошні тыдзень эксперты МАГАТЭ на АЭС чулі стральбу амаль штодня, а аднойчы ім давялося хавацца ў бамбасховішчы «праз патэнцыйную небяспеку, выкліканую ваеннай актыўнасцю ў рэгіёне».

***

Як паведамляе Генштаб УСУ ў сваёй аператыўнай зводцы, асноўныя намаганні расійцы засяроджваюць на вядзенні наступальных дзеянняў на Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках — было адбіта 53 атакі праціўніка. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаецца горад Бахмут.

РФ працягвае несці страты. Але 17 красавіка з часова акупаванай Луганскай вобласці ў бок населенага пункта Уразава Белгародскай вобласці расійскія салдаты спрабавалі ажыццявіць медыцынскую эвакуацыю. Для перавозкі параненых акупантаў было задзейнічана 14 грузавых аўтамабіляў. Пры спробе перасячэння дзяржаўнай мяжы Украіны на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі з пэўных прычын расійскі бок не прапусціў калону аўтамабіляў і развярнуў яе назад. Вядома, што падчас перамяшчэння частка вайскоўцаў праціўніка не выжыла праз адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі. Іншая частка цяжкапараненых, больш за 50 чалавек, перавезена ў шпіталь на базе Траецкай цэнтральнай раённай бальніцы.

Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 5 удараў па раёнах засяроджвання акупантаў, а падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі разбілі 2 раёны засяроджання жывой сілы, зенітна-ракетны комплекс і яшчэ 2 важныя ваенныя аб'екты праціўніка.

***

У Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаеўскай абласцях вечарам 21 красавіка абвясцілі паветраную трывогу. Украінскія СМІ паведамлялі пра два выбухі, якія чулі жыхары Запарожжа. Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў, што гэта «працуе СПА».

Крыху пазней паветраныя сілы УСУ паведамілі: «21 красавіка каля 19:00 гадзін праціўнік атакаваў Украіну з паўднёва-ўсходняга напрамку ўдарнымі дронамі-камікадзэ "Shahed-136/131". Сцвярджаецца, што збілі чатыры з пяці "шахідаў"».

***

Расія вывела ў Чорнае мора два падводныя ракетаносьбіты з «Калібрамі». Пра гэта паведамляе прэс-служба АК «Поўдзень».

«Абстаноўка ў зоне адказнасці Сіл абароны поўдня застаецца складанай», — адзначылі вайскоўцы.

У прыватнасці, паводле іх звестак, у Чорным моры варожая карабельная групоўка складаецца з 11 адзінак. Сярод іх ёсць 2 падводныя ракетаносьбіты з 8 «Калібрамі».