416-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае да гэтага часу

416-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае да гэтага часу.

Ілюстрацыйнае фота: AA/picture alliance

Ілюстрацыйнае фота: AA/picture alliance


***

Пры ракетным удары па Славянску Данецкай вобласці загінулі прынамсі 9 чалавек, у тым ліку двухгадовы хлопчык, паведамілі ўкраінскія ўлады. Больш за 20 атрымалі раненні, пад развалінамі разбуранага жылога дома могуць знаходзіцца яшчэ чатыры чалавекі. Паводле звестак Кіева, армія РФ выпусціла па Славянску сем ракет С-300, шэсць з якіх патрапілі ў жылыя дамы.

Тым часам ратавальнікі дасталі з-пад завалаў разбуранага дома загінулую жанчыну. Працягваюцца пошукі яшчэ чатырох чалавек, паведаміла прэс-сакратарка Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях у Данецкай вобласці Вераніка Бахал. Начальнік Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Павел Кірыленка паведаміў, што падчас абстрэлаў атрымалі раненні 21 чалавек. Паводле звестак паліцыі, разбураныя 34 шматпавярховікі, 20 прыватных дамоў, аб'екты грамадзянскай інфраструктуры, пашкоджаныя 12 аўтамабіляў.

***

Расійскія войскі ў пятніцу нанеслі ўдар кіраванымі авіябомбамі па прадпрыемстве ў Сямёнаўскім раёне Чарнігаўскай вобласці, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны. Паводле папярэдніх звестак, адзін чалавек атрымаў раненні, маюцца разбурэнні. Пра тое, якое менавіта прадпрыемства трапіла пад абстрэл, украінскія ўлады не паведамляюць.

***

Крэмль спадзяецца ў большай ступені прыцягнуць да сябе Кітай, запусціўшы вучэнні Ціхаакіянскага флоту ВМФ Расіі з мэтай прадэманстраваць ваенна-марскую моц РФ у Ціхім акіяне, гаворыцца ў новым аглядзе амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW). Прывядзеннем Ціхаакіянскага флоту ў вышэйшую ступень гатоўнасці для праверкі Масква, імаверна, сігналізуе Пекіну, што Расія падтрымлівае мэты Кітая ў галіне бяспекі ў Ціхім акіяне, а таксама застаецца раўнапраўным ваенным партнёрам, здольным дзейнічаць як ціхаакіянская дзяржава, паказваюць аналітыкі.

Акрамя таго, Крэмль, верагодна, мае намер выкарыстоўваць праверку баявой гатоўнасці Ціхаакіянскага флоту з мэтай паспрабаваць стрымаць далейшую падтрымку Украіны з боку Японіі напярэдадні саміту G7 у Хірасіме 19-21 траўня, адзначаюць эксперты ISW. Расія «праводзіла аналагічныя інфармацыйныя аперацыі і дэманстрацыйныя дзеянні супраць Захаду», накіраваныя на прадухіленне далейшай дапамогі заходніх краін Кіеву, хоць дзеянні Масквы «ніколі не прадвяшчалі рэальнай эскалацыі», падкрэсліваецца ў аглядзе. Пры гэтым цяпер Ціхаакіянскаму флоту ВМФ РФ, верагодна, не хапае даступнай баявой моцы ў рэгіёне, каб заняць пазіцыю, якая сапраўды пагражала б Японіі або падыходзіла для спроб пераканаць Кітай у тым, што Расія з'яўляецца роўнай ваеннай сілай, рэзюмуюць аналітыкі.

***

За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі па тэрыторыі Украіны 19 ракетных і 9 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі 42 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, паведаміў у ранішняй зводцы Генштаб УСУ. 13 ракетных удараў з сістэм ЗРК С-300 былі нанесеныя па Краматорску і Славянску.

«Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку. За мінулыя суткі было адбіта 56 нападаў ворага», — паведамілі ва ўкраінскім камандаванні.

***

Памежныя раёны Курскай вобласці былі двойчы абстраляныя — як сцвярджае кіраўнік рэгіёна Раман Старавойт, сіламі УСУ. «Сёння УСУ двойчы абстралялі памежныя тэрыторыі Глушкаўскага раёна Курскай вобласці. Пацярпелых і разбурэнняў няма. Праз абстрэлы часткова абясточаны пасёлак Цёткіна і суседняе сяло Папова-Ляжачы. Энергетыкі прыступілі да ліквідацыі пашкоджанняў», — напісаў ён.