381-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўнае за суткі
Апошнія зводкі з украінскага фронту.
***
Паводле звестак Генеральнага штаба УСУ, на працягу сутак з 10 сакавіка расійскія войскі нанеслі 29 авіяцыйных і чатыры ракетныя ўдары па Данецкай вобласці, а таксама зрабілі 100 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Ёсць параненыя мірныя грамадзяне, пашкоджаныя грамадзянская інфраструктура і жылыя дамы.
«Праціўнік не пакідае спроб выхаду на адміністрацыйную мяжу Данецкай і Луганскай абласцей. Асноўныя намаганні засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі нашы воіны адбілі больш за 100 нападаў праціўніка на названых напрамках», — гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ ў Facebook.
Украінская авіяцыя за суткі нанесла 11 удараў па раёнах засяроджання акупантаў і ўдар па пазіцыі зенітна-ракетнага комплексу УС РФ. Акрамя таго, быў збіты варожы беспілотны лятальны апарат тыпу «Арлан-10». Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі разбілі пяць раёнаў засяроджання асабістага саставу расійскай арміі, адзін сродак супрацьпаветранай абароны і склад боепрыпасаў.
***
У ноч на пятніцу расійскаму абстрэлу зноў падвергнуўся Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці, загінулі два чалавекі.
У Херсонскай вобласці ў выніку абстрэлаў расійскімі войскамі загінулі тры чалавекі. Пра гэта раніцай у суботу паведаміў у сваім тэлеграм-канале старшыня Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін: «За мінулыя суткі праціўнік здзейсніў 71 абстрэл, выпусціўшы 335 снарадаў з цяжкай артылерыі і "Градаў"... На жаль, ёсць ахвяры сярод грамадзянскага насельніцтва: тры чалавекі загінулі, пяць атрымалі раненні».
***
Аналізуючы масіраваны ракетны ўдар, нанесены па Украіне ў ноч на чацвер, апытаныя «Financial Times» вайсковыя аналітыкі не могуць растлумачыць сэнс расходавання каштоўных «Кінжалаў». Паводле слоў украінскага вайсковага аналітыка Рамана Світана, з шасці выпушчаных па Украіне «Кінжалаў» толькі адзін трапіў у цэль, астатнія ўпалі ў поле (гэтыя ракеты не адрозніваюцца асаблівай дакладнасцю, таму што ствараліся пад ядзерныя боегалоўкі).
На думку аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, ракетны абстрэл служыў пераважна прапагандысцкім мэтам. З-за вялікай колькасці выпушчаных ракет і складанай іх камбінацыі ўкраінская СПА спрацавала горш, чым пры папярэдніх атаках, а збіваць «Кінжалы» Украіна пакуль не ўмее. Адну з дзвюх абяцаных сістэм СПА «Patriot» Украіна ўжо атрымала, але яна пакуль не разгорнутая.
***
Паводле інфармацыі ўпраўлення выведкі Мінабароны Брытаніі, горад Бахмут, за які ўжо шмат месяцаў ідуць кровапралітныя баі, ператварыўся ў свайго роду «зону смерці», што робіць вельмі праблематычнай для наймітаў з групы «Вагнер» задачу прасунуцца ў ім калі-небудзь далей.
У сваёй штодзённай зводцы аб ходзе расійска-ўкраінскай вайны брытанская выведка паведамляе, што за апошнія чатыры дні расійскія найміты змаглі ўзяць пад кантроль большую частку Усходняга Бахмута, у той час як Узброеныя сілы Украіны трывала ўтрымліваюць захад горада, падзеленага рэчкай Бахмутка. Пасля таго, як украінцы знішчылі галоўныя масты праз гэтую рэчку, лінія фронту стала праходзіць па ёй, гаворыцца ў зводцы.
«Паколькі ва ўкраінскіх падраздзяленняў ёсць магчымасць весці агонь з умацаваных будынкаў на захад ад ракі, гэты раён ператварыўся ў "зону смерці", што, верагодней за ўсё, стварае надзвычай вялікія праблемы для сіл "Вагнера", якія спрабуюць штурмаваць "у лоб" у заходнім кірунку», — пішуць аналітыкі брытанскай выведкі.
У той жа час яны адзначаюць, што ўкраінскія сілы і іх маршруты забеспячэння на заходнім кірунку застаюцца ўразлівымі для спроб расійцаў ахапіць абаронцаў горада з паўночнага і паўднёвага флангаў.
У сваю чаргу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) у сваёй апошняй справаздачы аб ходзе баявых дзеянняў паведамляе, што расійскія сілы прасунуліся на новыя пазіцыі ў паўночна-заходняй частцы Бахмута ў 800 метрах ад Арцёмаўскага завода па апрацоўцы металаў (АЗОМ). Пры гэтым расійскія крыніцы сцвярджаюць, што баевікі ПВК «Вагнер» ужо зайшлі непасрэдна на тэрыторыю АЗОМ, адзначаюць аналітыкі.
У ISW таксама лічаць, што лабавыя атакі на гэтае прадпрыемства, верагодна, абыдуцца сілам «Вагнера» вельмі дорага.
***
Жыхары акупаванага Мелітопаля паведамляюць пра больш за 10 гучных выбухаў у паўночнай частцы горада. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў мэр горада Іван Фёдараў.
Цяпер больш падрабязнасцей няма, уся інфармацыя ўдакладняецца.
Мясцовы ТГ-паблік «РІА-Мелітопаль» таксама піша пра магутныя выбухі ў населеным пункце. Паводле папярэдніх звестак, яны гучаць на паўночным захадзе ад Мелітопаля. Іх чуваць ва ўсіх раёнах.
«Многія вырашылі, што гэта наступ УСУ. Акупанты ў расійскіх тэлеграм-памыйніцах тое, што адбываецца, пакуль не каментуюць. Аб'яў пра вучэнні рашыстаў і хвалёнай працы СПА не было», — дадае «РІА-Мелітопаль».