100-годдзе БНР: час менеджэраў, а не палітыканаў
Не варта злавацца на аргкамітэт Дня Волі, які перасварыўся праз дылему шэсце/канцэрт. Прынамсі мы ўбачылі, што ў іх найлепш атрымліваецца трэці сцэнар — гістарычная рэканструкцыя. Сваркі паміж лідарамі, як вядома, былі адным з фактараў фіяска БНР…
Насамрэч, зараз адбываецца адна вельмі цікавая штуковіна, якую мы не заўважаем праз хайп вакол #БНР100. Па-першае, мы ўпершыню ўбачылі ў анлайн рэжыме, як праходзяць перамовы апазіцыйных лідараў перад важнай дзвіжухай. Раней былі адно пытанні ўголас: «Ну чаму яны не могуць дамовіцца?» «Дзе адзіны кандыдат?» і г.д. А зараз ўсё ясна: яны не дамовяцца ніколі, бо не хочуць, бо такія, якія ёсць.
Па-другое, апроч звінавачванняў, экспрэсіі, гучных хлопанняў па сталу (Станіслаўскі сказаў бы: «Веру!»), на тым памятным аргкаме прагучала адна цудоўная фраза. «Дык што мне пісаць у фэйсбуку?!» — гэта голас таго, хто кліча ў пустыні, то бок Паўла Белавуса. Таленавіты і крэатыўны менеджэр, магчыма, упершыню трапіў на сход апазіцыйных бонзаў і… наўпрост не зразумеў усіх гэтых езуіцкіх фармулёвак пра стасункі перамоўнай і працоўнай групаў, шматпавярховыя галасаванні і зацверджанні — гэтага ўсяго.
Па-трэцяе, увесь гэты бардак на аргкаме , выплеснуты дзякуючы інтэрнэту на нас з вамі, нарэшце падштурхне людзей думаць і заклікаць ужо не да аб’яднання ўсіх з усімі, але да поўнай змены фармату. Частка так званых лідараў мае наўпрост сыйсці на пенсію, перастаць прымаць рашэнні альбо рабіць выгляд, што іх прымае. Бо гэта ўжо сапраўды нагадвае тэатр з акторамі, якія максімальна ўжыліся ў свае ролі: «лідар камітэту», «лідар руху», «сакратар партыі» і г.д.
А побач ёсць сапраўдныя менеджэры і адмыслоўцы ад працы ў СМІ — Белавус, Матолька, Пальчыс — якім нават месца за перамоўным сталом не хапіла. Гэта іх час, іх свята, іх слухаюць людзі, яны маюць новыя ідэі і шляхі іх рэалізацыі. Карацей, лідары — яны, а не генералы папяровых структураў з трох з паловай чалавек (адзін з якіх абавязкова апынецца камуністам ці сябрам НОД — самі разумееце, кадравы крызіс).
Справа ў тым, што 100-годдзе БНР стала ўсяго толькі лакмусавай паперкай нашай рэчаіснасці. Час палітыканаў, якія бачылі сябе рэпрэзентантамі народнай думкі, немінуча сыйшоў. Надыходзіць час менеджэраў і блогераў, інжынераў грамадскай думкі. Сітуацыя з грашыма на шыльду БНР на вул. Валадарскага, якія былі сабраныя за тры гадзіны без аніякіх грантаў і дапамогі невядома каго «з-а бугра» — яскравае таму сведчанне. Народ можа і хоча падтрымліваць нацыянальныя праекты, але дасць толькі тым — каму верыць.
Калі мы хочам, каб 25 сакавіка сапраўды было падобным на свята, куды не страшна прыйсці з дзяўчынай альбо дзецьмі, куды не трэба браць у заплечніку “джэнтэльменскі набор” для Акрэсціна, калі хочам, каб гэты дзень застаўся светлай і сонечнай старонкай нашай гісторыі — ідзем 25 сакавіка да Опернага на канцэрт.
Калі ж хочам паблукаць па цэнтры горада кампашкай у складзе 300 чалавек, пакрычаць перад аб’ектывамі, паслухаць акустычны выступ аднаго барда, бо ніхто як заўжды не паклапаціліся пра калонкі — падтрымаем фармат шэсця. Такі сцэнар цалкам пад’ёмны, чаму не? Толькі ў гэтым выпадку, лавачку пад шыльдай «бел-апазіцыя» можна будзе зачыняць ужо назаўжды: апошні перад выхадам хай згасіць святло.
НЧ. Меркаванне рэдакцыі не заўжды супадае з меркаваннямі аўтараў