Знявага як экспертная ацэнка

Нядаўна цэлы шэраг беларускіх СМІ са спасылкай на допіс краязнаўцы Аляксандра Абрамовіча ў Фэйсбуку апублікаваў інфармацыю пра каштоўную знаходку ў вёсцы Студзёнкі Нясвіжскага раёна: пра камень, на якім выбіты запіс Адама Міцкевіча, зроблены вялікім паэтам у альбоме гаспадыні маёнтка падчас яго візіту ў гэтыя мясціны.

2020_05_02_volha_siamaszka_kamien_abramovicz_1_1.jpg


Аднак праз некаторы час «Архэ» і «Будзьма» апублікавалі матэрыял «“Легендарны камень Міцкевіча” — фейк. Але павяліся на яго многія», аўтар якога Інэса Кур’ян падвергла сумневу сенсацыйнасць знаходкі. Безумоўна, спадарыня І. Кур’ян мае права выказаць сваё меркаванне, хоць пра якую навуковую дыскусію аб сапраўднасці камяня можа ісці гаворка, калі ні знаходка краязнаўцы, ні кантэкст, які звязаны з гэтай знаходкай, не даследаваліся спецыялістамі. Цытую І. Кур’ян: «Ніхто ў коле экспертаў ніколі не шукаў пацвярджэння гэтай легенды». Гэтак актыўна настойваючы на неабходнасці навуковага падыходу да аналізу фактаў, сама аўтар публікацыі чамусьці спрэс гэтыя факты ігнаруе, заяўляючы пра тое, што ніякай навуковай каштоўнасці «камень Міцкевіча» не мае. Падобныя абвінавачванні павінны мець дакументальную доказную базу.

У «экспертным» артыкуле І. Кур’ян прыведзены толькі адзін канкрэтны факт — назва вёскі. І тая пададзена недакладна.

Але я хачу звярнуць увагу на зусім іншы аспект публікацыі спадарыні І. Кур’ян. На аспект, які не належыць навуковаму дыскурсу, а тычыцца праблемы, як мне здаецца, больш глабальнай — абразы і знявагі чалавека, які шмат, шчыра і самааддана працуе на беларускую справу: «дамарослы краязнаўца», «варта пакласці гэты камень у сваім агародзе і расказваць пра яго сваёй сям’і байкі». Аляксандр Абрамовіч працуе слесарам (!) на цукровым заводзе ў Гарадзеі. Краязнаўствам займаецца не за аклад, не дзеля славы, ступеняў і званняў, не за «гранты». А. Абрамовічу належыць шмат цікавых знаходак —  помнік Віктару Каліноўскаму, таксама ўдзельніку паўстання 1863 года (Віктар Каліноўскі — зводны брат Ежы Каліноўскага, абвешчанага каталіцкай царквой святым), метрыкі а А. Надсана, шматлікія фотаздымкі яго бацькі, фотаздамыкі, дакументы, якія тычацца Ул. Жылкі, помнікі яго сваякоў (svaboda.org, svaboda.org, nn.by).

Слесар цукровага завода знаходзіць у Польшчы продкаў В. Каліноўскага etc. Знаходкамі Абрамовіча скарысталася Т. Зэн, даследчыца творчасці паэта срэбранага веку Георгія Іванава (Студзёнкі некалі належалі бацьку Г. Іванава). Аляксандр Абрамовіч знайшоў і шмат чаго іншага. Паўтаруся: не за аклад, не за гранты і ступені.

Трапіліся А. Абрамовічу звесткі пра наведванне Студзёнак А. Міцкевічам, звесткі пра так званы камень Міцкевіча: успаміны Ежы Каліноўскага — зводнага брата пахаванага ў Студзёнках Віктара Каліноўскага. Таксама звесткі пра «камень Міцкевіча» пададзены ва ўспамінах І. Адоеўцавай, жонкі Г. Іванава. Добра ведаючы гісторыю роднай вёскі, лакацыю гістарычных аб’ектаў, Абрамовіч нядаўна знайшоў у старым склепе камень з надпісам, які супадае з запісам у альбоме гаспадыні маёнтка. Напісаў пра сваю знаходку ў ФБ — падзяліўся радасцю. Заўважым, ён не пісаў пра тое, што гэта «легендарны камень» і т.п. Паўтару: чалавек проста падзяліўся радасцю ад знаходкі. Ступень легендарнасці камяня краязнаўца не ацэньваў.
Аляксандр Абрамовіч звярнуўся да спецыялістаў з просьбай пра дапамогу ў расшыфроўцы подпісу. Напісалі пра гэта сродкі масс-медыя. І тут у адрас А. Абрамовіча прагучала згаданае абвінавачванне ў містыфікацыі і фальсіфікацыі. Маўляў, няма навуковых доказаў. Дык А. Абрамовіч і звярнуўся да спецыялістаў па дапамогу. Калі ласка, прыязджайце, даследуйце, дапамажыце захаваць. Рабочая сітуацыя. Але пасля словаў «дамарослы краязнаўца», «варта пакласці гэты камень у сваім агародзе і расказваць пра яго сваёй сям’і байкі» рукі апусцяцца нешта рабіць. Паўтару яшчэ раз — чалавек не на акладзе, не на грантах. Лічу, што такім людзям трэба гаварыць «дзякуй» і ўсімі сіламі дапамагаць, заахвочаваць і падтрымліваць.


Ёсць пытанні да абвінаваўцы ў «фэйкавасці». Цытата: «Ва ўзгаданым матэрыяле мы маем дачыненне з усімі знакамі вельмі сумнеўнай верагоднасці». Які матэрыял абвяргае І. Кур'ян? Допіс ў ФБ пра знойдзены камень з надпісам? Ёсць заключэнні эспертаў, што гэта падробка?
Далей — больш гучныя абвінавачванні. Аказваецца, менавіта А. Абрамовіч, «дамарослы краязнаўца», па словах І. Кур’ян, вінаваты ў «адсутнасці павагі да гуманітарных каштоўнасцяў, засмечванні гуманітарнай прасторы сумнеўнай, ненавуковай факталогіяй», «ігнараванні важкасці гуманітарных навукова-даследчых устаноў, скарачэнні акадэмічных тэм разам з супрацоўнікамі».
Зрэшты, можна парадавацца за А. Абрамовіча, бо ягоны допіс у ФБ, згодна з І. Кур'ян, прачытаў «увесь беларускі народ»: «…з размахам заяўляць гэта ўсяму беларускаму народу». Трэба вызначыцца: А. Абрамовіч — «дамарослы краязнаўца» ці валадар думак «усяго беларускага народа»?
Адносна іроніі з нагоды мары А. Абрамовіча стварыць музей сваёй вёскі. Як было б хораша, каб у кожнай нашай вёсцы быў свой краязнаўчы музей. Менш было б манкуртаў.
І яшчэ. Наконт закідаў журналістам у пагоні за лайкамі. Публікацыі ў СМІ — не навуковы кантэнт. СМІ, згодна са сваёй функцыяй, павінны інфармаваць грамадскасць. Што яны і зрабілі.