Ждановіч-Маляваныч пра сустрэчу з Качанавай: «Там было тры з паловай гадзіны проста ваніты»
«Жыццё-маліна» пагутарыла з Аляксандрам Ждановічам, які больш вядомы ў якасці лепшага сябра ўсіх беларускіх дзяцей Маляваныча. Фрагменты гутаркі прыводзіць «Салідарнасць».
Званне народнага артыста, Качанава і ваніты
Я атрымаў у 2013 годзе ордэн Скарыны, і ёсць такая
дамоўленасць, што праз 5 гадоў падаюць на званне. Я ніколі не займаўся гэтай
кар'ерай, не займаўся гэтымі справамі, таму, напэўна, пра мяне забыліся, яно б
так і вісела да 2020 года.
І гэта праўда, што летам 2020 года мае дакументы падалі
на званне. Дарэчы, гэта быў такі шантаж, я хадзіў на сустрэчу, дзе спачатку
павінен быў быць прэзідэнт. Там сабралі ўсю эліту культурную, а потым
патэлефанавалі і сказалі, што дзякуй богу будзе не прэзідэнт, а Качанава.
Я не быў такі пушысты, я быў чалавекам сістэмным, і мне
таксама хацелася нейкага перніка, і я пайшоў. А там было тры з паловай гадзіны
проста ваніты.
36 год у тэатры, звальненне і 33 артыкул Канстытуцыі
Ніякіх высокіх эмоцый ад звальнення я не адчуваў. Чамусьці
мне здавалася, што адбываецца нешта, што павінна адбыцца, а тады ты спакойны.
Адно, канечне, я можа не з тых артыстаў, я не магу жыць без сцэны — гэта маё
жыццё, дыханне.
Мяне шмат што цікавіць у жыцці: я пісаў вершы, я маляваў і
малюю, тэлебачанне, я працаваў з дзецьмі рознымі, і з дзецьмі з інтэрнатаў з
асаблівасцямі, і, можа, ў гэтым бачыў сваю місію, таму я дзіўлюся, чаму
звальненне мяне не вельмі чапае. Адно толькі, што без сцэны будзе губляцца нейкі
ўзровень.
Жонка, вялікае каханне і ліст да Лукашэнкі, каб ён пакаяўся
З жонкай быў 31 год. Жыць з такім чалавекам, як Люда, было
вельмі адказна, і я магу сказаць, што я не адпавядаў гэтаму. Калі Люды не
стала, я разумеў, што гэты экзамен не вытрымліваю, цяжка жыць з чалавекам, які
жыве па Евангеллі амаль.
Ёсць досвед такі, што калі чалавек сыходзіць, ты бачыш яго ў
поўным аб'ёме. Усе, хто яе ведалі, яны не маглі быць абыякавымі да яе. Я
дзівіўся момантамі, яна была крыху блажэнная, вось у яе не было ніякіх
аўтарытэтаў, яна магла сказаць каму заўгодна што заўгодна, калі яна лічыла, што
мае на гэта права. І гэта стварала не вельмі прыемныя сітуацыі.
Люда тапіла за Лукашэнку калісьці, гэта такі праваслаўны
трэнд – усякая ўлада ад бога. Яна казала, што Лукашэнка адкрывае храмы, мы з
дзецьмі з ею спрачаліся, казалі, што ён забойца, знішчае. Яна так напружылася,
падумала, потым пайшла і напісала яму ліст, каб ён пакаяўся, калі гэта праўда. Гэта ж яна рабіла сур'ёзна, вось
узровень.