Вяртанне «Пана міністра»
На сцэне Тэатра юнага гледача адбылася прэм’ера адноўленай пастаноўкі п’есы геніяльнага беларускага драматурга Францішка Аляхновіча «Пан
міністр».
Таго самага Аляхновіча, які на некалькі дзесяцігоддзяў апярэдзіў Аляксандра Салжаніцына. Дакументальная аповесць «У кіпцюрох ГПУ» (1937), якую ён напісаў, вырваўшыся з гэтых
кіпцюроў, адразу была перакладзена на 7 моваў і расказала свету пра зверствы сталінскай сістэмы.
На сцэне Тэатра юнага гледача адбылася прэм’ера адноўленай пастаноўкі п’есы геніяльнага беларускага драматурга Францішка Аляхновіча «Пан
міністр».
Таго самага Аляхновіча, які на некалькі дзесяцігоддзяў апярэдзіў Аляксандра Салжаніцына. Дакументальная аповесць «У кіпцюрох ГПУ» (1937), якую ён напісаў, вырваўшыся з гэтых
кіпцюроў, адразу была перакладзена на 7 моваў і расказала свету пра зверствы сталінскай сістэмы.
«Пан міністр» быў надрукаваны раней — у 1924 годзе, і ўзнік як своеасаблівы памфлет на выбарчую сістэму міжваеннай Польшчы: тады Аляхновіч жыў у Вільні. А напісана
п’еса ў 1922-м, адначасова са знакамітымі купалаўскімі «Тутэйшымі». Але яе пасыл застаецца верным для таталітарных і аўтарытарных сістэм усіх часоў і народаў. Гісторыя пра
тое, як свінабой Філімон Пупкін вырашае ўсімі праўдамі і няпраўдамі зрабіцца міністрам. Як абвяшчае афіша: «Міністра культуры! Не… Міністра асветы! Не — лепш міністра
фінансаў», — разважае Пупкін. Але для дасягнення мэты яшчэ трэба прыдумаць псеўданім, стварыць сабе адпаведны імідж, трапіць на старонкі газет і «прапіярыцца» як
след. На гэтым фоне разгортваюцца і любоўныя інтрыгі, бо Пупкін надта любіць маладзенькіх дзяўчат…» Але ж — знаёмы сюжэт!
За пастаноўку ўзяўся рэжысёр Уладзімір Савіцкі, цяперашні мастацкі кіраўнік Тэатра юнага гледача, які доўгі час працаваў у Купалаўскім тэатры, дзе паставіў такія спектаклі, як «Беларусь у
фантастычных апавяданнях», «Балада пра каханне» паводле «Альпійскай балады», «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Сны аб
Беларусі». Пераўвасобленыя зонгі — а гэта п’еса-фарс музычная — абнавіў Лявон Вольскі, каб надаць ім па задуме рэжысёра сучаснае гучанне. У ролі Пупкіна выступае
актор Аляксандр Палазкоў, у дзеі таксама задзейнічаны заслужаны артыст Беларусі Леанід Улашчанка, акторы Мікалай Лявончык, Міхаіл Казлоў, Наталля Гарбаценка, Таццяна Чардынцава, Юлія Смірнова.
Лёс творчай спадчыны, як і самога Аляхновіча, трагічны. Драматурга 3 сакавіка 1944 года ў акупаванай немцамі Вільні забілі двое невядомых — ці то агенты ГПУ, ці то польскія спецслужбы. Ён
быў аднолькава не даспадобы як тым, так і іншым. На першай пастаноўцы «Пана міністра» ў Мінску 22 чэрвеня 1943 года ў гарадскім тэатры чэкісты здзейснілі няўдалы замах на гаўляйтара
Вільгельма Кубэ: загінулі мірныя людзі.
Вяртаннем «глыбокай і метафізічнай», па вызначэнні Уладзіміра Арлова, спадчыны Аляхновіча на беларускую сцэну ў 1990-я займаўся малады таленавіты рэжысёр Мікола Трухан. І заўчасна
сышоў з жыцця пасля пастаноўкі апошняй п’есы Аляхновіча «Круці не круці — трэба памярці».
«Пан міністр» ужо ставіўся ў новай Беларусі па-за сталічнай сцэнай — у Маладзечне, Слоніме, Баранавічах. У Мінск спектакль вяртаецца ўпершыню за больш чым паўстагоддзя.
Наступныя спектаклі — 23 сакавіка, 6 і 15 красавіка на сцэне Дома літаратара, якую часова арэндуе Тэатр юнага гледача. Спектакль, зразумела, для разумных дарослых людзей. Яшчэ адна яго
мэтавая група — беларускі савет міністраў амаль у поўным складзе.
Дамо слова рэжысёру-пастаноўшчыку: «У гэтым творы няма станоўчага персанажа, як у Гогаля. Там ёсць смех, і гэты смех гратэскавы. Адсюль жанр — фарс. Такія персанажы ўзнікаюць на
зломе часу, калі ўсё неўладкавана, калі згублены арыенціры і зніжаны планкі. І колькі не распавядай пра гэта, усё адно гісторыя паўтараецца, зноў узнікаюць хвалі пены і бруду, і на іх ізноў паўстае
ваяўнічая пасрэднасць, якая пачынае дыктаваць усё і ўсім, зацягваючы сваімі трызненнямі і фантазіямі астатніх у вір».