Тапак у форме беларуса
У Польшчы пашылі рыззяную ляльку па матывах "Дзікага палявання" Уладзіміра Караткевіча.
Польская перакладчыца беларускай літаратуры Малгажата Бухалік падзялілася з чытачамі сваёй старонкі ў фэйсбуку арыгінальным набыткам. Лялькай з рыззя, якая выяўляе беларускага селяніна. Вось толькі лялька не простая, а з падтэкстам.
... Ёсць у "Дзікім паляванні караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча знакаміты хорар-эпізод, нагадвае Бухалік, якая нядаўна скончыла пераклад кнігі:
"Словам, гэта быў пакой тых «добрых старых часоў», калі паны разам з хлопамі збіраліся ў адну залу і сядзелі зімовымі вечарамі пры вогнішчы. Пані і чалядніцы пралі, пан гуляў з хлопцамі ў «дваццаць пальцаў» або ў косці. Ах, ідылічныя старыя часы! І куды, нашто вы толькі зніклі? Праўда, той самы пан мог, калі змерзнуць у засадзе ногі, адаграваць іх у вантробах хлопа, якому ўчора прайграў у косці, але ж гэта глупства, на гэта зважаюць толькі сентыментальныя хлюпікі"...
Што праўда, у некаторых беларускіх выданнях і ў англійскім перакладзе гэты абзац абрываецца на слове "зніклі". Але ў польскім перакладзе ён прысутны. Больш за тое, даведаўшыся пра хуткае выданне свайго перакладу, эксцэнтрычная Бухалік замовіла мастакам этнічную ляльку.
Калі разгарнуць мужычку кашулю, ён ператвараецца ў тапак, якім гаспадар лялькі можа грэць ногі. Праўда, па чарзе, бо тапак адзін.
Студыя, якая ўвасабляла незвычайную ідэю, назвала беларускі тапак "самай моцнай замовай месяца".
"Дзікае паляванне..." — другі раман Караткевіча, пераствораны Бухалік. Пераклад кнігі "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" быў выпушчаны выдавецтвам "Oficyna21" у мінулым годзе.