Штучны інтэлект і культура: у сеціве з'явіліся песні на вершы беларускіх класікаў, створаныя ШІ

Праект «Vierszniki» спрабуе ствараць музыку на беларускія вершы пры дапамозе нейрасетак. Штучны інтэлект становіцца ўсё больш папулярным інструментам, але ён пакуль што яшчэ не вельмі адаптаваны для беларускай мовы.

vierszniki_hero.jpg

У інтэрнэце з'явіўся праект «Vierszniki», у межах якога публікуюцца песні, створаныя пры дапамозе штучнага інтэлекту на вершы класікаў беларускай літаратуры.

— На вершы беларускіх паэтаў напісаныя дзясяткі і сотні вядомых песень. У розныя часы нават ствараліся адмысловыя праекты-трыб'юты, прысвечаныя, напрыклад, Ларысе Геніюш ці Уладзіміру Караткевічу. Але застаюцца яшчэ тысячы вершаў, якія не так вядомыя беларусам. Мы вырашылі з дапамогай музыкі і штучнага інтэлекту паспрабаваць папулярызаваць некаторыя з іх, — кажуць аўтары праекта.

Усе кампазіцыі зробленыя ў выглядзе відэа-ролікаў з музыкай і тэкстамі вершаў адмыслова для «Tik-Tok» і іншых платформ з кароткімі відэа. Ужо выкладзеныя песні на вершы Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц і Анатоля Сыса. Неўзабаве з'явяцца творы яшчэ васьмі аўтараў.

— Сучасныя інструменты штучнага інтэлекту для працы з голасам яшчэ не вельмі добра працуюць з беларускай мовай, таму ў песнях можна заўважыць пэўныя фанетычныя хібы. Але мы маем надзею, што мадэлі будуць удасканальвацца і мы зможам працягнуць праект у яшчэ больш якасным выглядзе, — дадаюць аўтары праекта «Vierszniki».

Паглядзець відэа «Vierszniki» можна на старонках праекта ў «TikTok» і на «YouTube».

Штучны інтэлект сапраўды не вельмі добра працуе з беларускай мовай. Неяк «Новы Час» правёў такі эксперымент: мы папрасілі «Chat GPT» напісаць вершы па-беларуску. 

Атрымалася штосьці кшталту вось такога тэксту:


Верш пра палітвязьняў


На засланне ў сёлетах,

Даўгія дні і ночы.

Думкі бродзяць, марыўкі

Ад ладана да зорачкі.


Хай наша зямля свабоднай

І здымае з нас кайданы,

А пакутні дзень прыйдзе,

Будзем жыць з надзеяй дзейны.


Нішчыцца надзея ў вайне,

Жыцьцё дарагаценнае.

Некаторым памірці ў гонары,

Але воля жывае вечнае.

Больш дасканала ШІ працуе з выявамі. Мы неаднаразова звярталіся да гэтага інструменту, каб паглядзець, як штучны інтэлект бачыць беларускую гісторыю, культуру і падзеі сучаснасці. Атрымалася даволі няблага. Нейрасеткі стваралі выявы беларускіх сялян і шляхты, знакамітых бітваў кшталту Грунвальдскай, а яшчэ штучны інтэлект маляваў для нас выявы беларускіх святаў.

Акрамя таго, нейрасеткі дапамагаюць нам асэнсоўваць актуальныя падзеі. Напрыклад, вось тут можна паглядзець, як сучасныя тэхналогіі бачаць абсурдныя ідэі і заявы чыноўнікаў.