Святлана Алексіевіч абраная віцэ-прэзідэнткай Міжнароднага ПЭН-клуба

На кангрэсе Міжнароднага ПЭНу ў Маніле Святлана Алексіевіч абраная віцэ-прэзідэнткай гэтай арганізацыі, піша Радыё Свабода са спасылкай на старшыню Беларускага ПЭНу Таццяну Нядбай, якая бярэ ўдзел у кангрэсе.

aleksievich_logo_1.jpg

Апрача Святланы Алексіевіч віцэ-прэзідэнтамі былі абраныя таксама Архан Памук (Турцыя), Элена Панятоўска (Мексіка), Люіса Валенсуэла (Аргентына), Францыска Сіаніль (Філіпіны).
Кандыдатуру Святланы Алексіевіч прадстаўляла прэзідэнтка Нямецкага ПЭНу Рэгула Вэнске, расказала Свабодзе Нядбай. Некалькі разоў з трыбуны Кангрэсу гучалі словы «Беларусь» і «беларуская пісьменніца», хаця і з пазначэннем, што піша на рускай.
«Па-нашаму віцэ-прэзідэнты — гэта інстытут ганаровых старшыняў, — расказала Нядбай Свабодзе. — Але ў нас ганаровым старшынём можна стаць толькі прайшоўшы прыступку старшыні, а ў Міжнародным ПЭНе „ганаровым“ можна стаць таксама і такім чынам — праз галасаванне дэлегатаў Кангрэсу. Ганаровыя старшыні сваім аўтарытэтам умацоўваюць аўтарытэт арганізацыі і такім чынам таксама „прамаўляюць“, што падзяляюць каштоўнасці і місію гэтых арганізацыяў — у дадзеным выпадку ПЭНу».
85-ы кангрэс Міжнароднага ПЭНу праходзіць у сталіцы Філіпінаў Маніле, на ім сабраліся больш за 200 чальцоў «Клюбу паэтаў, эсэістаў і раманістаў».
Святлана Алексіевіч — сябра Беларускага ПЭНу ад 1989 года. У ліку яе ўзнагародаў прэмія ад Шведскага ПЭНу — у 1996 годзе яе ўзнагародзілі «за адвагу і годнасць у літаратуры». У 2015 годзе Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію «за шматгалосную творчасць — помнік пакутам і адвазе ў наш час».
ПЭН-клуб — міжнародная праваабарончая няўрадавая арганізацыя, якая аб'ядноўвае прафесійных пісьменнікаў, паэтаў і журналістаў. Мэтай арганізацыі з'яўляецца садзейнічанне творчаму супрацоўніцтву пісьменнікаў усяго свету і іх аб'яднанню для падтрымкі «людзей слова», якія церпяць ганенні і пераслед. Арганізацыя падтрымлівае пісьменнікаў, якія знаходзяцца за кратамі, якія церпяць матэрыяльныя цяжкасці, альбо замоўчваюцца палітычнымі рэжымамі, якія ўдзельнікі клуба вызначаюць як рэпрэсіўныя.
ПЭН-клуб быў заснаваны 5 кастрычніка 1921 года ў Лондане па ініцыятыве английскай пісьменніцы Кэтрын Эмі Доўсан-Скот і пісьменніка Джона Галсуорсі, які стаў першым кіраўніком клуба.
Кіруючы орган ПЭН-клуба — міжнародная рада, у якую ўваходзяць прэзідэнт, што пераабіраецца кожныя два гады, генеральны сакратар, скарбнік і 7 членаў, якія прадстаўляюць ПЭН-цэнтры розных краін. Прэзідэнт ПЭН-клуба ў цяперашні час — амерыкана-мексіканская аўтарка Джэніфер Клемент.