Пакручасты лёс беларусаў: развагі максімаліста
У выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет кніга прозы Васіля Жуковіча «Арабінавая ноч». Яна стала новым выпускам серыі «Кнігарня пісьменніка» ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Васіль Жуковіч выступае ў літаратуры збольшага як паэт, аўтар баек, эпіграм, гумарыстычных вершаў. Нямала кніг аўтар выдаў для дзяцей: зборнікі загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зборнікі вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998. На рахунку паэта — і шэраг зборнікаў песняў (музыка беларускіх кампазітараў), і нават лібрэта оперы-казкі “Пра тое, што было”.
Кніга прозы “Арабінавая ноч” заснаваная на жыццёвым досведзе аўтара. Найбольш старонак тут прысвечана апавяданням побытавага характару, але празаік не канцэнтруецца на жыцці пэўнай вёскі альбо на апісанні пэўнага часу: у творах падаюцца эпізоды з даваеннага жыцця заходнебеларускай вёскі, гады нямецкай акупацыі і вывазу беларусаў у Нямеччыну, сталінскія гады ў Мінску, моладзь шасцідзясятых, а таксама і нашыя часы 2000-х.
Жанрава “Арабінавая ноч” адрозніваецца пэўнай разнастайнасцю: у кнізе прадстаўленыя і творы малафарматныя – абразкі і апавяданні, вылучаныя ў асобны раздзел, – і больш аб’ёмная аповесць “Пасланне ў іншасвет, альбо Развагі максімаліста”. Яна пабудаваная як ліст лірычнага героя да памерлага дзядулі, у лісце раскрываецца ўвесь пакручасты лёс беларуса ў час гістарычных выпрабаванняў для краіны: няпростыя сямейныя стасункі, уцёкі з выгнання і працы ў нямецкага баўэра і вяртанне на Радзіму.
Празаічныя творы Васіля Жуковіча друкаваліся ў літаратурнай перыёдыцы, у тым ліку ў часопісе “Дзеяслоў” і дадатку да газеты “Новы Час” “Літаратурная Беларусь”, але кнігай выходзяць упершыню з 1980 года.