На Гомельшчыне прайшоў фэст традыцыйнага ткацтва (фота)

Фэст традыцыйнага ткацтва «Кросенцы» прайшоў у мястэчку Неглюбка, што ў Веткаўскім раёне Гомельшчыны. Неглюбскія ручнікі — гэта своеасаблівы брэнд беларускага ткацтва.


dsc_0112.jpg


Выстава знакамітых неглюбскіх ручнікоў, конкурс нацыянальных беларускіх страваў, майстар-класы і тэматычная фотазона — такую праграму прапанавалі наведнікам арганізатары.
Паводле загадчыка філіі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Пятра Цалкі, вельмі важна, што ткацкае свята праходзіць менавіта ў Неглюбцы:
— Свята ручніка альбо фестываль ткацтва — гэта было і ў Гомелі, і ў Ветцы, і ў Ляскавічах. Але ў пералічаных месцах няма нейкага стрыжня, на якім гэта ўсё будзе трымацца. А вось у Неглюбцы для такой падзеі якраз маюцца ўсе ўмовы. Ужо цягам сотняў год традыцыя ткацтва тут не перарываецца. То бок, калі ў большасці вёсак і мястэчак Беларусі ткацтва пасля вайны яшчэ бытавала, а ў васьмідзясятыя гады яно зусім заціхла, то ў Неглюбцы ж гэта не спынялася ні на дзень, працягваецца і ў 21 стагоддзі.
Неглюбскія ручнікі — гэта своеасаблівы брэнд беларускага ткацтва. Створаныя рукамі мясцовых ткачых ручнікі неаднаразова атрымлівалі залатыя медалі на міжнародных выставах. Амерыканскі Метраполітэн-музей прыдбаў некалькі ўзораў неглюбскіх ручнікоў для сваіх фондаў.



“Радыё Рацыя”