«Мой сябар жырафа» — у пяцёрцы лідараў мінскага кінапракату

Цягам першых дзён пракату нідэрландскі фільм «Мой сябар жырафа» ў беларускай агучцы сабраў у кінатэатрах сталіцы каля трох тысяч гледачоў і ўвайшоў у топ-5 самых наведваемых фільмаў уікэнду.

sjabr_zyraf_060920171450.jpg


Паводле дадзеных УП «Кінавідэапракат», фільм «Мой сябар жырафа» увайшоў у пяцёрку самых наведваемых фільмаў у перыяд з 30 жніўня па 2 верасня. На стужку «Мой сябар жырафа» прыйшлі каля трох тысяч. гледачоў. Ён апынуўся адзіным беларускамоўным фільмам у топ-5, дзе кампанію яму склалі карціны «Гогаль: страшная помста», «Мэг: монстар глыбіні», «Крышталь» і «Альфа».

«Мой сябар жырафа» пачаў сваё падарожжа па Беларусі з Віцебска. Пасля паспяховага старту ў Мінску пракат фільму працягнецца ў іншых гарадах краіны. Наступным будзе Брэст — там паказы пройдуць з 6 па 9 верасня.

У Мінску пракат агучанага па-беларуску фільма пра незвычайнае сяброўства першакласніка Дзікечэ Дапа і гаворачага жырафа па імені Раф, знятага паводле твора нідэрландскай казачніцы Ані Шмідт, працягнецца да 12 верасня ўключна.

Да 5 верасня фільм можна будзе пабачыць у кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Дом кіно», «Кіеў», «Мір», «Кастрычнік», «Піянер», «Ракета», «Салют», «Цэнтральны», Falcon Club, а таксама ў кінатэтрах сеткі Silver Screen, уключаючы velcom cinema. З 6 па 12 верасня фільм «Мой сябар жырафа» будзе ісці ў кінатэатрах «Аўрора», «Беларусь», «Кіеў», «Мір» і «Ракета». У кінатэатрах «Дом кіно» і «Піянер» апошнія сеансы стужкі пройдуць 8-9 верасня. Пасля завяршэння пракату фільм з’явіцца на платформе анлайн-TV VOKA – у спецыяльным раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску», які даступны для прагляду падпісчыкам пакета «VOKA відэа».

Фільм перакладзены і агучаны па-беларуску ў рамках праекта «Беларускія ўікэнды» кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom.

У межах праекта «Беларускія ўікэнды», які рэалізуецца кампаніяй «Кінаконг» пры падтрымцы velcom, вядомыя прадстаўнікі тэатра і кіно Беларусі бяруць удзел у перакладзе і агучцы на беларускую мову рознапланавых замежных фільмаў, якія затым дэманструюцца ў шырокім пракаце. Сярод іх — «Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб», «Маленькі прынц», «Форэст Гамп», «Шторм», «Жонка аглядальніка заапарку», «Кніга Ілая», «Таямніца Келза», «Таемнае жыццё Уолтэра Міці», «Рыбка Поньё» і «Падымаецца вецер». Цяпер калекцыю папоўніць і новы фільм з Нідэрландаў «Мой сябар жырафа». Гэта трэцяя па ліку стужка, якую, як і «Маленькі прынц» і «Шторм», пакажуць не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах краіны.

Квіткі на паказы можна набыць анлайн і ў касах кінатэатраў. За навінамі праекта сачыце на сайтах kinakong.by і velcom.by.