LEIBONIK выступіў пашыраным складам (+фота і відэа)

У мінскім паб-клубе «Графіці» 9 красавіка выступіў у акустыцы праект LEIBONIK.

2017_04_09_leibonik_volha_kasabuckaja__dsc5265_logo.jpg

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Гэтым разам LEIBONIK быў у злёгку пашыраным складзе: Сяргей Башлыкевіч (вакал, гітара), Ганна Рубчэня (вакал), Андрусь Канаплёў (бян), Міхаіл Міхайлоўскі (гітара).

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Праўда, адначасова на сцэне знаходзілася ад 1 да 3 чалавек, так што квартэтам LEIBONIK пакуль не стаў.


Сяргея я ўпершыню пачула жыўцом у лагеры абаронцаў Курапатаў, пры знакамітай “бочцы годнасці”. Не адразу звязала бардаўскія творы, якія ён там выконваў, з “рэперскім серыялам”, што весяліў байнэт апошнія гады (кліп рэпера Вожыка (Змітра Зайко) з Сянна, на які Сяргей Башлыкевіч зрабіў “дыз” — дызрэспект, потым Angst (Віталь Рыжкоў) — рэпер, паэт і рэдактар сайту budzma.by у адной асобе — зрабіў дыз на абодвух, і вось байнэт чакае працягу, усё як у сапраўднай Санта-Барбары).

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Як распавёў Сяргей Башлыкевіч, рэперскі і бардаўскі накірункі яго творчасці развіваюцца паралельна, але ў бліжэйшы час дызу Angst не будзе: “Рыжкоў так добра зрабіў, што не ведаю, што і адказаць”.

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

З Віталём LEIBONIK сябруе, у рэпертуары праекта ёсць песня на ягоны верш.


Амаль год не выступаўшы, LEIBONIK “выходзіць са спячкі”. На пытанне аб значэнні назвы праекту Сяргей толькі хітра ўсміхнуўся і запрасіў прыходзіць на канцэрты, дзе часам пра гэта распавядае, а ў каментарах журналістам — ні-ні. Магчыма, у межах праекту будзе нешта “рэпавацца”, ён пазіцыянуецца як міжстылёвы.


Ганна Рубчэня спявае і ў народнай манеры, таму LEIBONIK часам бярэ для прыпеву словы традыцыйных песень, а куплет піша Сяргей, пераасэнсоўваючы народны сюжэт. Такім чынам зробленыя песні “Зялёная вішня”, “Сокал”.


Сяргей Башлыкевіч распавёў, што яшчэ ёсць “сезонныя” песні, і акурат перад Вялікаднём, на Вербніцу, LEIBONIK выканаў “Жачкі”. У песні асэнсоўваецца народны звычай дзіцячага абыходу двароў на Вялікдзень. Малыя выконвалі песенькі, а іх за гэта частавалі.

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

“Жакаванне” застаецца да сённяшняга дня жывой традыцыяй некаторых раёнаў заходняй Беларусі, у тым ліку Ашмянскага, дзе жыве бабуля Сяргея. У паўночнай і ўсходняй Беларусі на Вялікдзень “у валачобнікі” ходзяць дарослыя гурты. Да “сезонных” песень адносіцца і “Купала на Івана”, якую Ганна з Сяргеем чамусьці даўно не выконваюць, — цалкам на народны тэкст.

Высветлілася, што і метал-музыка барду Башлыкевічу не чужая. У адной з песень ёсць радкі “Божанька, дай мне памерці пад Металіку, дазволь, каб мне Motorhead з калоначак зайграў”. А “Надакучылі барды, дастала Нірвана, стану растаманам” сведчыць пра яшчэ большую шырыню музычных густаў.


Сярод песень LEIBONIK ёсць “сур’ёзныя”, “калягістарычныя”, а ёсць, як кажа сам Сяргей, “пра жыццё”. Апошнія, у сваю чаргу, дзеляцца на “для жанчын, што жыццё ўжо пабачылі”, і “для дзяўчат, што яшчэ не, але хочуць паглядзець”. Валік Бойка, сябра-паэт, неяк пракаментаваў: “Сяргей, у цябе такія песні бязглуздыя, на вось табе яшчэ мой вершык”.

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

У некаторых песнях — адсылка да класікаў: аповеду “Пакуль гарыць свечка” Уладзіміра Арлова і Купалавага верша “Хлопчык і лётчык”. Ёсць “Ашмянскі цыкл” (Сяргей Башлыкевіч родам з Ашмянаў). Песні адтуль бадай на мяжы між “сур’ёзнымі” і “пра жыццё”: вёска парадная, касцельная і штодзённая. Некаторыя творы напісаныя на трасянцы, як прызнаецца Сяргей, пад уплывам гурта “РАЗБІТАЕ СЭРЦА ПАЦАНА”. Напрыклад, пра актывіста БРСМ, які “без любві дзевчачʼей прападае” і “хацел паздравіць з днём международным жэнскім, а ты сказала: “Не махай білетам членскім”.

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Leibonik. Фота Алены Ляшкевіч

Публіка таксама гумарыла ва ўсю. Перадавала цыдулкі з пытаннямі кшталту: “Калі будзе канцэрт у прыстойным месцы? Хачу прывесці дзяцей” і “Калі перастанеш посуіць у Інсце коціка?” На апошняе Сяргей распавёў кранальную гісторыю, як у коціка быў свой уласны Інстаграм, але яго нехта скраў. “Якім трэба быць бессардэчным, каб скрасці інстаграм у коціка!” Ад пытання, пра тое, калі будзе альбом, Сяргей элегантна адмазаўся: “Кожны год казаў, што альбом будзе налета. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся”.

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

Leibonik. Фота Вольгі Касабуцкай

У далейшых выступах LEIBONIK плануюцца новыя эксперыменты.

Відэа Алены Ляшкевіч