Новы суд і той жа сведка. Як судзілі Рамана Васільева
У судзе Савецкага раёна
разглядаецца адміністратыўная справа паводле артыкула 23.34 КоАП (парушэнне
правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў) у адносінах да актывіста Рамана
Васільева.
Перад слуханнямі Раман распавёў, як трохі здзівіўся, калі ў СІЗА №1 яму перадалі позву ў суд. (Нагадаем, яго затрымалі на некалькі дзён па “справе патрыётаў”). Раман паведаміў, што хацеў бы атрымаць штраф, але гатовы маральна і фізічна (ён сабраў торбу з рэчамі для адбыцця пакарання у ізалятары) да арышту. Балазе, цягам года Раман ужо двойчы прыцягваўся да адказнасці паводле артыкула 23.34 КоАП.
Справу Рамана Васільева разглядаў суддзя Аляксандр Волк.
Раман хадайнічаў пра ўдзел у разглядзе справы адваката Вадзіма Мушынскага. Суд пагадзіўся.
Згодна з пратаколам, які паступіў у суд, 24 лютага а 15-й гадзіне Раман Васільеў парушыў усталяваны парадак правядзення пікетавання, на будаўнічай пляцоўцы выступаючы супраць забудовы Курапатаў. Цікава, што перад судом для азнаямлення Раману даслалі іншы пратакол за парушэнне 20 лютага. У сувязі з гэтым Раман заявіў:
“Віну не прызнаю, бо не разумею, у чым выявілася пікетаванне. Пратаколу за дадзены дзень не маю. Што рабіў, не памятаю. Але на тэрыторыі будаўнічай пляцоўкі я дакладна не знаходзіўся”.
Сведка супрацоўнік ТАА “Белрэканструкцыі” Антон Чайка пазнаў падсуднага і распавёў што на аб’екце на Мірашнічэнка ён бачыў, як людзі перашкаджалі працы будаўнічай тэхнікі. Паводле яго слоў, Раман Васільеў станавіўся на шляху грузавіка з пяском. Як падсудны выкрыкваў лозунгі не прыпомніў.
Цікава, што на 30 хвілін раней той жа сведка, расказваў пра тое, што бачыў ля будоўлі Вольгу Нікалайчык. Праўда, трэба прызнаць, што на пытанне ці была там Вольга дакладна, упэўненага адказу не даў. Гэта праўда не перашкодзіла суду пакараць грамадскую актывістку штрафам у 30 базавых велічынь.
“24 лютага я быў на аб’екце ўвесь дзень і увесь час былі нейкія перашкоды ў працы. Непасрэдна Васільеў удзельнічаў у жывым ланцугу, які перагароджваў праезд. Здаецца, недзе па абедзе”, — адзначыў сведка.
На пытанне адваката “Калі вы даведаліся пра прозвішча Васільева?” сведка адказаў:
“Я даведаўся ў суботу, 25 лютага. Мне распавёў пра яго супрацоўнік міліцыі. Я Васільева апазнаў па фотаздымку”.
На просьбу адваката суддзя ўдакладніў, што насамрэч згодна з дакументамі сведка Чайка даваў паказанні 24-га лютага, калі складаўся пратакол.
Суддзя таксама зачытаў
рапарт супрацоўнікаў міліцыі Шкута і Сівага. Паводле іх, Раман Васільеў
публічна выражаў пратэст супраць забудовы. У адносінах да яго складзены
пратакол 24 лютага.
Адвакат хадайнічаў пра прывод сведкаў у суд, каб дапытаць іх пра дэталі правапарушэння Рамана Васільева. Суд пагадзіўся і абвясціў перапынак да 14 гадзін.
Нагадаем, актывіст «Маладога фронту» Раман Васільеў праходзіў па “справе патрыётаў”, ён быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ па падазрэнні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў 24 сакавіка і вызвалены 1 красавіка ў сувязі з тым, што не было знойдзена падстаў для прад’яўлення абвінавачвання.
Пасля перапынку слуханне па справе аднавілася. Суддзя заслухаў сведку-міліцыянта Вячаслава Шкута:
“Грамадзяне паставілі
намёт, вывесілі бел-чырвона-белы сцяг і паставілі шыльду, што тут нельга будаваць.
Кідаліся пад тэхніку, заміналі працаваць. 20-га пашкодзілі будаўнічы плот.
24-га будаўнікі выцеснілі пікетоўцаў. Далей пікет працягваўся па-за будаўнічай
пляцоўкай, але перашкоды руху будтэхнікі працягваліся. Выкрыквалі лозунгі
супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтра”, — паведаміў сведка.
Васільеў, паводле міліцыянта, прымаў актыўны ўдзел 24 лютага і раней. Крычаў лозунгі супраць будаўніцтва, выкрыкваў праклёны, пагрозу ў бок будаўнікоў і міліцыі.
“Нягледзячы на тое, што была акцыя, што некаторыя
прыцягнутыя да адказнасці, не магу пагадзіцца, што Васільеў мусіць быць
прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці. Гэта быў сход, які меў мірны характар і
накіраваны на рэалізацыю права на выказванне свайго меркавання (арт. 33-35
Канстытуцыі Беларусі)”, — адзначыў адвакат Вадзім Мушынскі.
Канкрэтныя дзеянні Васільева 24-га лютага, паводле адваката, не ўстаноўлены. Усе сведкі давалі паказанні агульнага характару. У сувязі з гэтым адвакат прасіў спыніць справу.
Аднак суддзя ўсё ж палічыў Рамана Васільева вінаватым і аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь.