«Купалаўцы» пакажуць спектакль, на які ў Мінску немагчыма было купіць квіткі
Незалежная група «Купалаўцы» анансавала другі спектакль другога сезона: «Radziva Prudok» па аднайменнай кнізе Андруся Горвата.

Некаторы час Горват працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры. Улетку 2015-га ён звольніўся і з’ехаў на радзіму ў вёску Прудок. Яго запісы ў фэйсбуку, якія расказвалі аб жыцці ў Прудку, сталі збіраць вялікую аўдыторыю. Паступова з іх склалася кніга, якая выйшла ў канцы 2016 года. Яна, разам з казой цёткай і іншымі героямі, уварвалася ў 2017-м у масавую культуру і пабіла рэкорды па хуткасці продажаў: за адзін дзень прэзентацыі дадрукаванага накладу разышлося 700 асобнікаў.
У пачатку 2018-га акцёры Купалаўскага Раман Падаляка і Міхаіл Зуй знялі па матывах гэтай кнігі кароткаметражны фільм. А неўзабаве Падаляка стаў адным з пераможцаў конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый, якое аб’явіла Міністэрства культуры, і атрымаў магчымасць паставіць спектакль на малой сцэне Купалаўскага.
Прэм'ера адбылася ў тым жа 2018 годзе. Спектакль карыстаўся папулярнасцю, на яго было немагчыма дастаць квіткі.
Ролі ў новай пастаноўцы выканаюць тыя ж акцёры, што і на мінскіх паказах: Святлана Анікей, Дзмітрый Ясяневіч і Міхаіл Зуй.
Беларусы змогуць убачыць анлайн-версію спектакля 25 снежня на ютуб-канале «Купалаўцы». Там жа 13 студзеня можна будзе ўбачыць пастаноўку «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага. Яго прэм'ера ў афлайн-фармаце адбылася ў пачатку снежня ў Кракаве на фестывалі «Боская камедыя».