Як краязнаўца Аркадзь Падліпскі складае біяграфіі віцебскіх дамоў

Імя Аркадзя Падліпскага добра знаёмае віцяблянам. Ён шмат гадоў адпрацаваў журналістам у розных выданнях, але найбольшую вядомасць яму прынесла краязнаўчая праца.



2019_05_17_lipka_padlipski_f1_1024x683.jpg

Аркадзь Падліпскі — аўтар шэрагу даследаванняў па гісторыі роднага горада. Некаторыя ягоныя працы выдадзены асобнымі зборнікамі, у тым ліку ў серыі «Біяграфія віцебскага дома».

Апошнія выданні з гэтай серыі, прысвечаныя гістарычным будынкам Віцебска, краязнаўца прэзентаваў у віцебскай абласной бібліятэцы.

 

2019_05_17_lipka_padlipski_f2_1024x683.jpg

Пакуль гэткіх зборнікаў роўна 10, распавёў Аркадзь Падліпскі “Радыё Рацыя”:

— За 50 гадоў сваёй творчай дзейнасці я перажыў часы, калі пра гісторыю гарадоў амаль не пісалі. Вельмі цяжка было выдаць свае працы. Чамусьці не любілі тагачасныя кіраўнікі дарэвалюцыйную гісторыю! А ў мяне была ідэя зрабіць серыю кніг пра віцебскія вуліцы, плошчы, памятныя мясціны.

Потым на чарзе з’явіліся і дамы: хто там жыў, што ён сабой уяўляе як помнік архітэктуры. Стала зразумела, што ў адну кнігу ўсё не ўвойдзе, што трэба некалькі кніжак, невялікіх кніжак пра кожны дамок.

2019_05_17_lipka_padlipski_f3_1024x683.jpg

Вядома, у серыю ўвайшлі аповеды не пра кожны дом, а пра найбольш цікавыя і значныя для горада пабудовы, помнікі архітэктуры. Прыкладам, наступная кніжка ў серыі «Біяграфія віцебскага дома» будзе прысвечана гісторыі гарадской ратушы, якая з’яўляецца неафіцыйным сімвалам Віцебска.

Аркадзь Падліпскі распавёў пра гэта на чарговых занятках бясплатных курсаў «Віцебск: рэальная і папулярная гісторыя роднага горада», якія ўжо трэці год ладзяцца ў віцебскай абласной бібліятэцы. 

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі