Гістарычны музей збірае сродкі для набыцця манет XIV стагоддзя
Нацыянальны гістарычны музей Беларусі збірае сродкі для набыцця раннелітоўскіх манет XIV стагоддзя, паведамілі ў музеі.
Музей пачынае краудфандынгавую акцыю па зборы сродкаў на набыццё 9 раннелітоўскіх манет XIV стагоддзя. Гэтыя манеты маюць намінал пенязь (дэнарый) і чаканіліся ў часы Альгерда і Ягайлы, распавялі ў музеі.
Артэфакты часоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага — рэдкія рэчы, якія мала прадстаўлены ў беларускіх музеях. Між тым ВКЛ аказала моцны ўплыў на станаўленне беларускай дзяржаўнасці, культуры і мовы. У зборах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі ёсць дзве раннелітоўскія манеты. Гэта абумоўлена шэрагам прычын: па-першае, даваенныя нумізматычныя зборы музея былі амаль цалкам страчаны падчас акупацыі Мінска (1941–1944); па-другое, наклад раннелітоўскіх манет быў невялікім, і вялікая частка манет знойдзена ў апошнія дзесяцігоддзі, пасля масавага з'яўлення металашукальнікаў. На дадзены момант у сходах музея ёсць дзве раннелітоўскія манеты.
Збор сродкаў будзе адбывацца праз платформу Talaka. Кожны, хто ахвяруе грошы, у адказ атрымае пэўны бонус — ад паштоўкі да шматразовага абанемента на наведванне музея. Кошт манет складае Br7,2 тыс., акцыя будзе доўжыцца 60 дзён.
БЕЛТА, zviazda.by