Археолагі знайшлі ўнікальныя артэфакты полацкіх князёў

Двухтыднёвая археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі на беразе возера Чарсцвяды Ушацкага раёна зноў аказалася паспяховай.

Знаходкі экспедыцыі Марата Клімава

Знаходкі экспедыцыі Марата Клімава

Знойдзеныя навукоўцамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі артэфакты, верагодна, належалі полацкім князям, піша «Будзьма».

Паводле навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі кандыдата гістарычных навук Марата Клімава, беларускія археолагі трэці год запар даследуюць былую загарадную рэзідэнцыю полацкіх князёў.

— На гэты раз знайшлі рэдкую пломбу-друк, якая, магчыма, належала аднаму з полацкіх князёў, а сёння паднялі частку дзіцячай керамічнай свістулькі з выявай купала храма.


Знаходкі экспедыцыі Марата Клімава

Знаходкі экспедыцыі Марата Клімава

Чатыры гады таму прыналежнасць паселішча на беразе Чарсцвядаў полацкім князям яшчэ ставілася пад сумненне, але сёння, сцвярджаюць гісторыкі, гэта ўжо факт.

У 2019 годзе тут знайшлі кераміку XII стагоддзя, фрагменты візантыйскіх амфар, гіру для ўзважвання манет.

— Важна, што тады знайшлі і кніжную зашпільку, а кнігі ў XII стагоддзі былі толькі ў Полацку, іх перапісваннем займалася сама святая Еўфрасіння.

Раскопкі экспедыцыі Марата Клімава 

Раскопкі экспедыцыі Марата Клімава 

Калі археолагі знайшлі свістульку, выказалі здагадку, што калі тут у першай палове XII стагоддзя была рэзідэнцыя полацкіх князёў, значыць, яшчэ маленькай, да адыходу ў манастыр, тут магла бываць Еўфрасіння Полацкая. Магчыма, стаяў храм.

— Вядома, гэта толькі версія. Цяпер спрабуем рабіць рэканструкцыю, а па вяртанні з экспедыцыі трэба будзе прайсці яшчэ шэраг праверак.

Паводле budzma.org

Фота Марата Клімава