Жыхарку Мінска другі раз за год пакаралі «хатняй хіміяй» за абразу міліцыянта

Суд Маскоўскага раёна Мінска 20 снежня разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 29-гадовай касіркі Дар'і Двайных, распавядае «Вясна».

dvajnych_1.jpg

Для маці двух малалетніх дзяцей гэта ўжо не першы суд за абразу (арт. 369 КК РБ). У красавіку гэтага года жанчына ўжо была асуджаная да года «хатняй хіміі» за абразу супрацоўніка міліцыі. Характэрна, што розніца паміж часам пакідання першага каментара, за які жанчына была асуджаная гродзенскім судом вясной, і другім каментаром, за які яе судзілі ў Мінску, склала каля дзвюх гадзін.

Справу разглядала суддзя Кацярына Мурашка, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў намеснік пракурора раёна Андрэй Бугук.

Паводле абвінавачання, Дар'я Двайных у час з 21:14 да 21:54 30 кастрычніка мінулага года ў тэлеграм-супольнасці «К***кі Беларусі» пакінула каментар «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, звязанай з электаральнай кампаніяй, з пачуццём непрыязнасці да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў» пад публікацыяй аб старшым інспектары аддзела аховы правапарадку Нясвіжскага РАУС Таццяне Кульбацкай, змест якога ўтрымлівае ненарматыўную форму маўленчага выказвання і змяшчае негатыўную ацэнку пацярпелай.

Пацярпелая ў судовае паседжанне не з'явілася. У самым пачатку судовага разбору суддзя абвясціла змест даведкі, якая паступіла ў суд, згодна з якой абвінавачаная пастаўлена на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі 4 мая бягучага года. Па стане на 20 снежня жанчыне засталося адбываць 4 месяцы і 14 дзён пакарання.

Абвінавачаная прызнала віну, адзначыўшы, што не прызнае матывам сваіх дзеянняў палітычную і ідэалагічную варожасць. Фігурантка справы адзначыла, што, хоць і не мела якіх-небудзь стасункаў з пацярпелай, у дзень, калі пакінула каментар, была ў дрэнным настроі ў сувязі з тым, што яе мужа затрымалі за парушэнні прэвентыўнага нагляду.

Дзяржаўны абвінаваўца ўдакладніў у Дар'і Двайных, ці часта яна так паступае, на што жанчына адказала, што зрабіла ў той дзень два каментары, за адзін з іх ужо асуджаная судом Кастрычніцкага раёна Гродна.

Суддзя: «А непрыязнасць да супрацоўнікаў міліцыі адчувалі таму што былі ў дрэнным настроі, паколькі ваш муж быў затрыманы супрацоўнікамі  міліцыі, правільна?»

Абвінавачаная: «Але гэта ніяк не адносілася да палітыкі».

Суддзя: «Я кажу пра асабістую непрыязнасць да супрацоўнікаў міліцыі ў прынцыпе да людзей у форме праваахоўных органаў».

Пасля чаго суддзя задала ўдакладняючае пытанне: «Гэта быў публічны канал ці гэта быў закрыты канал?»

Абвінавачаная: «Я не памятаю, як я зайшла і падпісалася на яго».

Пасля пытанняў пра тое, дзе, з кім пражывае Дар'я, каму належыць кватэра і які ў яе памер штомесячнага даходу, суддзя працягнула:

«Патлумачце, Дар'я Мікалаеўна, якія высновы вы для сябе зрабілі? Ну, за год гэта другое судовае разбіральніцтва, па сутнасці, аналагічныя абставіны першаму. Якія высновы для сябе зрабілі? Мне не трэба многа-мала, мне патрэбны канкрэтны вынік...»

Як стала вядома ў ходзе абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы, справа па факце абразлівых каментароў у дачыненні да Таццяны Кульбацкай неўсталяваным колам асоб была ўзбуджана яшчэ 20 лістапада мінулага года. Пастанова аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Дар'і Двайных па дадзеным эпізодзе было вынесена 20 верасня гэтага года.

Падчас спрэчак дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд прызнаць абвінавачаную вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, часткова залічыўшы тэрмін адбытага пакарання з 4 траўня гэтага года.

Пракурор папрасіў ўлічыць наяўнасць на ўтрыманні малалетніх дзяцей у якасці змякчальных абставін, у якасці абцяжарвальнай — учыненне злачынства асобай, якая раней учыніла злачынства, а таксама здзяйсненне злачынства з матываў ідэалагічнай і палітычнай варожасці і з нізкіх памкненняў.

Адвакат абвінавачанай прасіў суд апраўдаць абвінавачаную, адзначыўшы, што грамадзяне маюць права выказваць сваё меркаванне да дзяржаўных органаў, гэта неад'емнае канстытуцыйнае права, патлумачыўшы, што ў яе дзеяннях няма складу злачынства. Абарона таксама настойвала, што ў аснову абвінаваўчага прысуду не могуць быць пакладзеныя здагадкі.

У апошнім слове Дар'я Двайных была нешматслоўная:

«Высокі суд! Прашу строга не караць, ўлічваць усе змякчальныя абставіны».

Суддзя Мурашка пастанавіла: прызнаць Двайных вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады — столькі, колькі і запрасіў абвінаваўца.