Зяленскі: слова «рашызм» увойдзе ў падручнікі
Гэта слова новае, а ўчынкі такія ж самыя, як былі 80 гадоў таму ў Еўропе, адзначыў прэзідэнт Украіны. Зяленскі назваў дзеянні расійскіх акупантаў фактычна нацызмам.
У гісторыі застанецца такое паняцце, як «рашызм». Пра гэта сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў суботу, 23 красавіка, піша korrespondent.net.
«Рашызм — гэта паняцце, якое будзе ў гістарычных кніжках, будзе ва ўмоўных вікіпедыях, застанецца на ўроках. І за партамі маленькія дзеці ва ўсім свеце будуць уставаць і адказваць настаўнікам, калі гэты «рашызм» пачаўся, на якой зямлі і хто дапамог у барацьбе за свабоду супраць менавіта гэтага страшнага паняцця», — заявіў Зяленскі на прэс-канферэнцыі ў суботу ў Кіеве.
Па словах Зяленскага, слова «рашызм» ніхто не прыдумляў, але яго паўтараюць і ва Украіне, і ў Еўропе.
«Не проста так усе кажуць, што гэта «рашызм». Гэтае слова новае, а ўчынкі такія ж самыя, як былі 80 гадоў таму ў Еўропе. Таму што за ўсе гэтыя 80 гадоў, калі вы прааналізуеце, на нашым кантыненце такіх варварстваў проста не было», — сказаў Зяленскі.
Ён таксама адзначыў, што дзеянні расійскіх акупантаў — гэта нацызм.
«Тое, што яны рабілі — забівалі, катавалі, усё, што яны рабілі з дзецьмі, маленькімі, гвалт з маленькіх дзяцей, згвалтаванні, усё, што адбывалася, — гэта з'яўляецца нацызмам», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.