За парушэнне правоў дзяцей чыноўнікі патрапяць у санкцыйны спіс ЕС
Да службовых асобаў, якія ўдзельнічаюць у
незаконных адабраннях дзяцей з сям'і, будуць прымяняцца санкцыі Еўрапейскага
Саюза. Пра гэта паведаміў Мікалай Халезін, адзін з каардынатараў альянсу
беларускіх дыяспар Global Belarus.
Зараз у ЕС ідзе другі раўнд перамоваў — фармуюцца новыя санкцыйныя спісы, у якія ўвойдуць не толькі высокія кіраўнікі, але й звычайныя выканаўцы. У спісах ужо каля 800 імёнаў, па кожным праводзіцца верыфікацыя — якія менавіта законы парушыў чыноўнік.
Ёсць некалькі груп, якія займаюцца складаннем спісаў. Некаторыя з іх прымаюць матэрыялы ад звычайных людзей, як правіла праз робата ў телеграме альбо форму на сайце (напрыклад, тут https://mihck.info/node/1003). Частку спісаў фармуюць праваабарончыя і грамадскія арганізацыі.
У асноўным у спісы трапляюць кіраўнікі структур, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях, суддзі, а таксама прапагандысты і выканаўцы.
«Мы адсочваем усе выпадкі ціску на бацькоў праз дзяцей», — кажа Мікалай Халезін.
Статыстыка ціску на сем'і ад Савета міністраў
Як раней паведамлялася, віцэ-прэм'ер І.Петрышэнка прыстрашыў бацькоў, каб не бралі дзяцей на акцыі пратэсту. "Бягучая сітуацыя дыктуе неабходнасць узмацнення жорсткасці мер", — заявіў віцэ-прэм'ер у эфіры БТ. Адпаведныя даручэнні дадзены Міністэрству адукацыі, Мінюсту і МУС.
Прэсслужба Савета Міністраў, цытуючы Петрышэнку, паведамляла, што «на разглядзе (знаходзяцца) каля 280 адміністрацыйных справаў пра парушэнні непаўналетнімі правілаў паводзін і ўдзелу ў несанкцыянаваных мітынгах». Таксама, паводле яго словаў, на відэа зафіксаваныя каля 20 бацькоў, якія ўдзельнічалі ў акцыях з дзецьмі. «Ні адзін так званы бацька» не пазбегне адказнасці, дадае віцэ-прэм'ер. Акрамя таго, яшчэ 26 бацькоў, якія былі на мітынгах з дзецьмі, ужо прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Варта звярнуць увагу, што ціск на сям'ю віцэ-прэм'ер Петрышэнка (ён жа старшыня Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці) прыпадносіць як клопат пра дзяцей. Такім чынам, не даводзіцца разлічваць на паразуменне паміж дзяржадміністрацыяй і сем“ямі.
Куды глядзіць пракурор?
Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры А. Падвойскі ў эфіры СТВ паведаміў, што тых бацькоў, якія ўдзельнічаюць у акцыях з дзецьмі, запрашаюць на гутарку ў пракуратуру. А калі яны не прыслухаюцца, то дзецьмі будуць займацца органы апекі, якія «могуць разглядаць пытанне сацыяльна небяспечнага становішча дзіцяці». Папярэджанні атрымалі ўжо больш за 100 бацькоў і дзяцей, кажа А. Падвойскі.
Як абараніць дзяцей?
Як мінімум трое дзяцей падчас вераснёўскіх акцый ужо былі разлучаныя з сем'ямі і змешчаныя ў прытулак. Гэта дзеці Наталлі Сняжковай ў Гомелі і Алены Лазарчык ў Мінску.
За дзяцей Наталлі Сняжковай заступіўся Сусветны саюз старавераў. «Выступаючы ад імя шматмільённай супольнасці старавераў па ўсім абліччы зямлі, патрабуем неадкладнага вызвалення захопленай сям'і Сняжковых. Мы будзем сачыць за іх лёсам, аказваць ім усякую магчымую прававую і матэрыяльную дапамогу», — гаворыцца ў звароце.
Дзеці былі вернутыя сем“ям пасля перамоваў пры ўдзеле бацькоўскай грамадскасці.
Гэта далёка не першыя спробы адміністрацыі ціснуць на бацькоў праз дзяцей. Пачынаючы з 2011 года беларуская бацькоўская супольнасць рэгулярна падымала праблему. Сустракаліся з міністрам адукацыі С. Маскевічам, пасля з М. Жураўковым — усё безвынікова. У 2016 годзе быў накіраваны калектыўны зварот ва ўрад (https://mihck.info/node/654).
Усё змянілася, калі інфармацыя аб неабгрунтаваных адабраннях дзяцей патрапіла ў Даклад па Канвенцыі аб правах дзіцяці, у справаздачы для спецдакладчыкаў ААН і іншыя міжнародныя дакументы.
У выніку ўрад пайшоў на саступкі, і ў 2017—2019 гадах незаконных адабранняў было значна менш.
У заканадаўстве Беларусі не ўстаноўлена адказнасць чыноўніка за парушэнне правоў дзіцяці. Прыцягнуць вінаватых да адказнасці досыць складана. У сувязі з гэтым, зварот у міжнародныя інстанцыі — найбольш эфектыўны (а часта і адзіны) спосаб абараніць нашых дзяцей.