З віцебскага тэатра, дзе адмянілі спектакль «Ціль», звальняюць акцёраў
Акцёрам Віцебскага нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Якуба Коласа, занятым у спектаклі «Ціль», не падаўжаюць кантракты, паведамляе «Еўрарадыё».
Акцёрам не патлумачылі прычыну, з якой з імі
скасоўваюць кантракты. Прычыну адмены спектакля акцёрскаму складу таксама не
растлумачылі.
З тэатра звальняюць акцёраў Арцёма Герака, Анжэлу Баркоўскую і Юлію Крашэўскую. Наконт астатніх дакладнай інфармацыі пакуль няма.
Як паведамлялася раней, прэм'ера спектакля «Ціль» пра адважнага правадыра галандскіх гёзаў, якія змагаліся супраць тыраніі, адбылася ў Нацыянальным акадэмічным драмтэатры Віцебска 21 лістапада. Адразу пасля прэм'еры пастаноўку знялі з паказаў. Дырэктара тэатра Аляксандра Старых спачатку выклікалі ў Мінск, пасля чаго звольнілі.