Вы — наша Украіна
«Украіна нам нічым не дапамагла», — кажа, рыдаючы, старэнькая, у якой няма сваякоў і нічога не засталося ад дома. «Ну як жа, колькі ўсяго валанцёры прынеслі», — спрачаецца Мімоза Давыдаўна. «Усё дзякуючы вам. Вы — наша Украіна».
Марыупаль нельга назваць фарпостам украінства. Тут амаль не чуваць і не відаць украінскай мовы. Нават на занятках па патрыятычнаму выхаванню для ўдзельнікаў марыупальскай самаабароны па-украінску размаўляла толькі выкладчыца і хіба адзін-два чалавекі з болей чым дваццаці слухачоў.
Таццяна Міхайлаўна, украінскі філолаг, якая чытала лекцыю на тэму «Мова — душа нацыі», была ў захапленні ад аўдыторыі — такога станоўчага водгуку, па яе словах, яна ніводнага разу не адчувала за дзевятнаццаць гадоў працы ў марыупальскім універсітэце. Ніводнага разу за дзевятнаццаць гадоў. Аўдыторыя ў гэтым факце, які так цешыў выкладчыцу, убачыла хутчэй нагоду для расчаравання.
Цю!
Патрыятычная сімволіка, якую развешвае горад, ужо далёка не так актыўна псуецца ненавіснікамі, як паўгода таму, калі я быў тут мінулым разам, але і сваёй для гараджанаў яна не стала. Яе вельмі рэдка можна сустрэць на мінаках, у машынах, на балконах і будынках прыватных установаў. Адкрыта яе дэманструюць толькі байцы добраахвотніцкіх батальёнаў і чальцы мясцовай самаабароны. Калі раптам сустракаеш яе на звычайных грамадзянах, яна рэзка кідаецца ў вочы, успрымаючыся як выклік.
Значак на ўкраінскім партыёце
На вуліцы ўжо не пачуеш гнеўных размоваў пра «бандэраўцаў», хаця тлумачэнне гэтаму можа быць рознае. Ці то яны аказаліся не такімі ўжо страшнымі, ці то гараджане адчуваюць боязь перад уяўнымі рэпрэсіямі з іх боку за нядобранадзейнасць. Зрэшты, калі чалавека з стрэльбай зачапіць баяцца, фразы кшталту «як ужо надакучыла гэтая Украіна», «Украіна нам нічога не дала», «Украіна ў нас толькі забірае» і да т.п. пачуць можна, і вельмі часта.
Пакуль яшчэ мірны Марыупаль
Распаўсюджанасць антыўкраінскіх настрояў адмаўляе хіба генеральны дырэктар ахметаўскага заводу «Азоўсталь» Энвер Цкіцішвілі. Паводле яго словаў, Рінат Ахметаў літаральна выратаваў горад, у прыватнасці, праз мэтанакіраваную палітінфармацыю сярод завадчанаў. Ім, маўляў, доўга і ўпарта тлумачылі, што не варта глядзець у бок Расіі, трэба трымацца Украіны, і яны ўрэшце ўсё зразумелі. Падмацоўваючы словы захаваннем працоўных месцаў, нягледзячы на крызісную сітуацыю, і нават ростам заробкаў.
На гэтую вясёлкавую карціну Сяргей, рабочы з «Азоўсталі», рэагуе па-марыупальскі: «Цю!». Ён сцвярджае, быццам прадпрыемства завінавацілася яму ажно 15 тысяч грыўняў, а яму сям’ю карміць, праз што ён пайшоў да начальніка і прыстрашыў яго зажыгалкай, каб той аддаў грошы. Начальнік даў яму тысячу грыўняў, потым, мабыць, выклікаў міліцыю і па дарозе дадому Сяргея скруцілі.
«Няхай хоць Куала-Лумпур сюды прыходзіць»
Сяргей таксама расказаў, што ў Шырокіна на адваяваных «апалчэнцамі» пазіцыях украінскіх вайскоўцаў нібыта знаходзяць «нямецкія каскі і сцягі», то бок, «хлопцы з ДНР» робяць слушную справу, ваюючы з нацыстамі, як ваявалі іхныя дзеды. Ён сам падумваў аб тым, каб пайсці ў армію, бо там як быццам плацяць лепей, але за «нацыстаў» ваяваць не хоча, а за ДНР не наважваецца. Ці не наважваецца сказаць, што хацеў бы. Вайну трэба спыніць, не варта баяцца, што «апалчэнцы» пойдуць на Кіеў, далей за Харкаў не пойдуць, Харкаў аддаваць не трэба, Марыупаль таксама не трэба, Украіна мае быць адзінай і непадзельнай, а як тое зрабіць, калі перастаць супраціўляцца, Сяргей не ведае.
Менавіта такой, блытанай і няпаслядоўнай, з'яўляецца і пазіцыя самога Ахметава. Аляксандр, старшы майстар завода ім. Ілліча, кажа, што Ахметаў усё яшчэ мае вялізны ўплыў на працаўнікоў, і сапраўды можа настроіць рабочых сваіх заводаў пэўным чынам пры жаданні. Але праз дваістасць свайго стаўлення да вайны на Данбасе толькі ўносіць сумятню ў іхныя розумы. У брыгадзе Аляксандра з сямідзесяці чалавек, гаворыць майстар, Украіну падтрымліваюць недзе пятнаццаць, астатнія ўскладаюць свае спадзевы на Расію. Ці абумоўлена гэта эканамічнай мэтазгоднасцю? Не, кажа Аляксандр. Яны прадаюць сваю прадукцыю збольшага ў Еўропу і ЗША, і толькі палову коксу атрымліваюць з Расіі. Таму з боку рабочых гэта хутчэй «гуманітарны» выбар. Прычым, што цікава, многія з іх адначасова плануюць уцёкі з гораду на выпадак прыходу ДНР у Марыупаль.
Аляксандр пасмейваецца троху з рабочых, але і сам гаворыць, што яму ўжо настолькі ўсё роўна, што «няхай сюды хоць Куала-Лупур прыходзіць, абы грошы нармальныя плацілі». Яшчэ з год таму Аляксандр атрымліваў каля тысячы — тысячы двухсот долараў. У сувязі з драматычнымі падзеямі на Данбасе спачатку знізіліся аб'ёмы вытворчасці, а разам з імі заробак, потым ад яго засталося з камарову жменю праз дэвальвацыю грыўны. Цяпер майстар атрымлівае жалю вартыя грошы — каля 140 долараў у месяц.
Сапраўдныя героі
На самай лініі фронту, пад гукі кананады, гэтае «няхай хоць Куала-Лумпур» набывае пагрозлівае гучанне. Тым болей што, паводле дадзеных выведкі, якімі падзяліўся са мной Яўген, баец батальёну «Кіеў-2», у марыупальскім падполлі чакаюць свайго часу паўтары тысячы чалавек. Гатовых у патрэбны момант выступіць са зброяй у руках, калі асноўныя сілы ўкраінскіх абаронцаў выйдуць з гораду, каб супрацьстаяць наступу, які распачнецца для адцягвання ўвагі. Зрэшты, калі вораг абыйдзецца без хітрыкаў і проста ўдарыць у лоб, даць яму адлуп няма чым.
Так сцвярджае не толькі Яўген, але і байцы іншых батальёнаў, якіх я апытваў. Надзеі няма ніякай, гавораць яны, застаючыся тут насуперак яе адсутнасці.
«Не разумею, калі мяне пытаюцца, чаму я гэта раблю. А як яшчэ? Іншай краіны ў нас няма і за нас ніхто гэтага не зробіць», — кажа Яўген.
Гатовыя памерці байцы, безумоўна, заслугоўваюць павагі, але для мяне не яны галоўныя героі сённяшняга Марыупаля. Месца, дзе, як кажа марыупальская журналістка Юлія Гаркуша, «у адзін момант усё можа скончыцца». Яе маці ладную частку жыцця адпрацавала на атамным ледаколе «Ленін» у Мурманске, па 11 месяцаў не бачачы нічога вакол, апроч ледзяной пустыні. Цяпер яна атрымлівае пенсію ў памеры тысячы грыўняў — меней за 50 долараў па цяперашнім курсе. Пры гэтым «строіць» усіх на сваёй вуліцы ў прыватным сектары на Левым беразе.
«Да Пуціна захацелі? Ну патэлефануйце ў Крэмль, няхай ён дашле за вамі верталёт, выражуць ваш участак зямлі і перанясуць куды-небудзь у Магадан. Не, не падабаецца? Чаго ж так? Магадан — гэта самая сапраўдная Расія і ёсць», — кажа Вера Іванаўна.
Сённяшні Марыупаль запомніцца мне выхавацелькамі, нянечкамі і медсёстрамі дашкольнага санаторыя «Айбаліт», які цяпер працуе часткова як дзіцячы дом і прытулак для дзетак бежанцаў з зоны баявых дзеянняў. Чысты, утульны, упрыгожаны. Дасюль стаіць перад вачыма карціна, калі дзеткі радасна танчаць з выхавацелькай у музычным класе, а зусім недалёка бабахаюць мінамёты і «Грады». І яшчэ Таццяна Пятроўна, галоўны бухгалтар дашкольнага санаторыя, якая прымала нас і вельмі прасіла неяк дапамагчы — не ім, а забытаму дзіцячаму дому ў Данецку для дзяцей з ВІЧ.
Дзеці санаторыя "Айбаліт"
Ці Мімоза Давыдаўна, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Арджанікідзаўскага раёну Марыупаля, дзе размяшчаюцца бежанцы з Шырокіна. «Украіна нам нічым, нічым не дапамагла», — кажа, рыдаючы, старэнькая жанчына, у якой няма сваякоў і нічога не засталося ад дома. «Ну як жа не дапамагла, згадайце, колькі ўсяго вам валанцёры прынеслі», — спрачаецца Мімоза Давыдаўна. «Гэта ўсё дзякуючы вам. Вы — наша Украіна», — гаворыць бабулька.
Прыйшла памаліцца за нашу Украіну
Як і па ўсёй астатняй краіне, чальцы Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату не сядзяць склаўшы рукі. Цяпер у Марыупаль пераехала Данецкая епархія, на выездзе з Данецку машына епіскапа Сергія была абстраляная. Падобна на тое, што за ёй адмыслова сачылі. Такім чынам прарасійскія баевікі далі царкве найвышэйшую адзнаку за яе ўдзел ва ўкраінскай справе. Хаця ў чатырохсоттысячным Марыупалі знаходзіцца ўсяго тры іхных прыхода, яны з'яўляюцца адной з найбольшых дабрачынных арганізацый. Адных бяздомных і бежанцаў яны кормяць да ста чалавек у дзень. На ўсіх гатуе 81-гадовая бабуля, этнічная грачанка з паходжання. Раз на тыдзень яна таксама звычайна робіць варэнікі, якія святар потым развозіць па блокпастах. Агулам марыупальская царква перадала тоны рознай дапамогі. Дапамагаюць яны не толькі вайскоўцам, але і Таварыству інвалідаў, і «Фонду дапамогі дзецям Данбаса», які апекуецца тымі, хто не трапіў у спісы Фонда Ріната Ахметава, і некалькім дзіцячым дамам сямейнага тыпу.
Сталовая пры царкве
Калі айцец Уладзімір прывёз нас на службу ў батальён «Святой Марыі», туды прыйшла дзяўчына гадоў дваццаці з выгляду. У яе трымцелі рукі, яна была ўся збялелая. Як потым высветлілася, Тамара, якой насамрэч дваццаць сем, адна выхоўвае васьмігадовага сына, а ейный бацька памірае ад рака. Яна кажа, што для першапачатковага лячэння бацькі, якога вельмі любіць, мусіла б прадаць усё, што мае, застацца ні з чым. Дзяржава нічым дапамагчы не можа. Праз адчай Тамара сама цяжка захварэла — нервовая сістэма не вытрымала. На лячэнне таксама патрэбныя немалыя грошы. А тут яшчэ вайна... Кожны выбух, нават проста кожны ўзброены чалавек выклікаюць у яе шокавую рэакцыю.
«Прыйшла прасіць за бацьку, бо няма каго болей прасіць. І памаліцца за нашу Украіну», — кажа Тамара.
На шчасце, Тамара сустрэла людзей, якія паспачувалі ёй, абнялі і далі троху грошай на падарунак яе сыну (яна сказала, што купіць яму энцыклапедыю, бо ён вельмі цікаўны). Тамара ўся прасвятлілася і сказала на развітанне: «Калі Украіна выстаіць, гэта адбудзецца дзякуючы простым людзям, якім не ўсё роўна. Тым, хто бачыць вакол сябе людзей, а не абстрактныя адзінкі».
Фота Зміцера Галко і Косімы Атанассіа