Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 40 базавых велічыняў
Суд Дзяржынскага раёна (па месцы рэгістрацыі журналісткі) прысудзіў Вользе Чайчыц штраф у памеры Br 920 (40 базавых велічыняў) за анлайн-трансляцыю з Барысава.
Разглядаў справу суддзя Крупец Сяргей Мікалаевіч.
18 сакавіка ў Барысаве была запланаваная пратэстная акцыя, якая ў выніку так і не адбылася, але пры гэтым міліцыянты затрымалі журналістаў «Белсату» Вольгу Чайчыц і Сяргей Кавалёва, што збіраліся асвятляць падзею.
Пазней на Вольгу Чайчыц быў складзены пратакол паводле арт. 22.9 (незаконны выраб прадукцыі СМІ) КаАП РБ. У якасці сведак абвінавачвання на судзе выступілі міліцыянты, якія праводзілі затрыманне.
«Адзін з міліцыянтаў па прозвішчы Якімовіч, сказаў: яго асабіста абурыла, што скрыншоты з трансляцыі разышліся па сацыяльных сетках, і яго ўбачылі ўсе знаёмыя ў горадзе. Ён жа дадаў, што на момант, калі пачалася трансляцыя, ужо паступіў загад затрымаць нас», — гаворыць Вольга Чайчыц.
Журналістка падкрэсліла, што падчас перапынку ў судзе вядучая спецыялістка установы Дар’я Уварава забараніла рабіць фота і здымаць відэа, чым, паводле слоў Чайчыц, парушыла яе правы і дзейнае заканадаўства.
Раней Вольгу Чайчыц аштрафавалі на 25 базавых велічыняў за стрым з пратэстнай акцыі ў Віцебску 25 сакавіка.
У канцы мінулага тыдня дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы ініцыявала кампанію па падтрыманні журналістаў каналу, якія трапілі пад рэпрэсіі ў выглядзе затрыманняў і судоў.