«Вясна»: За ўключаную песню «Муры» пад Акрэсціна двух хлопцаў трымалі ў карцары ў нечалавечых умовах

У першай палове кастрычніка каля Акрэсціна затрымалі двух хлопцаў, якія пад сценамі ізалятара ў машыне ўключылі песню «Разбуры турмы муры». Былы арыштант, якому давялося пазнаёміцца з адным з затрыманых, распавёў «Вясне», што хлопцаў трымалі ў карцары ў нечалавечых умовах.

nepv4ylnuicxlbghl4unka.jpg

Пра хлопцаў амаль няма ніякай інфармацыі. Вядома толькі, што аднаму з іх каля 25 гадоў і на іх было складзена мінімум па два пратаколы. На пачатак лістапада яны знаходзіліся за кратамі ўжо месяц. Іх затрымалі прыкладна ў пачатку кастрычніка за тое, што яны пад’ехалі да ЦІПа на Акрэсціна на электрамабілі Tesla і ўключылі «Муры». Ці выйшлі яны цяпер на волю — невядома. Вось што распавядае былы арыштант:

«У дзень майго вызвалення [5 лістапада], раніцай, усю нашу камеру з рэчамі вывелі і перавялі ў ІЧУ. Мяркуем, прыязджаў Кубракоў, і гэта была "паказуха" для яго (гэта па чутках, за гэтую інфармацыю я не адказваю).

Цяпер тое, што я бачыў на свае вочы: перад тым, як з ЦІПа кінуць у камеру ў ІЧУ, мы знялі абутак, тапачкі пераапрануць не паспеў, тварам уніз павялі ў камеру басанож і прывялі, як аказалася, у карцар. У карцары знаходзілася разам з намі восем чалавек. Сам карцар прыкладна 3х3 метры. Падлога бетонная. Шконку ад сцяны адшпільваць забаронена, таму затрыманыя спяць на бетоннай падлозе. У той дзень хлопцы елі без лыжак, ім не далі гарбаты.

У самой камеры цёмна, і яна нагадвае падвальнае памяшканне. Перагародкі ў туалеце адсутнічаюць. Акно можна трохі адкрыць, але сонечнае святло не заходзіць у камеру. Нельга сядзець і дакранацца спінай да сцяны, можна толькі стаяць. У камеры няма сродкаў асабістай гігіены, акрамя невялікага кавалачка мыла. Калі падчас шмона хтосьці пакіне "лішнюю" кофту — яе забіраюць.

Такіх камер, як я зразумеў, дзве. У адной з іх знаходзіцца адзін хлопец за песню, у іншым такім жа карцары — яго сябар. Акрамя гэтых хлопцаў, утрымліваліся затрыманыя яшчэ па арт. 342 КК (цяпер, хутчэй за ўсё, іх ужо перавялі ў СІЗА), а таксама з імі ўтрымліваўся мужчына за распіццё алкаголю. Так, ЦІП мне паказаўся санаторыем, у параўнанні з гэтым свінарнікам, у якім утрымліваюцца людзі».