Вярхоўны суд Тамары Сялюн: падставаў для звароту ў Канстытуцыйны суд няма
Тамара Сялюн атрымала адказ з Вярхоўнага суда, куды звярталася з мэтай ініцыяваць прапанову ў Канстытуцыйны суд па змене артыкула 175 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У адказе намеснік старшыні Калінковіч В.Л. адзначыў, што Вярхоўны суд разгледзеў зварот маці расстралянага Паўла Селюна ў межах сваёй кампетэнцыі і не бачыць падставаў для звароту ў Канстытуцыйны суд.
Нагадаем, Ленінскі суд г. Гродна адмовіў Тамары Сялюн ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы ў дачыненні да Дэпартамента выканання пакаранняў МУС РБ па факце накіравання ў адрас заяўніка спецадзення пакаранага сына Паўла Сялюн.
Таксама, і Канстытуцыйны Суд палічыў, што Тамара Сялюн для ініцыяцыі ўнясення змяненняў у Крымінальны кодэкс павінна звярнуцца ў адпаведныя органы, а не наўпрост у суд. Пасля гэтага маці расстралянага накіравала звароты усім суб’ектам, якія могуць паўплываць на ўнясенне зменаў ў Крымінальны кодэкс: прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Павел Сялюн быў прысуджаны да смяротнага пакарання і расстраляны 18 красавіка 2014. Прыблізна праз месяц пасля гэтага яго маці Тамары Сялюн была накіравана спецвопратка пакаранага, у якой ён чакаў прывядзення прысуду ў выкананне. Акрамя таго, ёй не былі паведамленыя дакладны час і месца пахавання П. Сялюн, не было выдадзена яго цела для пахавання.