Вадзім Пракоп'еў заявіў, што полк «Пагоня» існуе
Вадзім Пракоп'еў запісаў чарговы відэазварот. З яго вынікае, што беларускі полк «Пагоня» існуе. Раней пашырылася інфармацыя, што арганізацыйная група нібыта была расфармаваная. Пракоп'еў тлумачыць «вымушанае маўчанне» з пачатку красавіка тым, што «было вельмі шмат арганізацыйнай працы», распавядае «Еўрарадыё».
«Наш амбіцыйны праект полк «Пагоня» прайшоў
важны этап станаўлення, — кажа Вадзім Пракоп'еў. — Сфармаваныя камандаванне і
штаб з усімі неабходнымі службамі. Арганізавана ўзаемадзеянне і абмен
інфармацыяй з ваеннымі і палітычнымі структурамі краіны знаходжання».
Ён сцвярджае, што сфармавана каманда інструктараў, а самі
добраахвотнікі цяпер на новай базе, якая адпавядае ўсім патрабаванням. І яны «атрымалі папаўненне». Са слоў Пракоп'ева вынікае, што жадаючыя
далучыцца да палка «Пагоня» даволі доўга чакалі. «Праблемы
ранейшага заканадаўства Інтэрнацыянальнага легіёна не дазвалялі нам рухацца хутчэй»,
— так гэта тлумачыцца. Відаць, гэтыя праблемы вырашаны. Трэніровачны курс у
падраздзяленні разлічаны на 4 тыдні.
«Толькі цяпер я магу спакойна перадаць працэсы ў рукі прафесіяналаў
і заняцца іншымі стратэгічнымі рэчамі», — кажа Вадзім Пракоп'еў у
відэазвароце (раней ён называў сябе памочнікам камандзіра). Ён абяцае «рэгулярныя брыфінгі» пра жыццё і дзейнасць падраздзялення, а таксама
тое, што будуць запрошаны «акрэдытаваныя журналісты».
Пра тое, што ва Украіне пачаў фармавацца беларускі полк «Пагоня», стала вядома ў канцы сакавіка. Было заяўлена, што гэтае вайсковае фармаванне існуе ў складзе Інтэрнацыянальнага легіёна Узброеных сіл Украіны. На той час у ім было некалькі дзясяткаў чалавек, іншыя, па словах Пракоп'ева, гатовыя былі далучыцца і знаходзіліся ў Польшчы.
На той час ва Украіне ўжо дзейнічалі некалькі беларускіх груп, якія ваявалі супраць расійскіх войск. Найбольш вядомая і шматлікая — беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага, які 25 сакавіка ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны. Каліноўцы скептычна глядзелі на праект палка «Пагоня».