У сваім выбары новых кардыналаў Папа Францішак арыентуецца на будучую рэформу курыі

Застаецца менш за месяц да ўступлення ў моц рашэння Папы Рымскага Францішка аб выбары 20 новых кардыналаў. Нагадаем, што гэты анонс Папа зрабіў 4 студзень падчас традыцыйнага нядзельнага Ангелус — малітвы і пропаведзі пантыфіка для сабраных на плошчы святога Пятра паломнікаў з розных куткоў свету.



kardynaly.jpg

Гэта прызначэнне стала ўжо другім за час пантыфікату Бергольё выпадкам ўключэння новых асоб у калегію кардыналаў. У лютым 2014 года Папа прызначыў 19 кардыналаў, 16 з якіх не дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

Тым асобам, якія ўжо дасягнулі 80-гадовага ўзросту і таму не маюць права голасу на канклаве для выбару наступнага Папы, тытул кардынала прызначаецца як «ганаровы». Звычайна такі тытул даруецца духоўным асобам у якасці прызнання іх асаблівага служэння Касцёлу.

На гэты раз Папа Францішак заявіў, што агулам у калегію кардыналаў увойдзе 15 новых членаў, гэта адбудзецца падчас урачыстай цырымоніі ў Рыме 14 лютага. Такім чынам, агульная колькасць кардыналаў, якія маюць права выбару, злёгку перасягне ліміт у 120 чалавек, усталяваны Папам Паўлам VI. У цяперашні час агульная колькасць кардыналаў ва ўзросце да 80 гадоў, і таму маючых права голасу на наступных выбарах Папы, складае 110 чалавек. Зараз гэта колькасць павялічыцца да 125, прычым 31 з іх прызначаны Папам Францішкам.

Афіцыйны Ватыкан не хавае і мэты дадзенага прызначэння. Яшчэ ў снежаньскім перадкалядным звароце да кардыналаў Пантыфік рэзка раскрытыкаваў Ватыканскую бюракратыю, панаракаўшы на яе «духоўны Альцгеймер» і «тэрарызм плётак». Такім чынам, бягучае прызначэнне новых кардыналаў звязана і з будучай рэформай Рымскай курыі.

У цяперашні час сярод 110 кардыналаў, якія маюць права голасу, 33 з’яўляюцца членамі курыі — гэта складае 30 працэнтаў ад усяго канклава кардыналаў. Пасля 14 лютага да іх дадасца толькі адзін з новапрызначаных і, такім чынам, агульны працэнт кардыналаў-членаў курыі істотна ўпадзе. З прычыны гэтых назіранняў наўрад ці можна сцвярджаць, што будучую рэформу курыі Папа бачыць ва ўзняцці аўтарытэту яе членаў, або ў сур’ёзнай змене яе кадравага складу. Хутчэй за ўсё, на лютаўскай кансісторыі гаворка пойдзе аб пераглядзе агульнага бачання інстытуту Рымскай курыі як такой, магчыма менавіта для гэтага і патрэбная «новая кроў» у калегіі кардыналаў.

Як і ў мінулым годзе, у сваім выбары новых кардыналаў Папа Францішак працягвае звяртацца да перыферыі. Ужо можна канстатаваць, што яму ўдалося сур’ёзна «разбавіць» традыцыйныя цэнтры царкоўнай ўлады праз наданне чырвоных капялюшыкаў кандыдатам з такіх, здавалася б, малазначных для Касцёлу рэгіёнаў і раней нават ніколі не маючых сваіх кардыналаў, як — М’янма, Каба-Вэрдэ, Тонга.

Цікаўным з’яўляецца і факт прызначэння кардыналам прадстаяцеля уніяцкай эфіёпскай каталіцкай царквы. Эфіопія — адна з самых старажытных хрысціянскіх краін, якая мае свой уласны эфіёпскі царкоўны абрад, які належыць да галіны дахалкідонскіх праваслаўных цэркваў.

У спісе новых кардыналаў няма прадстаўнікоў з ЗША, як іх не было і ў спісе леташніх прызначэнняў. Тым не менш, колькасць духоўных асобаў з ЗША ўжо прысутных у калегіі кардыналаў складае 18 чалавек. Гэта другая па велічыні нацыянальная група кардыналаў пасля самай вялікай — італьянскай, якая налічвае 48 чалавек.

Можа здацца, што пры выбары новых кардыналаў, геаграфія прадстаўнікоў з перыферыі з’яўлялася ці ледзь не вызначальным фактарам для Папы Францішка, які, нават адчуваў складанасці ў вымаўленні некаторых з іх імёнаў. Тым не менш, з 20-ці новапрызначаных кардыналаў сямёра з’яўляюцца выхадцамі з Еўропы — рэгіёну ў якім знаходзіцца град Ватыкан і ўрад Каталіцкай Царквы — Рымская курыя. Прычым трое з гэтых сямі еўрапейцаў з’яўляюцца італьянцамі. Гэта: Франчэска Мантэнегра, арцыбіскуп Агрыджэнта — сіцылійскай дыяцэзіі, якая да гэтага кіравалася біскупам, але не мела свайго кардынала з 18-га стагоддзя; Эдаарда Менікелі, арцыбіскуп К’еці-Васта — вобласці ў цэнтральнай Італіі; і амаль 89-гадовы арцыбіскуп Луіджы дэ Маджыстрыс, які на працягу 2001-2003 гг. узначальваў Вялікі Пенітэнцыярый — адзін з трыбуналаў Рымскай курыі, аднак не насіў тытул кардынала.

Прадстаўнікамі з еўрапейскіх кандыдатаў з’яўляюцца партугальскі біскуп Мануэл Жазэ Макар ду Нашсіменту Клеменці, які таксама носіць старадаўні тытул патрыярха Лісабона; іспанец, арцыбіскуп Рыкарда Бласкес Перэс, які з’яўляецца старшынём Іспанскай канферэнцыі біскупаў, вядомы як ўмераны антыпод свайму кансерватыўнаму папярэдніку, былому мадрыдскаму арцыбіскупу Антонію Марыі Роўку Варэле, які таксама мае тытул кардынала.

Асаблівую цікавасць выклікае кандыдатура французскага арцыбіскупа Дамініка Мамберці, які быў свайго роду міністрам замежных спраў Ватыкана, а на дадзены момант з’яўляецца прэфектам вярхоўнага трыбунала апостальскай сігнатуры — найвышэйшага судовага органа Каталіцкай Царквы. Такім чынам, Дамінік Мамберці з’яўляецца адзіным з новапрызначаны кардыналаў якія маюць непасрэдна прамое дачыненне да курыі і не пераўзыйшоў 80-гадовы ўзрост.

Замыкае спіс еўрапейцаў нямецкі арцыбіскуп Карл Ёзэф Раўбер, якому ў красавіку мінулага года споўнілася 80 гадоў, ён вядомы сваім служэннем ў якасці папскага нунцыя ў розных краінах.

З нееўрапейскіх вядомых духоўных асоб, выклікае цікавасць фігура хоць і памяркоўнага, але не маючага рэпутацыю яскравага дактрынальнага або палітычнага кансерватара, арцыбіскупа Джона Эчерлі Д’ю з Новай Зеландыі. Ён вядомы сваімі выступамі за дазвол асобам разведзеным, але жывучым у новым грамадзянскім шлюбе, быць дапушчанымі да сакрамэнту паяднання.

Не застаўся без прызначэнняў і такі традыцыйны для Каталіцкай Царквы рэгіён як Лацінская Амерыка, якая на гэты раз атрымала чацвярых новых кардыналаў. Двое з іх ужо дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Гэта Хасэ дэ Хесус Пім’ента Радрыгес, які ў 70-я ўзначальваў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Калумбіі, і аргентынскі арцыбіскуп Луіс Эктар Вільяльба.

Новапрызначаны кардынал Альберта Суарэс Інда — мексіканскі арцыбіскуп горада Марэлья, вядомы сваёй шырокай кампаніяй супраць наркагандляроў. У апошнія гады ў Марэльі, значна павялічылася колькасць фактаў гвалту і забойстваў, звязаных з дзейнасцю гандляроў наркотыкамі. Тытул кардынала Папа Францішак дараваў таксама Даніэлю Фернанду Стурлн Беруэ, арцыбіскупу уругвайской сталіцы Монтавідэа. Насельніцтва гэтай краіны хутка секулярызуецца, колькасць атэістаў там імкліва расце асабліва ў апошнія гады.

Такі шырокі геаграфічны спектр і розныя сацыяльныя кантэксты рэгіёнаў, куды прызначаныя новыя кардыналы, ілюструюць жаданне Папы павялічыць уплыў і аўтарытэт Касцёла ў свеце. Немалаважнай для гэтай мэты з’яўляецца і рэформа інстытутаў самой Царквы, а прызначэнне новых кардыналаў — істотны інструмент для абнаўлення яе аблічча.

Іван Кукс, КРЫНІЦА.INFO