У Курапатах узгадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
У дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка прадстаўнікі беларускай грамадскасці наведалі Курапаты.
svaboda.org
Паводле гісторыкаў, колькасць ахвяраў, пахаваных ва ўрочышчы, можа дасягаць 220–300 тысяч чалавек.
Памінальныя мерапрыемствы ва ўрочышчы пачаліся а 17-й гадзіне каля крыжа побач з сумнавядомым забаўляльным комплексам «Бульбаш-хол».
Гісторык Ігар Кузняцоў распавёў, што 28 кастрычніка ў сядзібе БНФ адбылося заключнае паседжанне Грамадскага трыбуналу па разглядзе злачынстваў сталінізму ў Беларусі, які працаваў паэтапна цягам дзесяці гадоў. У 1920—1950-гадах у Беларусі, паводле афіцыйных звестак, былі рэпрэсаваныя 600 тысяч чалавек. Паводле незалежных даследчыкаў — 1 мільён 400 тысяч. Кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі, кожны пяты — дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў. Больш за 500 тысяч былі расстраляныя, закатаваныя ў засценках НКВД, загінулі ў лагерах, паведамляе Радыё Свабода.
Грамадскасць звярнулася да ўладаў з патрабаваннем выканаць пастанову ўраду і ўсталяваць годны помнік у Курапатах, помнікі ўсім ахвярам сталінізму ў Мінску і ў іншых гарадах Беларусі. А таксама забяспечыць поўны доступ да архіваў КДБ, правесці археалагічныя раскопкі па выяўленні новых месцаў масавых забойстваў грамадзян. Таксама яны заклікаюць краіны Еўропы і былыя краіны Савецкага Саюза стварыць міжнародную ўстанову ў справе расследавання злачынстваў камунізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.