У Слоніме 1 траўня запатрабуюць адмены «дармаедскага» дэкрэта
Слонімцаў запрашаюць 1 траўня на плошчу Леніна, каб запатрабаваць поўнай адмены Дэкрэта № 3, распавёў сябра Руху «За Свабоду» Алесь Масюк.
Галоўны арганізатар акцыі — мясцовая суполка Прафсаюзу РЭП, але да яе плануюць далучыцца і іншыя прадстаўнікі мясцовай дэмакратычнай кааліцыі.
«Учора я атрымаў афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі альбо правядзення масавага мерапрыемства за акцыю 30 красавіка, на якую мы падавалі заяўку і атрымалі адмову», — распавёў сайту Pyx.by Алесь Масюк.
Падставай для вынясення папярэджання паслужыла тое, што да атрымання афіцыйнага адказу ў «Газеце Слонімскай» была апублікаваная інфармацыя пра заяўку, а таксама былі пазначаны дзень, час і месца правядзення мерапрыемства.
Па словах Масюка, ён патлумачыў у міліцыі, што пасля адмовы яны не плануюць праводзіць акцыю. Учора, дадаў актывіст Руху, быў таксама папярэджаны і актывіст РЭП Міхаіл Сашко.
«РЭП запрашаў на 1 траўня на ўдзел у афіцыйным святкаванні міжнароднага дня салідарнасці працоўных. Будзем заўтра арыентавацца па сітуацыі», — заключыў Алесь Масюк.
pyx.by