У палітвязня Дзяніса Івашына ў турме пагаршаецца здароўе

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Вольга.

218592323_4113860032025906_8755025128203047154_n.jpg

Паводле Вольгі Івашынай, Дзяніса перамясцілі ў іншую камеру, дадаўшы да яго яшчэ раней траіх маладых сукамернікаў.
«Але ў вязніцы па-ранейшаму спякота і духата, што пагаршае ягоны стан здароўя. Дзяніс заўважна схуднеў, адчувае сябе кепска ці то праз перабоі сардэчнага рытму, якія дагэтуль доўжацца, ці то праз душную камеру, куды так і не дазволілі перадаць вентылятар. І ён, і мы лічым гэтыя ўмовы фізічнымі катаваннямі!» — напісала жонка зняволенага журналіста.
Таксама яна паведаміла, што Дзяніс замовіў сабе новыя акуляры, кажа, што ранейшыя ўжо не падыходзяць. Невядома, ці сведчыць гэта пра пагаршэнне яшчэ і зроку (недахоп кіслароду мог максама выклікаць падобныя змены). Дазволу на медычнае абследаванне Івашын пакуль не атрымаў.
Журналіст-расследавальнік, аўтар «Новага Часу» Дзяніс Івашын знаходзіцца ў зняволенні ўжо 126 дзён, 45 дзён родныя не атрымліваюць ад яго лістоў. За кратамі ў Дзяніса здарыўся сардэчны прыступ.
Праваабаронцы прызналі Дзяніса Івашына палітвязнем.