«У Мінску выходзіш у краму і не ведаеш, ці вернешся дадому. У Кіеве інакш». Лекар Рустам Айзатулін эміграваў
Унікальны доктар распавёў «Салідарнасці» пра свой пераезд ва Украіну.
Рустам Айзатулін — спецыяліст, які выконвае рэдкія аперацыі.
Яго пацыентамі былі неданошаныя немаўляты, дзеці з рэдкімі спадчыннымі
нейрацягліцавымі захворваннямі.
Лекар удзельнічаў у акцыях супраць гвалту і ў маршах
салідарнасці, адкрыта выказваў сваю пазіцыю наконт таго, што адбываецца ў краіне,ў Фэйсбуку. У Дзень Волі ў Рустама арыштавалі машыну «за сімволіку і
ўдзел у несанкцыянаваным шэсці». Яго пазбавілі правоў кіроўцы на
год.
Рустам двойчы пазбавіўся працы. З 1 студзеня з ім не
працягнулі кантракт у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Бацькі асаблівых дзяцей і
пацыенты спрабавалі дастукацца да Міністэрства аховы здароўя і кіраўніцтва
цэнтра, але беспаспяхова. Калегі Рустама Айзатуліна таксама збіралі подпісы ў
яго падтрымку.
— Пасля таго, як ліст трапіў да дырэктара, было агучана:
калі подпісы трапяць куды-небудзь яшчэ, падпісанты будуць звольненыя, —
распавядаў доктар.
У другі раз Рустам звольніўся з 3-й гарадской дзіцячай
клінічнай бальніцы Мінска на знак салідарнасці са звольненым галоўным урачом
бальніцы Максімам Ачарэтнім.
Пасля звальнення Рустам працаваў спецыялістам па адаптыўным дзіцячым фітнесе ў адным з медыцынскіх цэнтраў.
— Лекарам мяне б нікуды не ўзялі. Працы было шмат: усе мае пацыенты
да мяне ішлі, загружанасць была вялікая, на месяц наперад былі распісаны
кансультацыі.
Нядаўна Рустам Айзатулін пераехаў з Мінска ў Кіеў.
— Ці варта было ехаць? Афіцыйнай забароны на прафесію ў
Беларусі ў мяне не было. Але прыватныя медцэнтры не хацелі афармляць мяне на
працу. Казалі: «Вы ж самі ўсё разумееце». Людзі баяцца за свой бізнэс. У
дзяржаўных клініках казалі: «Няма месцаў». Хоць яны былі.
Я не працаваў урачом, не рабіў тое, што мне хацелася. І я
вырашыў: лепш шукаць перспектыву на развіццё ў іншым месцы, хай нават будзе і
цяжка.
У Беларусі гэта было абсалютна марна. Гэта канец. І не
толькі для мяне. Многія з тых, хто з'ехаў, тымі ж думкамі кіраваліся.
Больш за паўгода я выбіраў краіну: Польшча, Украіна ці Расія, — распавядае лекар. — Ехаць у РФ — мяняць
шыла на мыла — бессэнсоўна.
У Польшчы ў мяне пакуль моўны бар'ер. Сядзець там некалькі
месяцаў давучваць мову, здаваць экзамен —значыць выракчы сябе на беспрацоўе ў
бліжэйшы час.
Таму, калі Рустаму паступіла прапанова ад дырэктара аднаго з
медыцынскіх цэнтраў Кіева, ён доўга не разважаў.
— Пакуль я ў Мінску рыхтаваў дакументы да пераезду, кіраўнік
цэнтра ў Кіеве рыхтаваў пакет дакументаў для майго афармлення на працы, для
часовага віду на жыхарства і іншыя.
У панядзелак Рустам выйшаў на працу, пазнаёміўся з
супрацоўнікамі, даведаўся, з якімі медыцынскімі праграмамі працуе цэнтр.
— Я ўжо прымаў пацыентаў. Маё новае месца працы — прыватны
медцэнтр, займаецца рэабілітацыяй дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Гэта мне
блізка.
У бліжэйшы час Рустам плануе перавезці сям'ю ў Кіеў.
— У адрозненне ад Мінска, кватэру ў Кіеве можна зняць толькі
праз рыэлтарскае агенцтва, а не наўпрост ў гаспадароў. За два дні знайшоў
жыллё. Адзначу, што кватэры ў цэнтры і ў новабудоўлях каштуюць у разы вышэй, чым
на ўскраіне.
За 260$ я зняў двухпакаёвую ў аддаленым ад цэнтра
мікрараёне. Там побач лес, рынак. Метро ў дзесяці хвілінах хады.
Рустам кажа, што шмат рэчаў з сабой не браў, бо не ведаў, ці
перасячэ мяжу.
— Ад'язджаючы з Мінска, я адчуваў сум. Гэта перажываю і
цяпер — калі ўвечары сяджу ў кватэры адзін, — прызнаецца лекар. — За акном
цёмна, пагаварыць няма з кім. Усе сябры, сваякі, знаёмыя і блізкія прысутнічаюць
у жыцці ў лічбавым фармаце. Іх нельга абняць і ўбачыць жыўцом. Ад гэтага сумна.
Паводле слоў Рустама, першыя ўражанні ад Кіева самыя станоўчыя.
— Я працую на Кантрактовай плошчы ў гістарычным цэнтры.
Побач ратуша. Мне было незвычайна ўбачыць канцэрт беларускіх музыкаў. Яны былі
ў бел-чырвона-белых шкарпэтках, з БЧБ-сцягам, — усміхаецца Рустам. — Зараз
перад працай шпацырую па плошчы, дзе стаіць помнік Рыгору Скаварадзе. У яго на
шыі — БЧБ-сцяг. Мясцовыя кажуць, ужо больш за месяц. І ніхто не здымае сцяг.
Вісіць і вісіць — каму ён перашкаджае?
У Кіеве зусім іншыя адчуванні, чым у Мінску, дзе ты выходзіш
за хлебам і не ведаеш, ці вернешся дадому.
Рустам прызнаецца: яму было прыемна, калі калега з Кіева
патэлефанаваў і прапанаваў далучыцца да супольнасці ўкраінскіх медыкаў у
мэсэнджары.
Лекар не выключае, што вернецца дадому, у Мінск:
— Усё магчыма, усё-такі ў мяне большая частка жыцця прайшла
тут. Хочацца спакою, душэўнай раўнавагі. Усё гэта засталося дома.
У Кіеве прыйдзецца пачынаць зноўку. Гэта трэніруе, умацоўвае, але я б з радасцю вярнуўся.