У Маскве затрымалі беларуса з жонкай. Яны запусцілі ў неба сцяг у гонар дабраахвотнікаў
У Маскве затрымалі мужа і жонку, якія запусцілі шары з бела-сіне-белым сцягам дабраахвотніцкага легіёна «Свабода Расіі». Імаверна, акцыя звязана з учорашнім прарывам расійскіх дабраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, у Белгародскую вобласць РФ.
Пра затрыманне сужэнцаў паведаміў расійскі тэлеграм-канал Shot. Прозвішчы затрыманых не называюцца.
Паводле агучанай інфармацыі, грамадзянін Беларусі са сваёй жонкай прыехалі да сажалкі ў Паўночным Чартанаве на аўтамабілі «Таёта Камры», дасталі з багажніка шары, муж іх запусціў, а жонка здымала на тэлефон. Пасля гэтага пара хутка знікла з месца.
Паведамляецца, што знятыя кадры былі пазней перададзеныя ў праўкраінскія рэсурсы, якія сталі масава распаўсюджваць відэа ў момант атакі дабраахвотнікаў на Белгародскую вобласць.
«Зараз з мужам
і жонкай працуюць сілавікі», — піша тэлеграм-канал.
Улічваючы, што легіён «Свабода Расіі» абвешчаны ў Расіі «тэрарыстычнай арганізацыяй», сямейнай пары можа пагражаць вялікі тэрмін зняволення.
Учора дабраахвотніцкія
падраздзяленні, складзеныя з расійцаў, якія ваююць на баку Украіны, зайшлі на
тэрыторыю Расіі, дзе нават занялі некалькі памежных населеных пунктаў.
У Крамлі заявілі, што аб прарыве расійскай мяжы даложана Пуціну. Пазней у Белгародскай вобласці ўвялі рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Сёння гэты рэжым працягнулі. Былі паведамленні, што жыхары вобласці ў вялікай колькасці эвакуююца ў суседнія гарады.
Таксама ноччу дронамі былі атакаваныя будынкі МУС і ФСБ у Белгарадзе.
Рэжым «контртэрарыстычнай
аперацыі» прадугледжвае забарону на распаўсюд любой інфармацыі, акрамя той,
што зыходзіць з афіцыйных крыніц.
Што тычыцца эвакуацыі з Белгародскай вобласці, то паведамляецца, што падчас выезду з Грайваронскай акругі памерла жанчына 1941 года нараджэння. Пра гэта паведаміў губернатар рэгіёна Вячаслаў
Гладкоў.
Паводле наяўнай інфармацыі, жанчына ехала ў аўтобусе разам са сваім сынам і нявесткай. Гладкоў не ўдакладніў абставіны, пры якіх жанчына пайшла з жыцця. Прычыны
смерці высвятляюцца.
Паводле слоў пуцінскага чыноўніка, ёсць таксама інфармацыя пра двух параненых жыхароў населеных пунктах, куды напярэдадні зайшлі дабраахвотнікі, аднак аказаць ім дапамогу пакуль не атрымліваецца.
Пры гэтым сітуацыя ў Белгарадскай вобласці дагэтуль не вырашана. «Працягваецца зачыстка тэрыторыі Міністэрствам абароны
сумесна з сілавымі структурамі», — паведамілі расійскія ўлады.
«Вяртацца пакуль у свае дамы, я цяпер звяртаюся да
жыхароў Грайваронскай акругіі, якія, дзякуй ім вялікае, часова пакінулі свае
дамы, пакуль не варта», — распавёў Гладкоў.
Ён дадаў, што загінулых ад дзеянняў «дыверсійна-разведвальных груп» на сёння нам. «Усе неабходныя дзеянні з боку сілавых структур праводзяцца. Чакаем завяршэння контртэрарыстычнай аперацыі, якая ўчора была абвешчаная», — заявіў ён.
Украінскі бок учора заявіў, што не мае прамога дачынення да падзей у гэтым памежным рэгіёне РФ.
«Украіна з цікавасцю назірае за падзеямі ў Белгародскай вобласці Расіі і вывучае сітуацыю, але не мае да яе непасрэднага дачынення, — напісаў у твітары дарадца кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. — Як вядома, танкі прадаюцца ў любым расійскім ваенторгу, а падпольныя партызанскія атрады складаюцца ўсё ж такі з грамадзян Расіі».
Выраз пра ваенторг — адсылка да анексіі Крыма ў 2014 годзе. Тады на паўвостраў з мэтай захопу былі заведзеныя расійскія войскі без апазнавальных знакаў. Прапаганда РФ тады распавядала, што гэтыя «ветлівыя людзі» не з'яўляюцца расійскімі вайскоўцамі, бо зброю і ваеннае абсталяванне можна набыць якраз у любым ваенторгу.