«У крапіве пакачацца, залезці ў мурашнік». Што рабіць людзям з хранічнымі хваробамі ва ўмовах эпідэміі
Многія людзі з хранічнымі хваробамі шукаюць зараз розныя спосабы, каб зняць абвастрэнне ў хатніх умовах, не спадзяючыся на афіцыйную медыцыну.
Міхаіл з Слуцкага раёна мае праблемы з сэрцам, перанёс аперацыю. Кожны год ў сярэдзіне сакавіка звычайна праходзіць стацыянарнае абследаванне ў Мінскай абласной бальніцы. Сёлета нікуды не паехаў. Доктар выпісаў кош таблетак і параіў схавацца ў якой-нібудзь глушы падалей ад людзей. Міхаіл так і зрабіў.
Леаніду, што таксама са Слуцкага раёна, 70 гадоў, летась у яго быў інсульт. Гэтай вясной планаваў прайсці рэабілітацыю ў Залескім абласным рэабілітацыйным цэнтры, каб крыху больш ажывіць, распрацаваць пры дапамозе спецыялістаў нагу і руку. Рэабілітацыя не адбылася, паколькі Залескі рэабілітацыйны цэнтр цяпер займаецца праблемамі, звязанымі з эпідэміяй каронавірусу.
Вядома, што людзі сталага веку, якія маюць у анамнезе інсульт, трансплантацыю, цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванн і г.д., знаходзяцца ў групе рызыкі па каронавірусу. Таксама як і людзі, якія пакутуюць на аўтаімуннае захворванне. Пры звычайных абставінах падчас абвастрэння іх традыцыйна шпіталізуюць, каб аблегчыць на некаторы час боль і даць магчымасць жыць далей. У Мінскай абласной бальніцы добра абсталяванае фізіятэрапеўтычнае аддзяленне. Крыятэрапія, лазер, бясплатнае іголкаўколванне ў сукупнасці з медыкаментознымі сродкамі значна аблягчаюць становішча такіх хворых. Пра што аўтарка гэтых радкоў ведае на ўласным досведзе.
Але праз каронавірус у мяне не атрымалася пазбавіцца ад абвастрэння рэўматоіднага артрыту ў Мінскай абласной бальніцы вясной гэтага года, нягледзячы на тое, што па запісу гэтай магчымасці чакала ледзь не цэлы год. 15 сакавіка з накіраваннем у руках і вынікамі аналізаў, якія пацвердзілі неабходнасць сур'ёзнага лячэння, у разгубленасці выслухала рэкамендацыю знаёмага мясцовага доктара: «У Бараўляны цяпер лепей не ехаць. Могуць быць праблемы. Лепей было б для вас з'ехаць на лецішча, у ціхае месца, альбо пасядзець дома і не хадзіць па лячэбных установах. Замест лячэння можаце сябе канчаткова ўгробіць».
І гэта пры тым, што на той момант афіцыйнай інфармацыі пра каронавірус яшчэ было няшмат. Другі доктар на мой запыт, чаго чакаць ад гэтай эпідэміі беларусам, адказала коратка: «Перахварэем усе. Хто перанясе хваробу лёгка, хто цяжка. Некаторыя, увогуле, пакінуць гэты свет. Сядзіце дома, можа, і абыдзецца».
Зразумела, што паміж магчымасцю імгненна, без падрыхтоўкі, пакінуць гэты свет і пакутлівым жыццём выбар быў зроблены на карысць жыцця.
Атрымала поўную сумку ўколаў для базавай тэрапіі, гармонаў і абязбольваючых для самалячэння ў хатніх умовах і спрабую зняць абвастрэнне дома. Атрымліваецца не вельмі, бо патрэбна яшчэ і фізіятэрапія. Дарэчы, Слуцк да гэтых дзён лічыцца «чыстым» горадам. Слуцкая паліклініка прымае «вострых» хворых з розных раёнаў. Для барацьбы з эпідэміяй цяпер перапрафілявана гінекалагічнае аддзяленне, якое, па інфармацыі, пакуль пустуе. Два дні таму, калі зусім цяжка было стрымліваць боль, патэлефанавала ў Слуцкую паліклініку. Рэгістратар паведаміла, што калі ў мяне няма высокай тэмпературы і я не задыхаюся, лепей не турбаваць дактароў, бо яны і так жывуць як на ваенным становішчы. Фізіятэрапеўтычныя працэдуры хворым не праводзяць: «Калі есць вострая патрэба ў доктару, выклічце на дом, а ў паліклініку не прыходзьце».
Так і жывём: уранку і на ноч — жменя абязбольваючых, ноччу замест прасціны — ігольчаты дыванок, днём — пошук па інтэрнэту рэцэптаў дадатковых абязбольваючых народных сродкаў у выглядзе кампрэсаў з соллю альбо чорнай рэдзькі з мёдам і гарэлкай. Спадзяюся яшчэ на кветкі бэзу, настоеныя на гарэлцы. Бэз хутка расцвіце, пасля падцягнуцца корань дзьмухаўца, хрэн, лопух, акопнік. Галоўнае, каб гарэлку ў крамах да таго часу не скупілі, бо яна патрэбна для ўсіх настояў. Саромеюся купляць у аўталаўцы шмат бутэлек, бо вяскоўцы вырашаць, што гэта я так лячуся па рэцэпту кіраўніка краіны.
Калі не будзе гарэлкі, а каронавірус дасць магчымасць працягваць жыць, пры абвастрэннях можна яшчэ ў крапіве пакачацца, на кастры папячыся, пакласці рукі-ногі на муравейнік, каля восаў пагуляць. Гэтыя народныя сродкі справакуюць іншыя болі і пякучкі, якія адцягнуць увагу ад болю па хранічнай хваробе.