У Белэнерга распавялі, чаму здарылася аварыя на Лукомльскай ГРЭС
Пра тое, што стала прычынай аварыі на Лукомльскай ГРЭС, Мінэнерга распавяло раніцай 24 чэрвеня ў сваім тэлеграм-канале.
Уладзімір Баброў, першы намеснік генеральнага дырэктара «Белэнерга» пракаментаваў сітуацыю і распавёў, што стала прычынай аварыі:
— У сувязі з перыядам анамальных тэмператур адбылося разбурэнне трансфарматара напружання на адной з сістэм шын Лукомльскай ГРЭС, што прывяло да адключэння ліній электраперадач 330 кВ і ўсяго працоўнага абсталявання ГРЭС, магутнасць якога на той момант складала 1400 МВт.
Былі абясточаныя падстанцыі 330 кВ «Орша», «Магілёў», «Магілёў — Паўночная», што прывяло да страты электразабеспячэння спажыўцоў Аршанскага і Магілёўскага энергавузлоў.
Для поўнага аднаўлення рэжыму генерацыі цяпер на Лукомльскай ГРЭС адначасова вядуцца пускавыя аперацыі па ўключэнні ў сетку 4 энергаблокаў агульнай магутнасцю 1300 МВт з наступным уключэннем у працу астатніх энергаблокаў ГРЭС. Акрамя таго, ідуць пускавыя аперацыі на двух турбагенератарах Мінскай ЦЭЦ-4 магутнасцю па 100 МВт. Дадаткова ў Брэсцкай энергасістэме ўключаныя дзве газавыя турбіны сумарнай магутнасцю 50 МВт.
Па стане на раніцу 24 чэрвеня электразабеспячэнне ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях цалкам адноўлена, паведамляе Мінэнерга.