Тысячы жыхароў Магілёва патрабуюць ачысціць Святое возера
Больш як 6,3 тыс. подпісаў магілёўцаў сабралі актывісты апазіцыі пад зваротам да ўладаў з патрабаваннем ачысціць ад забруджвання Святое возера.
«Святое возера ў Магілёве, якое называлі ў савецкі час Грабянёўскім, ужо не адзін дзясятак гадоў з'яўляецца любімым месцам адпачынку гараджан і гасцей горада, асабліва ў летні
час, калі пачынаецца пляжны сезон. У сувязі з забруджваннем возера, а таксама з-за нездавальняючага бактэрыялагічнага стану купанне ў возеры забаронена. Экалагічны стан акваторыі Святога возера ў
цяперашні час з'яўляецца катастрафічным і патрабуе прыняцця неадкладных мер», — гаворыцца ў калектыўным звароце.
Падпісанты патрабуюць неадкладнага прыняцця мер па выяўленні крыніц забруджвання вадаёма, прыцягнення вінаватых да адказнасці, ачысткі возера ад забруджвання.
Па дадзеных Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і здароўя, на сітуацыю, якая стварылася вакол Святога возера, уплываюць як прыродныя асаблівасці вадаёма — закрытае возера без інтэнсіўнага водаабмену, так і крыніцы забруджвання з боку
індывідуальнай жылой забудовы пасёлка Грабянёва — мыццё
аўтамабіляў. Да фактараў забруджвання эпідэміёлагі адносяць і гнездзішчы ў цэнтры возера дзікіх птушак.
«Мы салідарныя з вашай заклапочанасцю па пытанні экалагічнага і санітарна-гігіенічнага стану Грабянёўскага вадасховішча», — паведаміў у сакавіку аднаму з ініцыятараў звароту да ўладаў намеснік старшыні
Свабоднага прафсаюза Беларускага Юрыю Новікаву галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Магілёва і Магілёўскага раёна Вячаслаў Шуляк.
Паводле яго слоў, занальны цэнтр інфармаваў Магілёўскі гарвыканкам аб неабходнасці ачысткі вадаёма. «Дзеля выканання рашэння пастаяннай камісіі Магілёўскага савета дэпутатаў па ЖКГ
распрацаваны план мерапрыемстваў па развіцці, будаўніцтве і рэканструкцыі зон адпачынку (пляжаў) на вадаёмах Магілёва на 2013-2017 гады. Планам мерапрыемстваў прадугледжана рэканструкцыя існуючых
пляжаў, у тым ліку на Грабянёўскім вадасховішчы ў 2015 годзе з ачысткай ад глеістых адкладаў і расліннасці вадаёма», — адзначаецца ў лісце галоўнага санітарнага лекара.
У цяперашні час санітарныя службы горада інфармуюць пра гатоўнасць Святога возера да купальнага сезона. «Магілёўзелянбуд завяршыў работы па падрыхтоўцы пляжаў да новага купальнага
сезона. У абласным цэнтры іх тры: на Грабянёўскім і Пячэрскім азёрах і рацэ Днепр (гарадскі пляж), а таксама два месцы для купання (у пасёлку Броды і заліве Фаціна). На ўсіх прыбярэжных тэрыторыях
адрамантавана існае абсталяванне і ўведзена дадатковае (лежакі, навесы). Навінай стала душавая кабіна на Грабянёўскім возеры, праўда, толькі з халоднай вадой. Дно вадаёмаў абследавана ОСВОД і
ачышчана ад старонніх прадметаў. Пашпарты гатоўнасці падпісаныя», — паведамляе са спасылкай на санслужбу Магілёва інфармацыйнае агенцтва Mogilevnews,
якое належыць абласным уладам.
«Ніхто ад глею Святое возера не чысціў, навялі толькі парадак на пляжы, а ціна як плавала, так і плавае», — сцвярджае, у сваю чаргу, Юры Новікаў.
У бліжэйшы час актывісты маюць намер перадаць подпісы, адрасаваныя кіраўнікам гарвыканкама і гарсавета Уладзіміру Цумареву і Сяргею Іванову, магілёўскім уладам.
БелаПАН