«Што вы зрабілі з чалавекам?». Як палітвязня катуюць з дапамогай карнай псіхіятрыі

У ліпені павінен быў скончыцца другі тэрмін Юрыя Кавалёва. Адзін год калоніі мужчына атрымаў «за абразу Лукашэнкі». Яшчэ адзін год дадаўся ўжо ў калоніі дзякуючы наглядчыкам. Юрыя абвінавацілі ў «непадпарадкаванні» законным патрабаванням адміністрацыі. Але замест калоніі адправілі на псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу. Эксперт вызначыў, што Кавалёў «пакутуе на змяшаны разлад асобы» і біпалярны разлад.

Юрый Кавалёў. Фота "Вясны"

Юрый Кавалёў. Фота "Вясны"

Пасля доўгіх тыдняў знаходжання ў штрафных ізалятарах Юрыя не адпусцілі, а адправілі ў псіхіятрычны стацыянар з узмоцненым назіраннем.

Гісторыю Юрыя «Еўрарадыё» расказаў яго сын, Арцём Кавалёў, які здолеў уцячы з Беларусі і пераехаць у Польшчу. Ён не бачыў бацьку паўгода. Мінулым разам пасля спаткання з ім у псіхіятрычнай клініцы Арцём плакаў. Сам Юрый плакаў падчас спаткання, у яго трэсліся рукі і калені.

Злосны парушальнік з незашпіленым гузікам

— Як бацька трапіў у калонію? У 2021 годзе ён пайшоў праходзіць камісію на пасведчанне кіроўцы. Доктар-псіхіятр у кабінеце пачала нешта правакацыйнае казаць пра Ціханоўскую, абражаць яе. Ён у адказ абразіў Лукашэнку. І доктарка запісала гэта на дыктафон, — расказвае Арцём.

За час адседкі яго бацьку адпраўлялі то ў штрафны ізалятар, то ў памяшканне камернага тыпу. Арцём некалькі разоў ездзіў праз усю Беларусь з Чачэрска ў Ваўкавыск, каб перадаць яму перадачу, але перадачы не прымалі цэлы год.

Сям'я рыхтавалася сустракаць Юрыя з калоніі летам мінулага года. Але ў беларускім КК ёсць артыкул, які можа зрабіць тэрмін зняволення бясконцым.

Гэта артыкул 411. Ён дае падставу сцвярджаць, што «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» — гэта новая крымінальная справа і новы тэрмін для зняволенага.

Але што такое «злоснае парушэнне»? У распараджэнні выдання ёсць пастанова суда, у якой пералічваюцца «злосныя парушэнні» Юрыя Кавалёва, што ўтварылі крымінальную справу:

  • стаў у строй зняволеных няголеным (1 раз);
  • адмовіўся прыбіраць агульную секцыю ў калоніі (1 раз);
  • раніцай знаходзіўся ў камеры «з не зашпіленай на гузікі курткай» і няголены (1 раз);
  • «з парушэннем формы адзення» знаходзіўся ў кабінеце Андрэя Гжэсяка (1 раз) і ў камеры ШІЗА (1 раз);
  • супраціўляўся вобшуку (2 разы).

Выданне папрасіла палітвязня Алега [імя змененае], які выйшаў на свабоду, расказаць, ці складана атрымаць такія «парушэнні» ў калоніі. Калі коратка і непаліткарэктна — «лягавым усё можна».

— Парушэнне за тое, што адмовіўся прыбіраць агульную секцыю ў калоніі? Калі мянты захочуць, яны могуць прапанаваць памыць талчок. Адмовішся — вось і парушэнне.

А яшчэ могуць накласці спагнанне за тое, што адмовіўся прыбіраць жылую секцыю ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). У мяне ў калоніі кожную раніцу ў ПКТ вылівалі пяць літраў хлёркі, і ты павінен прыбіраць. Адмовішся — паедзеш на ШІЗА.

Ці ёсць у калоніі час на тое, каб галіцца? Ёсць. Галіся — хоць забіся. Кожную раніцу да сняданку на гэта даецца паўгадзіны. І перад вечаровай праверкай ёсць вольны час. Але на праверцы смецця могуць да каго-небудзь прынцыпова прычапіцца, а могуць «забіць». Усё залежыць ад лягавых.

У нас быў хлопец, у якога да абеду ўжо адрастала шчацінне. Мусары паглядзяць да абеду — паголены. Потым мусар заказліўся, падышоў да яго ў абед — а шчацінне ўжо адрасло. Чалавек кажа: дык вы раніцай правяралі, я быў паголены! Але іх гэта не хвалюе, у правілах унутранага распарадку прапісана, што ў цябе заўсёды павінен быць акуратны выгляд. І ўсё, калі захочуць — спагнанне.


Арцём Кавалеў. Фота з асабістага архіва

Арцём Кавалеў. Фота з асабістага архіва

«А потым яны ўлупілі гэтую карную псіхіятрыю»

Суд прызнаў Юрыя Кавалёва вінаватым у «злосным непадпарадкаванні» адміністрацыі. Але яшчэ да суда па гэтай справе проста з калоніі яго павезлі ў Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу.

— І ўлупілі гэтую карную псіхіятрыю, — кажа Арцём.

Што адбывалася на судзе, ніхто не ведае — яго зрабілі закрытым. Сваякам проста сказалі, што Юрыю прызначылі прымусовае лячэнне «ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем». У палаты з узмоцненым наглядам кладуць шалёных пацыентаў, да іх прыстаўляюць санітараў з кругласутачным наглядам.

— Спачатку бацьку адправілі ў Навінкі. Першы час, калі я прыязджаў да яго, гэта быў яшчэ здаровы чалавек. Проста вельмі худы — але здаровы і духам моцны. Потым у бальніцы абвясцілі каронавірус, і туды перасталі дапускаць наведвальнікаў.

У лютым 2023 года яго перавялі ў іншую клініку. Нарэшце мы прыехалі на спатканне, і жонка была ў жаху і слязах. Яна крычала: «Што вы зрабілі з чалавекам?».

Карціна была страшная. У бацькі трэсліся рукі, калені. Слёзы з вачэй. Яго запічкалі таблеткамі. Мне было вельмі страшна на гэта глядзець. Я памятаю яго здаровым чалавекам — і фізічна, і маральна. А праз паўгода бачу іншага чалавека.

Тое, што яны не змаглі зрабіць на зоне, яны зрабілі медыкаментамі. Я ніколі не баяўся сесці, пакуль не ўбачыў, што зрабілі з бацькам.

Я трымаўся пры ім, але калі выйшаў адтуль, у самога слёзы з вачэй пакаціліся.

Арцём кажа, што пасля ўколаў у бацькі пачаліся арытмія і бессань. Рухі, гаворка — усё запаволілася.

— Раней ён шмат чытаў, а цяпер не можа сканцэнтравацца.

Там няма прагулак. Трыццаць-сорак чалавек знаходзяцца ў адной палаце. Гэта найцяжэйшая абстаноўка — вакол ляжаць людзі з сур'ёзнымі хваробамі, і гэта страшна цісне.

З канца лютага Арцём не бачыў бацьку. Гэтай вясной яму давялося ўцякаць з Беларусі — літаральна праз акно бальніцы. Цяпер ён знаходзіцца ў бяспецы ў Польшчы.

— Я вырашыў, што буду гаварыць пра гэта. Таму што які б загад ні ішоў зверху, выконваюць яго людзі на месцах. Хай кожны, хто пойдзе ставіць яму ўкол або падпіша паперку ў камісіі, ведаюць: яны здзяйсняюць злачынства.

Ведаеце, наш Чачэрск — маленькі горад. Сапраўды, усе сайты заблакаваныя, але пра маё мінулае інтэрв'ю ўсе размаўляюць — значыць, праўда да іх даходзіць. Дык няхай ведаюць, што ўсё, што яны робяць, — усё навідавоку, пра ўсё людзі памятаюць.


Глядзіце таксама

Што будзе, калі нейралептыкі прыме здаровы чалавек?

Калі журналісты коратка пераказалі гэтую гісторыю псіхіятру Вользе [мы змянілі яе імя з меркаванняў бяспекі], яна перапытала:

— Гэта што, карная тэрапія пад'ехала?

Некалькі дактароў, да якіх перад гэтым выданне звярнулася па каментары, сказалі, што адназначнага адказу без размовы з самім Юрыем даць не змогуць. Нельга выключаць, што стан чалавека пагоршыўся ў ШІЗА.

Калі раней здавался, што турма — самая закрытая ўстанова, у якую можа трапіць палітвязень, то ёсць яшчэ псіхіятрычная клініка.

Дакументаў з псіхіятрычнай экспертызы на руках у сваякоў няма — выдаць іх адмовіліся.

Калі пажылая маці Юрыя Кавалёва напісала заяву, у якой прасіла прызначыць яе законным прадстаўніком сына, ёй адмовілі «з прычыны адсутнасці для гэтага законных падстаў і для выключэння працэсуальнай цяганіны, выключэння вашых паездак у згаданы суд на вялікую адлегласць у зімовы час».

Законным прадстаўніком бацькі спрабаваў стаць і Арцём — але і яму суд адмовіў. У выніку законным прадстаўніком Юрыя прызначылі «службовую асобу» РНПЦ псіхічнага здароўя.

Адзінае, што змог высветліць Арцём пра лячэнне бацькі, — назву медыкаментаў, «Клапіксол ДЭПО». Гэта нейралептык, які ўжываюць пры вострай і хранічнай шызафрэніі і іншых псіхіятрычных разладах.

— Але калі нейралептыкі прыме здаровы чалавек, то ў яго разаўецца стан нейралепсіі, — кажа псіхіятр Вольга. — Нейралепсія — стан арганізма, які характарызуецца зніжэннем рухальнай і псіхічнай актыўнасці, у чалавека развіваецца абыякавасць да навакольных. Для здзяйснення любога дзеяння патрабуецца большае валявое намаганне. Назіраецца збядненне перажыванняў і творчай прадукцыйнасці, змяншэнне колькасці асацыяцый.

На псіхалагічна-псіхіятрычнай экспертызе Юрыю паставілі два дыягназы: пагранічны разлад асобы і біпалярны разлад. Мы спыталі Вольгу, ці патрабуецца шпіталізацыя пры такіх дыягназах:

— Пагранічны разлад асобы мае вялікая колькасць людзей. Стацыянарнага лячэння ён не патрабуе, ды і амбулаторнага таксама. Хіба што самому чалавеку дыскамфортныя яго паводзіны ці самаадчуванне.

А вось біпалярны афектыўны разлад — гэта цяжкае захворванне. Ён лечыцца ў стацыянары, потым — амбулаторна. Ёсць фаза дэпрэсіі, а ёсць фаза маніі/гіпаманіі. У дэпрэсіі чалавек небяспечны для сябе, а ў маніі/гіпаманіі — як для сябе, так і для навакольных.

Вольга некаторы час практыкавалася ў мінскім РНПЦ псіхіятрыі і прызнаецца, што для яе стала б навіной адраджэнне ў Беларусі карнай медыцыны.

— Але ж у РНПЦ працуюць розныя дактары — не толькі найлепшыя.

«Малайчына, што не здаўся. Паглядзі, што са мной зрабілі»

У Арцёма двое дзяцей. Старэйшая дачка разам з бабуляй хадзіла праведаць дзеда.

— Мама расказвала, ён размаўляў з імі. Бацька пры розуме — яго не абалванілі. Проста гаворка затарможаная. Але ён разумее, дзе ён. І яму ад гэтага кепска. Слёзы з вачэй, эмоцыі наросхрыст. Разумее, што нічога зрабіць не можа, што змагацца з гэтым не можа.

Калі пра мяне загаварыў, маці кажа, рукі закалаціліся. Сказаў — малайчына, што не здаўся. Паглядзі, што са мной зрабілі.