Што вядома пра «беларускую вакцыну ад каронавірусу»? Што яна яшчэ не гатовая
Аляксандр Лукашэнка 7 траўня заявіў, што беларускія навукоўцы ўжо атрымалі сваю вакцыну ад COVID-19, і што «яна ўжо ў прабірцы». Аднак з таго, што расказаў галоўны санітарны лекар Беларусі, вынікае, што да выкарыстання вакцыны яшчэ далёка.
Пра ўласную вакцыну сам Аляксандр Лукашэнка заявіў:
«Мы не спяшаемся. Мы паглядзім, што будзе паслязаўтра, калі зменіцца хвароба. Таму што штам будзе зусім іншы», – перадае БелТА.
Галоўны санітарны лекар Беларусі Аляксандр Тарасенка расказаў БелТА, што:
цяпер атрыманая вакцына-кандыдат – то значыць, не паўнавартасная на шырокіх выпрабаваннях і не гатовая да ўжывання;яшчэ толькі «стаяць задачы» праверыць вакцыну-кандыдат на бяспеку і эфектыўнасць «у прабірцы», а толькі потым – даклінічныя і клінічныя выпрабаванні;вакцына створаная на аснове інактываванага (забітага) вірусу SARS-CoV-2, які выклікае COVID-19 – то значыць, паводле таго ж прынцыпу, па якім працуе расейская «Ковівак», але не паводле таго прынцыпу, па якім працуюць «Спутнік-V», вакцыны ад Pfizer/BioNTech, Moderna ці AstraZeneca;сам такі тып вакцыны «добра вывучаны, мала рэактагенны і на яго адсутнічаюць пабочныя рэакцыі і наступствы», дазваляе мяняць склад вакцыны пры зменах у вірусе;недахоп такога тыпу вакцыны – працаёмістасць і працяглыя тэрміны стварэння, а праца з ім звязаная з высокапатагенным матэрыялам і патрабуе высокага ўзроўню біяабароны;умовы для такой працы ёсць у беларускім РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.
Калі пачнецца прынамсі фаза выпрабаванняў «у прабірцы», невядома.
Вакцынацыю пачалі 3%Цяпер у Беларусі толькі 3,3% насельніцтва атрымалі прынамсі першы кампанент вакцыны ад COVID-19 (а яна двухкампанентная – патрэбныя дзве прышчэпкі з інтэрвалам у 21 дзень), расказаў Тарасенка. Абодва кампаненты вакцыны атрымалі толькі 150 тысяч чалавек, першы кампанент – 150 тысяч.
Прышчэпкі робяць расейскай вакцынай «Спутнік-V». Рашэнне пра яе выкарыстанне прынялі яшчэ да завяршэння 3-й фазы клінічных выпрабаванняў. Разліў вакцыны з кампанентаў, пастаўленых з Расеі, вядуць на «Белмедпрэпаратах».
У Беларусь таксама маюць паставіць 150 тысяч камплектаў неназванай кітайскай вакцыны ў якасці гуманітарнай дапамогі ад уладаў Кітаю. Не выключана, што гаворка ідзе пра нізкаэфектыўную вакцыну.
Так, вакцына ад AstraZeneca мае эфектыўнасць каля 82,4%, «Спутнік-V», Pfizer/BioNTech і Moderna – звыш 90%. Адносна кітайскіх прэпаратаў сцвярджаецца, што вакцыны кампаніі Sinopharm маюць эфектыўнасць у 72,5% і 79,3% (другой раней карысталіся ў Беларусі), вакцына кампаніі CanSino – 65%. А вакцына кампаніі Sinovac Biotech Ltd паказала эфектыўнасць толькі каля 50%. Кітайскія ўлады месяц таму прызналі эфектыўнасць апошняй вакцыны недастатковай.
Белсат