«Што далей — мяшок?» У Віцебску ад каронавіруса памерла 38-гадовая актывістка Юлія Барсукова
У жанчыны засталіся муж і двое сыноў.
Юлія Барсукова захварэла ў канцы кастрычніка. «Смаку няма, паху няма, тэмпература збіваецца толькі да 38,6. Што далей — мяшок?» — пісала яна на сваёй старонцы ў фэйсбуку 22 кастрычніка, піша «Свабода».
«Мы з ёй актыўна перапісваліся апошнім часам. Яна мне
дасылала паведамленні, што ёй вельмі блага, што яна ўся гарыць, што
тэмпература скача да 40 градусаў. Наколькі я ведаю, яна выклікала «хуткую», але
тая ехала вельмі доўга, 8 гадзін», — патлумачыў блогер-фэрмер з Гомельскага
раёна Юры Ганцэвіч.
У каментарах да свайго допісу Юлія пісала наконт таго, што
не едзе «хуткая»: «Я зразумела, яны хочуць мяне забіць».
Юлія Барсукова атрымала вядомасць ад пачатку пратэстаў, з вясны 2020 году. Яна была актывісткай і адміністратаркай груп і суполак праекту «Страна для жизни». Юлію затрымлівала міліцыя, суды давалі ёй штрафы, у яе кватэры праходзілі ператрусы.