Святар УПЦ-беларус: «З дваццаці чалавек нас засталося толькі трое жывых пасля палону»

Айцец Яўген Орда — пра палон, катаванні, беларусаў Чарнігаўшчыны ды сувязі, якіх нельга парушыць нават праз вайну. «Салідарнасць» распавядае гісторыю, якая прымусіць плакаць і ад болю, і ад гонару.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__18_.jpg

— Беларуская дыяспара дала найбольш вайскоўцаў нашаму гораду. І ўсе яны ваююць. Зараз на фронце кожны сёмы абаронца — з Чарнігаўскай вобласці, — кажа святар Праваслаўнай Царквы Украіны (ПЦУ) Яўген Орда.

Айцец Яўген — капелан Нацгвардыі Украіны. Ён служыць Богу ўжо 23 гады. Нарадзіўся ў Расіі, жыў ва Украіне, але ніколі не забываў свайго беларускага паходжання, нават знайшоў сувязь з Напалеонам Ордам.

Падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі святому айцу давялося перажыць палон, акупацыю, страшэнныя катаванні. Аб гэтым, а таксама аб тым, на чым трымаецца сувязь паміж беларусамі і ўкраінцамі, ён шчыра распавёў «Салідарнасці».

«Усе мы тут жылі паміж Гомелем і Чарнігавам»

Айцец Яўген Орда. Усе фота з архіва героя

Айцец Яўген Орда. Усе фота з архіва героя

— Я не вельмі добра гавару па-беларуску, — выбачаецца суайчыннік, — мову вучыў у дзяцінстве, калі ездзіў у вёску да сваіх. Размаўляю як палешукі. У бацькоўскім доме былі беларускія кнігі, якія я чытаў. А потым яшчэ прывозіў кнігі з самой Беларусі, асабліва цікавіўся гісторыяй.

На Палессі ў Гомелі жыве шмат сваякоў, там і дзед пахаваны, і дзядзька. Яшчэ шмат родных пахавана на Брэстчыне.

Да 2006 года, кажа айцец Яўген, ён часта ездзіў у Беларусь. Пасля быў у нашай краіне толькі адзін раз.

— У 2009-м прыязджаў хаваць свайго дзядзьку. Ён мяне прасіў, каб я яго адпяваў. І тады я служыў набажэнства па-беларуску.

У нас у Чарнігаве жыве 12 тысяч беларусаў, гэта найбольшая дыяспара ва Украіне. Мы яшчэ з адным святаром, таксама беларусам, нават хацелі адчыніць тут беларускую царкву, займаліся суполкай.

Да нас на набажэнствы хадзіла шмат этнічных беларусаў, і мы служылі тады на мове.

Наша вобласць — гэта вайскоўцы. Яшчэ з савецкіх часоў у нас засталіся добрыя танкавыя палігоны, вялікая вучэбка, брыгады. Наогул Чарнігаў — горад адстаўнікоў. І большасць з іх — этнічныя беларусы, якія памяталі сваю Радзіму, мелі там сваякоў і не хацелі губляць сувязяў.

Святар разам з вайскоўцамі з Чарнігава, сярод якіх шмат этнічных беларусаў

Святар разам з вайскоўцамі з Чарнігава, сярод якіх шмат этнічных беларусаў

Іх дзеці таксама сталі баявымі афіцэрамі. І зараз амаль усе яны пайшлі на фронт. Шмат хто загінуў, на жаль. Таму суполка наша даўно ўжо з-за вайны не збіраецца.

Ёсць і такі прыкры факт: некаторыя з тых, хто з гонарам лічыў увесь час сабе беларусам, зараз саромеюцца гэтага з-за таго, што Беларусь падтрымала расійскую агрэсію.

— А вы як да гэтага ставіцеся?

— Я разумею, што гэта не Беларусь так зрабіла, гэта так званы «бацька». І шмат украінцаў гэта разумеюць.

— Але ж да 2020 года Лукашэнка меў вельмі добрую рэпутацыю ў украінцаў.

— Так. Яны ездзілі ў Беларусь і адзначалі, што дарогі там добрыя, узровень жыцця вышэйшы. Але з гадамі і ў нас рос узровень жыцця, і ўжо не ўсе параўнанні аказваліся на карысць Беларусі.

Да 2020 года ў нас і пенсіі зраўняліся, і работу было лягчэй знайсці. І нават дарогі ў апошнія гады адбудавалі лепшыя, чым у Беларусі. А яшчэ сталі прымацца законы, якія дазвалялі людзям зарабляць.

Беларусы, наадварот, расказвалі, што іх умовы змяняюцца не ў лепшы бок. Яны ж таксама да нас ездзілі на рынкі, і з цягам часу стала бачна, што суседзі становяцца ўсё бяднейшыя і бяднейшыя.

Тут яшчэ абавязкова трэба нагадаць геаграфічны фактар. З Чарнігава да Гомеля бліжэй, чым да Кіева. Можна сказаць, што ўсе мы тут жылі паміж Гомелем і Чарнігавам. На Палессі і ў беларускіх, і ва ўкраінскіх вёсках людзі размаўляюць на адным дыялекце, гандлююць паміж сабой, маюць вялікія традыцыі стасункаў.

Нашы хлопцы вельмі любілі беларусак, бо ўкраінкі такія наравістыя. А беларускі больш лагодныя і працавітыя. Калі ў нашу вёску хлопец прывозіў беларуску, гэта было свята, а калі браў «кацапку» (рускую — С.), яе маглі і выгнаць.

Памятаю, калі быў яшчэ малы, хлопец прывёз жонку з Курскай вобласці, дык яе за два тыдні выжылі. Гэта Украіна, гістарычна так склалася, што тут не любілі «кацапаў».

— Але ж яны былі ўпэўнены, што вы іх так моцна любіце, ажно пайшлі вас ад некага ратаваць.

— У расіян няправільнае разуменне. Яны думалі, калі чалавек размаўляе па-руску, значыць ён рускі. Але ж украінцы і беларусы размаўлялі і на сваіх мовах і галоўнае — адчувалі сябе менавіта ўкраінцамі і беларусамі. І праблема расіян у тым, што яны гэтага не разумеюць.

А з беларусамі ў нас ніякіх сварак ніколі не было, мы жылі як адзін народ, гэта праўда.

— Як украінцы разумелі падзеі 2020 года, якія ў нас адбываліся?

— У 2014 годзе мы зрабілі Майдан і адчулі, што можам дыхаць свабодна. Спачатку стала трошкі горш, а потым лепей. Мы скінулі тыя ўлады, якія нас нішчылі.

Убачыўшы шмат вашых людзей на вашым майдане ў 2020 годзе, мы верылі, што гэтак жа станецца і ў Беларусі. Я думаю, што вы крыху недадавілі, каб лукашэнскаўская сістэма не вытрывала. І ўсё ж мы верылі і маліліся за вас, каб перамаглі.

Былі, канешне, розныя погляды, асабліва ў людзей сталага веку, але большасць усё роўна была за вас. Амаль ва ўсіх ёсць радня на Гомельшчыне, толькі ў самім Гомелі жыве 40 тысяч украінцаў. Таму мы атрымлівалі інфармацыю аб тым, што адбываецца, з першых вуснаў.


«Хто пад катаваннямі прызнаваўся, што ён вайсковы, адразу расстрэльвалі»


Капелан Нацгвардыі Украіны Яўген Орда да поўнамаштабнага ўварвання. 2021 год

Капелан Нацгвардыі Украіны Яўген Орда да поўнамаштабнага ўварвання. 2021 год

— Ці верылі вы ў тое, што пачнецца вайна?

— Паколькі ў нашым горадзе жыло шмат вайскоўцаў і яны ваявалі на Данбасе, то мы, яшчэ калі прэзідэнтам быў Парашэнка, разумелі, што рускія рыхтуюць глебу для вайны. Яны толькі чакалі моманту.

І калі на змену Парашэнку прыйшоў Зяленскі, яны думалі, што гэты «клоўн» адразу ўцячэ. А тое, што акрамя ўлады яшчэ ёсць народ, у разлік зусім не бралі.

Між тым украінцы яшчэ з часоў Другой сусветнай вайны — партызаны. Шмат людзей дагэтуль памятаюць, як трэба нішчыць захопнікаў. У некаторых нават зброя знайшлася з тых часоў. З першага дня ўсе рабілі «кактэйлі Молатава» і рыхтаваліся абараняць горад. Але ж 4 сакавіка Чарнігаў захапілі.

— А што засталося ў вас у памяці пра 24 лютага?

— Уначы нешта моцна гікнула, усё затрашчала, пачалі бамбіць наш аэрапорт. Я ж таксама вайсковец, хоць і святар, мне адразу патэлефанавалі, сказалі, збірайся — пачалася вайна. Я сабраўся і паехаў у сваю вайсковую частку. Ездзіў па хлопцах, служыў службы.

Айцец Яўген падчас вайны на фронце

Айцец Яўген падчас вайны на фронце

Пасля вывез у вёску Іванаўку за Дзясну жонку з дзецьмі. Дарэчы, гэтая вёска да рэвалюцыі называлася па-беларуску — Янаўка. Яе перайменавалі бальшавікі, але людзі там заўсёды казалі па-беларуску.

Баі хутка дайшлі да Чарнігава. Мы ў гэты час рухаліся ў напрамку Кіева, калі паступіў загад усім вайскоўцам сабрацца ў Чарнігаве і акопвацца. Там мы і сустрэлі расіян.

Яны ішлі калонамі па асфальтаваных дарогах і знішчалі ўсё на сваім шляху — некаторыя прыгарадныя раёны згарэлі цалкам. Пачаліся моцныя вулічныя баі. Але з горада іх выбілі.

Яны адышлі, кінулі пантонныя масты цераз Дзясну і пачалі абыходзіць Чарнігаў з захаду, за 30 км. У нас не хапала артылерыі, каб дастаць да гэтых мастоў.

— Як вы трапілі ў палон?

— Трэцяга сакавіка я паехаў у тую ж Іванаўку на заданне. Там лятаў беспілотнік, сачыў за тым, каб расіяне больш не кідалі мастоў, і мы павінны былі ім кіраваць.

Аказалася, што там памерла жанчына, бабуля Ганна, і мяне папрасілі яе адпець. Пакуль я быў на пахаванні, прыляцелі знішчальнікі і пачалі бамбіць нашу танкавую калону. А калі я адслужыў набажэнства, але яшчэ быў на могілках, у вёску зайшлі рускія танкі.

У мяне пад расай была вайсковая форма. Я яе зняў і закапаў, дакументы спаліў у кадзіле. Бо мы ведалі, што за гэта расстрэльваюць. Я застаўся толькі ў штанах і берцах. З-за іх мяне і схапілі.

Берцы для іх наогул нешта незвычайнае. Я не ведаў, што «другая армія свету» будзе апранута ў гумавыя ды кірзавыя боты. Яны нашы берцы сцягвалі з жывых і мёртвых. Я такога не бачыў, нават афіцэры змагаліся за наш абутак.

У іх усё адзенне было вельмі дрэннае. Мае берцы, канешне, таксама забралі, і я ўвесь месяц у палоне хадзіў у звычайных гумавых шлапаках. Маразы былі, я хадзіў па снезе, але холаду не адчуваў. Засталася раса, спачатку на голае цела, потым далі футболку.


Тады з могілак я вярнуўся ў хату, дзе былі мае рэчы і мае таварышы па службе, выкінуў сімку з тэлефона, стаў выдаляць фатаграфіі. Пачалася бамбёжка, мы ўсе, хто там быў (20 чалавек), схаваліся ў склепе. І там нас знайшлі тувінцы.

Спачатку былі толькі яны — землякі Шайгу. Калі потым яны мяне катавалі, я нават пачаў нешта разумець з іх мовы. А яны, дарэчы, па-руску не разумелі.

Яны думалі, раз маё прозвішча Орда, то я таксама з нейкіх цюркскіх народнасцей. Сярод іх быў толькі адзін афіцэр Сакалоў, які ведаў рускую мову. Па выглядзе ён, як усе, быў вузкавокі, але меў рускага бацьку. Праз яго вялі ўсе перамовы.

— Яны здзекаваліся над вамі доўгі час.

— Мяне падвешвалі за рукі да столі і аблівалі ледзяной вадой. І зноў я не адчуваў холаду. З аўтамата стралялі побач, збівалі ў грудзі кулакамі.

Трымалі нас у склепе, хто пад катаваннямі прызнаваўся, што ён вайсковы, адразу расстрэльвалі. З дваццаці чалавек нас засталося толькі трое жывых. Аднаму руку зламалі так, што тырчала костка.

У гэтай вёсцы жыў святар маскоўскай епархіі, які служыў у Чарнігаве. І калі мяне яму паказалі, ён сказаў, што я таксама святар з іх царквы. І я яму ўдзячны, бо ён ведаў, што я з УПЦ. Гэта мяне выратавала, мяне перавялі ў другі падвал, дзе былі жыхары вёскі. Сярод іх аказалася і мая жонка з дзецьмі.


«Кадыравец», глянуўшы ў бок тувінцаў, сказаў нам: «Спачуваю вам»

— Як вы сустрэліся, яна ж не ведала, жывы вы ці не?

— Плакалі, канешне. Яна чула, што нібыта я ў тым склепе з ваеннымі, і магла толькі спадзявацца і чакаць. Глядзела ў вакно, каго выводзілі расстрэльваць, бачыла, што мяне не выводзілі, і малілася.

Людзей трымалі ў школе і розных падвалах, але абавязкова побач са сваім штабам ці тэхнікай, каб па іх не біла наша артылерыя. Нас выкарыстоўвалі як «жывы шчыт».

У тым падвале нас было шасцёра, двое дзяцей. Нікога не выпускалі. У туалет можна было выйсці, толькі калі пачыналася бамбёжка.

Есці амаль нічога не было. Яны самі пазабіралі жывёлу з фермы, адабралі ў людзей ды гатавалі сабе шашлыкі, кароў нашых білі і елі. А нам кідалі косткі ды сухажыллі, тое, што заставалася. Часам давалі трохі кукурузнай мукі.

Гатаваць поліўку дазвалялі зноў толькі пад бамбёжкай, калі нашы пачыналі бамбіць у адказ. Гэта было вельмі небяспечна. Аднаго хлопца, які дапамагаў жанчынам, забіла падчас такой бамбёжкі.

З’явіўся калабарант з мясцовых, які спачатку сядзеў з усімі пад зямлёй, а потым пачаў супрацоўнічаць. Ён паказваў пальцам на сваіх аднавяскоўцаў і казаў, што яны падтрымліваюць Украіну. Шмат людзей забілі праз яго.

Ён расказаў і пра ўсіх вайскоўцаў, якія былі са мной у першым склепе. Паказваў, у каго ёсць грошы. А нашы людзі ў вёсках заможныя, яны працуюць, гадуюць жывёлу і многія маюць грошы.

Цікава, што калі ворагі адыходзілі, яны аблілі свайго памагатага бензінам і падпалілі, ён згарэў. То-бок для іх ён быў непатрэбны сведка.

Айцец Яўген на фронце пасля вызвалення з палону

Айцец Яўген на фронце пасля вызвалення з палону

У нейкі час у нашу вёску прыйшлі расіяне, аднойчы заязджалі кадыраўцы. Дык адзін з іх, глянуўшы ў бок тувінцаў, сказаў нам: «Спачуваю вам». Бо менавіта тувінцы былі горшыя за ўсіх, горш за кадыраўцаў.

Чамусьці многія называюць іх «буратамі», але гэта не бураты. У нас там дыслацыраваўся арэнбургскі танкавы полк, і ў штабе за ўвесь час быў толькі адзін бурат-клерк, быў адзін габрэй-танкіст, адзін расіянін з прозвішчам Данілаў і яшчэ чатыры афіцэры, этнічныя ўкраінцы, у якіх продкі былі са Львова, Палтавы, Данецка і з Чаркасаў. Але ж яны ўсе жылі ў Расіі, скончылі там вучэбкі. Гэта яны потым мне расказалі.

— Як яны сабе паводзілі ў адносінах да людзей?

— Не здзекаваліся з нас, маўчалі, толькі аддавалі загады. Я думаў, што гэта расіяне. Але перад адыходам яны самі расказалі, хто і адкуль, і нават спрабавалі прасіць прабачэння.

Яшчэ там былі танкісты — казанскія ці астраханскія татары. Тыя, калі адыходзілі, упалі на калені, плакалі і казалі: «Мы не хацелі, нас прыгналі, мы мяса. Мы тут усе здохнем, у нас тувінцы ў загародатрадах стаяць».

Тувінцаў наогул усе з іх баяліся. Калі пачыналася камендантская гадзіна, астатнія афіцэры падпіралі дзверы сталамі і зараджалі аўтаматы, каб адстрэльвацца, бо тыя п’яныя дамагаліся да жанчын, забівалі мірных жыхароў, ганялі па вёсцы на квадрацыклах, якія накралі.

А як яны марадзёрылі — такога ўявіць немагчыма. Урываліся ў хаты, забіралі амаль усё, патрабавалі аддаць грошы, долары і еўра. Калі хтосьці казаў, што няма, а яны потым знаходзілі, расстрэльвалі.

Так адзін дзед з бабай спрабавалі захаваць вялікую суму, 20 тысяч долараў, не прызналіся, іх расстралялі. Шмат людзей пазабівалі, пакуль рабавалі, і ўжо не ўдакладнялі, мае чалавек дачыненне да вайскоўцаў ці не. Гвалтавалі жанчын і потым забівалі.


Мы сядзелі ў падвале, і да нас туды толькі даходзілі весткі: у той хаце жанчын расстралялі, у другой — дзеда. У аднаго чалавека ў двары знайшлі танкавую міну. Той пра яе, можа, і не ведаў. Яго вывелі і расстралялі.

Яшчэ ў аднаго былога памежніка ўбачылі ў шафе яго старую форму. Расстралялі. Дакладных лічбаў не скажу, але толькі мы даведаліся не менш як пра 20 забітых. Потым знаходзілі яшчэ трупы і ў дварах, і на вуліцы.

Між тым на мяне тувінцы глядзелі неяк насцярожана, бо яны, аказалася, баяцца папоў. Часам, калі мяне бачылі, хрысціліся.

У апошнія дні, калі яны зразумелі, што прыйдзецца адступаць, нас сталі выпускаць і нават гаварыць з намі. Тады са мной размаўлялі тыя ўкраінцы і татары. Расказвалі, як баяліся хадзіць у наш лес, бо там іх лавілі партызаны.

— А як адчувалася, што хутка канец?

— Іх выбівалі з бліжэйшых мясцін, і праз нашу вёску некаторыя ўцякалі. Сярод іх было шмат параненых, тых дабівалі. Гэта было жахліва. У нас у кожным падраздзяленні ёсць добрая служба парамедыкаў. А ў іх нічога не было. Я бачыў толькі двух нейкіх медыкаў, але ў іх зусім не было ніякіх лекаў. Зразумела, чаму яны самі сябе забіваюць, калі іх параняць.

Нас у тыя дні перавялі ў нейкі стары магільны склеп на ўзгорку. Там калісьці, відаць, сапраўды былі нябожчыкі. Каля нас больш не ставілі паста аховы, і мы маглі выходзіць з гэтага падзямелля. Але ж побач зноў паставілі «Град», каб мы зноў былі «шчытом».

Спачатку мы хаваліся ў склепе, ён быў глыбокі, але потым так стаміліся баяцца, што выходзілі, нават калі недалёка бамбілі. А дзеці ўдзень спрабавалі ганяць мяч. Вакол усё лятае, бабахае, а мы не лезем у той склеп, бо нам усё стала абыякава.

Перад адступленнем у нас з’явіліся карэйцы, якуты і яшчэ прадстаўнікі нейкіх малых народнасцей. Адзін з іх расказаў мне пра свой народ, якога засталося ўсяго ледзь не сто чалавек, а жанчын ужо не было, дык ён хацеў купіць сабе рускую жанчыну, каб прадоўжыць род.


— Памятаеце дзень, калі вас вызвалілі?

— Гэта было 1 красавіка. Раніцай акупанты пачалі збірацца каля штаба, неслі туды тое, што нарабавалі. Вельмі шмат. Найбольш кралі абутку, гэта была іх бальная тэма. Прычым пазабіралі нават тое, у чым нашы людзі хадзілі ў агарод ці ў клуню да свіней. Памятаю, калі яшчэ з мяне здымалі берцы, пыталіся, колькі яны каштуюць.

Белыя прасціны і ручнікі забіралі, электрычныя чайнікі, але без падставак з правадамі. Мы здзіўляліся ды смяяліся — гэта нейкія першабытныя людзі.

Усё электрычнае забіралі і жаночае — адзенне, бялізну, касметыку, парфюмерыю, асабліва чамусьці ім патрэбны былі губныя памады. Унітазаў тувінцы не забіралі. Яны, наадварот, калі бачылі прыбіральню ў хаце, казалі: «Вы дзікуны, дзе спіце, там і с****».

Але ж унітазы ўсё роўна забіралі — прадстаўнікі «больш развітых» народнасцей і тыя, хто жыў у гарадах. Таксама цягнулі пральныя машыны, дываны, плазмы, тэлефоны, нават самыя звычайныя.

Я зайшоў у хату, дзе раней трымалі вайскоўцаў, і туды прыйшоў, можа, якут, не ведаю. А там у будцы жылі два маленькія сабакі. Будкі ў вёсцы сапраўды былі розныя, прыгожыя, іх дзед Раман рабіў.

І вось ён падыходзіць да будкі, сабакі спужаліся, схаваліся ўнутр. Я думаю, што ён хоча, можа, з’есці іх? А той падымае будку, вытрушчвае адтуль сабак, адзін яшчэ чапляўся, пішчаў, і кажа: «Гэта будзе домік для майго сабакі».

Нарабаванае складвалі скрынямі на БТР. Каб умясцілася, абшылі танкі дошкамі. Так робяць з возам, каб вазіць бульбу ці сена. Пачалі ад’язджаць, мы з жонкай тады ўжо вярнуліся ў хату і я выйшаў за вадой.

Яны мяне ўбачылі, схапілі, надзелі кайданкі і пасадзілі разам з сабой на БТР. А там сапраўды месца не было, мы ледзь уладкаваліся. І крыху ад’ехаўшы, яны ўсё ж мяне выкінулі, вырашылі, што няма куды мяне браць.

«Ведаю, што беларусы ваююць зусім непагана»

Айцец Яўген пасля палону

Айцец Яўген пасля палону

— Вы вытрывалі 30 жахлівых дзён акупацыі і кожную раніцу, відаць, прачыналіся з думкай: заб’юць мяне сёння ці не?

— Не, я лічыў, што мяне заб’юць у тыя першыя сем дзён, калі катавалі разам з астатнімі вайскоўцамі. Потым мы баяліся толькі бамбёжак з абодвух бакоў.

За гэты месяц я схуднеў на 30 кг, дагэтуль важыў 120, быў такі мажны.

Пасля палону адвёз жонку ў Нямеччыну, потым лекаваўся ў шпіталі, а зараз працягваю будаваць царкву ў Чарнігаве. За гэты год я яе амаль збудаваў.

Царква Св. мч. Івана Воіна, якую пабудаваў святар у Чарнігаве

Царква Св. мч. Івана Воіна, якую пабудаваў святар у Чарнігаве

16eo7.webp

Айцец Яўген падчас будаўніцтва царквы

— Што вы ведаеце пра беларусаў, якія змагаюцца за Украіну?

— Раней, у 2016-2017 годзе, я быў капеланам тактычнай групы беларусаў, якая была ў правым сектары. Я да іх ездзіў на набажэнствы і служыў.

Зараз ведаю, што тут у нас ёсць Полк Каліноўскага, полк «Пагоня», ёсць беларуская разведка і шмат іншых падраздзяленняў. Яшчэ я ведаю, што яны ваююць зусім непагана.

Я і асабіста многіх ведаю і маю зносіны. Дарэчы, адзін з нашых чарнігаўскіх вайскоўцаў таксама далучыўся да Палка Каліноўскага.

Я ганаруся тым, што мы землякі. Але ж яны не чужую зямлю бароняць. Мы колькі гадоў жылі разам у Княстве Літоўскім.

Капелан Нацгвардыі Украіны Яўген Орда

Капелан Нацгвардыі Украіны Яўген Орда


— Безумоўна, Украіна пераможа і будзе вольнай. А ў вызваленне Беларусі вы верыце?

— Я веру — гэта будзе. Я яшчэ хачу ў Гомелі ці Мінску на беларускай мове адслужыць. У мяне раней была такая мара — у старасці пераехаць у Беларусь і дзесьці служыць святаром.

— Цудоўная мара, хай здзейсніцца! А сувязь паміж нашымі народамі, тымі, якія «жывуць паміж Чарнігавам і Гомелем», можна разарваць праз гэту вайну?

— Нельга. Я ж кажу, зараз з нашага горада ваююць і гінуць за нашу зямлю шмат менавіта беларусаў. Адзін мой сябар нават узяў такі пазыўны — «Білорус».