Судовы канвеер за забаронены «Першамай» у Мінску
Першым аштрафаваны Алег Макоўскі на 230 рублёў. Ягоную справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Яна ж вяла працэс над актывістам Дзмітрыем Сільчанкам.
Дзмітры Сільчанка пакараны штрафам 50 базавых велічынь.
Амапаўцы ў судзе засведчылі, што Сільчанка выкрыкваў 1 мая «Баста!» і «Жыве Беларусь!». Сільчанка ад тлумачэнняў адмовіўся, сказаў толькі, што нічога падчас акцыі не парушаў.
Дзмітры Сільчанка бачыў у матэрыялах справы рапарт міліцыянтаў, у якім спіс удзельнікаў акцыі 1 мая — усяго каля 20 чалавек.
Пенсіянерку Ніну Багінскую завочна аштрафавалі на 50 базавых велічынь, гэта 1150 рублёў.
Сама актывістка ў суд не прыйшла. Сведкі-амапаўцы пазналі яе на фотаздымках з акцыі з бел-чырвона-белым сцягам. Сведкі казалі, што спадарыня Багінская выкрыквала лозунгі «Баста!» і «Жыве Беларусь!». Вырак вынесла суддзя Вікторыя Шабуня.
Архіўнае фота www.svaboda.org. Суддзя Вікторыя Шабуня
Нагадаем, 1 мая на заклік экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча ў Мінску прайшла акцыя пратэсту супраць дзейнай улады. На Кастрычніцкай плошчы, паводле розных падлікаў, сабралася каля 200 чалавек, якія потым прайшлі па ходніках праспекту Незалежнасці. Міліцыянты не перашкаджалі акцыі, але пасля яе былі затрыманыя і асуджаныя апазіцыйная актывісты Павал Севярынец і Максім Вінярскі.
Чытайце таксама:
Першамай у Мінску (фотарэпартаж анлайн, +відэа)
Мікалая Статкевіча міліцыянты затрымалі яшчэ напярэдадні акцыі, ён быў асуджаны да арышту. Пазней за першамайскую акцыю атрымаў адміністрацыйны арышт таксама вядомы актывіст Вячаслаў Сіўчык.
www.svaboda.org