Старшыня Кобрыньскага райвыканкаму выбачыўся за гвалт супраць мірных землякоў
20
жніўня на сустрэчы з грамадзянамі на пляцы Волі ў Кобрыні старшыня мясцовага райвыканкаму Міхась
Грышкевіч выказаў прабачэнне за гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў.
Кіраўнік раёну падзякаваў кабрыньцам за актыўную грамадзянскую пазіцыю па абароне сваіх правоў, прапанаваў усім затрыманым і збітым звяртацца з заявамі ў раённую пракуратуру.
Разам
з тым, грамадзяне нагадалі старшыні РВК, што ён не скарыстаўся сваімі
паўнамоцтвамі, бо сілавікі знаходзяцца ў ягоным непасрэдным падпарадкаванні, не
выйшаў на цэнтральную плошчу гораду перад разгонам мірных пратэстоўцаў, не
пагаварыў з імі і не папярэдзіў пра мажлівае выкарыстанне спецсродкаў.
У сваю чаргу начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Дулевіч, прызначаны на гэтую пасаду напярэдадні выбараў, спрабаваў перакласці на гараджанаў віну за сілавыя дзеянні міліцыянтаў. У адказ начальнік РАУС атрымаў гучнае “Ганьба!”, прапановы падаць у адстаўку і вярнуцца туды, адкуль прыехаў у Кобрынь.
Затрыманыя
падчас мірных пратэстаў, між іншым, распавялі, што міліцыянты кідалі ў людзей
святлошумавыя гранаты, стралялі гумавымі кулямі, распылялі слезацечны газ, цягнулі
за ногі збітую жанчыну, галава якой валачылася па асфальце, у аўтазаках усё
было скрываўлена, сілавікі прымушалі грамадзянаў агаворваць сябе, пускалі ў
камеры пярцовы газ, жорстка збівалі людзей, у тым ліку дзяўчат. Жыхары цэнтру горада прыгадалі, што ў іхных кватэрах дзеці душыліся
ад газу пасля прымянення міліцыянтамі спецсродкаў супраць мірных людзей. “Навошта
нам такі РАУС?”, -- пыталіся ўдзельнікі сходу, якія назвалі неадэкватную
рэакцыю сілавікоў на законныя пратэсты грамадзянаў супраць фальсіфікацыі
вынікаў прэзідэнцкіх выбараў “расправай” і “звычайным фашызмам”.
Так, пенсіянер Васіль Андраюк распавёў, што калі вечарам 10 жніўня пачуў выбухі ў цэнтры гораду, разам з малодшай дачкой пабег сустракаць з працы старэйшую дачку.
Паколькі малодшая дачка была перапужаная выбухамі, на наступны вечар пакінуў яе дома і сам пайшоў сустракаць з працы старэйшую дачку. І хоць у цэнтры горада было ціха, пенсіянера жорстка затрымалі і збілі да такой ступені, што да гэтай пары адчувае моцны боль у плечавым і тазасцёгнавым суставах.
Сярод патрабаванняў удзельнікаў сходу да мясцовых уладаў прагучалі наступныя:
1. Раследаваць усе выпадкі незаконнага затрымання людзей пад час мірных пратэстаў
2. Назваць падраздзяленні, што прымалі ўдзел у нападзе на мірных грамадзянаў з ужываннем святлошумавых гранат баявога прызначэння, спецсродкаў, жорсткага затрымання, збіцця і пагрозаў прымянення гвалту
3. Назваць пайменна ўсіх сілавікоў, якія ўжывалі насілле супраць кабрыньчанаў
4. Пракуратуры накласці пратэсты на судовыя выракі супраць удзельнікаў мірных шэсцяў і зняць з іх абвінавачванні
5. Кампенсаваць пацярпелым грамадзянам матэрыяльныя і маральныя страты
6. Прыцягнуць да адказнасці ўсіх асобаў, вінаватых у супрацьпраўных дзеяннях адносна кабрыньчанаў
7. Прыпыніць пераслед кабрыньчаніна Георгія Дзмітрука і іншых грамадзянаў — мірных пратэстоўцаў
8. Апублікаваць на сайце Кобрыньскага РВК і ў газеце “Кобринский вестник” рэзалюцыю сходу гараджанаў ад 16 жніўня
9. Дапусціць грамадскасць да дзяржаўных электронных і друкаваных СМІ
10. Не замінаць вольным сходам грамадзянаў на плошчах у цэнтры Кобрыня.
Старшыня Кобрыньскай грамадскай каардынацыйнай рады народнага даверу Алесь Мех падкрэсліў, што псіхічны і фізічны гвалт, які перажылі мірныя людзі ад сілавікоў пасля прэзідэнцкіх выбараў, больш ніколі не павінен паўтарыцца на Беларусі. Для гэтага патрэбны працэс грамадскага пакаяння за вольны ці вымушаны ўдзел у падмане і запужванні, збіцці і катаванні мірных суайчыннікаў.
Грамадзяне ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяраў гвалту сілавікоў.
Фота Марата Гаравога