Слонімскія ўлады ігнаруюць патрабаванні гараджанаў пра знос «Табакерак»
«Спыніце масавую прапаганду палення ў Слоніме, прыбярыце тытунёвыя кіёскі «Табакерка» і «Табак»» — пад такім зваротам да ўладаў падпісаліся больш як 550 жыхароў Слоніма.
«Гандлёвыя аб’екты “Табакерка” ўстанаўліваюць на прыпынках грамадскага транспарту, паблізу школ, дзіцячых садоў, установаў гандлю і аховы здароўя ў шэрагу гарадоў Беларусі. Падобная практыка рэалізацыі тытунёвай прадукцыі дыскрэдытуе ідэю здаровага ладу жыцця», палічылі слонімскія актывісты. Такіх кіёскаў у горадзе ўжо 13. Напрыканцы лютага сябра Руху «За Свабоду» Алесь Масюк адправіў зварот у раённы і абласны выканкамы, а таксама мясцовых дэпутатаў.
«На падставе арт. 41 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», які ўсталёўвае, што выканкамы забяспечваюць аздараўленне грамадзян, ажыццяўляюць кантроль у галіне аховы здароўя і ў іншых галінах, якія закранаюць пытанні мясцовага значэння, просім вас разгледзець гэтае пытанне, і вырашыць яго на карысць здаровага ладу нашага горада. Гэта значыць прыняць меры, накіраваныя на недапушчэнне адкрыцця і функцыянавання кіёскаў «Табакерка» і «Табак» у горадзе Слоніме. «Патрабуем прыбраць з тэрыторыі горада Слоніма тытунёвыя кіёскі “Табакерка” і “Табак”», — напісалі сярод іншага ў звароце слонімцы.
У Слонімскім райвыканкаме, адкуль прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Уладзіслава Гершгорына, патлумачылі, што кіёскі «Табакерка» здаюцца ў арэнду, а таксама нагадалі, што нельга ўжываць у назвах назваў тытунёвых вырабаў.
«Тытунь — гэта від тытунёвага вырабу, таму называць гэтым словам гандлёвыя аб’екты і выкарыстоўваць гэтыя назвы на шыльдзе будзе забаронена. У той жа час, табакерка не з’яўляецца найменнем выгляду тытунёвага вырабу (уяўляе сабой ёмістасць для захоўвання тытуню) і, адпаведна, гэтая забарона не будзе распаўсюджвацца на адпаведныя назвы гандлёвых аб’ектаў», — заключыў Гершгорын.
Масюк назваў гэты адказ недарэчнай адпіскай мясцовых чыноўнікаў. «Усё што можна зразумець з “адказу”, гэта тое, што ўладам напляваць на патрабаванні і меркаванні мясцовых жыхароў. Такое стаўленне мясцовых уладаў да меркаванняў грамадзян, яшчэ раз даказвае, што назначаныя зверху чыноўнікі працуюць не ў інтарэсах грамадзян», — падкрэсліў актывіст Руху «За Свабоду».
Незразумела, дадаў Масюк, чаму бяздзейнічаюць мясцовыя дэпутаты, так званыя народныя абраннікі, сярод якіх, між іншым, ёсць педагогі і лекары? «Хто, як не яны павінны адстойваць інтарэсы мясцовых жыхароў?» — спытаў актывіст.
Ён нагадаў, што раней намеснік начальніка аддзела гандлю Слонімскага райвыканкама Дзяніс Мелкумян прызнаўся, што рашэнне аб размяшчэнні тытунёвых шапікаў прымалася ўсімі чальцамі Слонімскага райвыканкама. «У склад Слонімскага райвыканкаму, акрамя іншых, уваходзіць начальнік упраўлення адукацыі, а таксама начальнік спорту і турызму Слонімскага райвыканкама. Няўжо, і яны прагаласавалі за ўсталяванне ў Слоніме шапікаў “Табакерка”?» — спытаў Алесь Масюк.
Актывіст плануе абскарджваць гэты адказ і чакае рэакцыі дэпутатаў і іншых чыноўнікаў.
Паводле pyx.by