СК распачаў крымінальную справу супраць актывістаў, якія з'ехалі ў Польшчу
У дачыненні да двух 29-гадовых актывістаў анархісцкага руху, якія знаходзяцца цяпер у Польшчы і якія выйшлі на акцыю памяці забітага Андрэя Зельцэра, распачата крымінальная справа па ч.3 арт.130 (дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці па прыкметах іншай сацыяльнай прыналежнасці), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Гаворка ідзе пра Рамана Халілава і Яўгена Жураўскага. СК называе іх прадстаўнікамі анархісцкай арганізацыі «Рэвалюцыйнае дзеянне». А справу супраць іх распачалі за іх плакаты на акцыі памяці Андрэя Зельцэра ў Варшаве каля амбасады Беларусі. Фота былі размешчаны ў тэлеграм-каналах і на анархісцкім сайце.
«Дэманстравалі розныя матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, якая падтрымлівае дзеянні асобы, якая ўчыніла забойства супрацоўніка КДБ, і звесткі, заведама накіраваныя на распальванне сацыяльнай розніцы і варожасці, а таксама тыя, што гераізуюць тэрарыстычную дзейнасць», — гаворыцца ў паведамленні СК.
Сцвярджаецца, што Жураўскі і Халілаў з 2017 года былі актывістамі анархісцкага руху, прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, удзельнічалі ў пратэстах, заклікалі да звяржэння ўлады, адміністравалі тэлеграм-каналы, Халілаў нібыта вербаваў ў сацсетках моладзь у анархісты, пры гэтым падкрэсліваецца, што ён ураджэнец Грузіі.
«А яго аднагодак, ураджэнец Брэстчыны, выказваў пажаданні, каб у пандэмію ад covid-19 памерлі як мага больш грамадзян і можна было абвінаваціць у гэтым улады. У сувязі з наяўным захворваннем праходзіў абследаванне ў псіхадыспансеры», — гаворыцца ў паведамленні СК (адзначым, інфармацыя пра захворванні любога грамадзяніна з'яўляецца медыцынскай таямніцай — заўв. Reform.by).
СК збіраецца аб'явіць актывістаў у вышук.
Reform.by