Сёння пачалі судзіць журналіста Ігара Ільяша. Хронікі рэпрэсій 21 лютага
Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369-1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Яго справу разглядаюць у Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе весці суддзя Сяргей Кацэр. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі асноўную інфармацыю пра рэпрэсіі на сёння, 21 лютага.

Нагадаем, пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.
Каб падтрымаць палітзняволенага Ігара Ільяша да будынка Мінскага гарадскога суда сёння прыйшлі еўрапейскія дыпламаты.
«Свабода слова павінна быць гарантаваная. Журналістыка — гэта не злачынства. Цяпер у Беларусі за кратамі 39 супрацоўнікаў медыя. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна», — напісала прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
Вядома, што да акцыі далучыліся прадстаўнікі дыпламатычных місій Аўстрыі, Чэхіі, ЕС, Фінляндыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Швецыі, Славакіі, Вялікабрытаніі.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 21 прозвішча — цяпер у ім 4969 чалавек
21 лютага МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі 22-гадовую дзяўчыну з Баранавічаў Ганну Курыс, а таксама 17-гадовага навучэнца са Жлобіна Канстанціна Ціхамірава.
Ініцыятыва «Вольная Беларусь» трапіла ў спіс «экстрэмісцкіх фармаванняў» — у спісе датычных да яе Зянон Пазьняк
Адпаведнае рашэнне аб прызнанні ініцыятывы «экстрэмісцкім фармаваннем» было прынятае МУС 21 лютага.
Паводле ведамства, дачыненне да яе маюць Зянон Пазняк, Алена Самусева, Віктар Каралькоў.
Адну з найлепшых дзіцячых анколагаў Беларусі асудзілі за пратэсты
У судзе Першамайскага раёна Мінска 30 студзеня асудзілі Алену Шарафановіч паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзелу дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Наталля Дзядкова.
Як заўважыла @nashaniva, прозвішча лекаркі з’явілася ў «спісе экстрэмістаў» з пазнакай «судзімасць не пагашаная». Гэта значыць, што Алене прызначылі абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»). Дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы.
Алена — адна з найлепшых дзіцячых анколагаў Беларусі, у медыцынскіх чатах і суполках немагчыма ніводнага негатыўнага водгуку пра яе ад пацыентаў.
Сямейную пару судзілі ў Дзяржынску за ўдзел у пратэсных акцыях
У судзе Дзяржынскага раёна 19 лютага разглядалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса супраць Ірыны і Аляксандра Бабок. Працэс вёў суддзя Раман Крыловіч.
У Брэсце пад «экстрэмісцкую адміністратыўку» патрапіў, падобна, дырыжор аркестра акадэмічнага тэатра
У раскладзе суда Ленінскага раёна Брэста ўчора было заўважана імя Аляксандра Анатольевіча Куўшынікава. Мужчыну ставілі ў віну ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
З такімі ініцыяламі ў Брэсце ведаюць дырыжора сімфанічнага аркестра Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (з 2007 года) і кіраўніка духавога аркестра Брэсцкага музычнага каледжа.
У сацсетках ён быў апошні раз у панядзелак, 17 лютага, піша @vitebsk_info.
Мадэль і былую бортправадніцу Qatar Airways будуць судзіць за ўдзел у пратэстах
Вераніцы Жалубоўскай 29 гадоў. Яна з Мінска. Скончыла мінскі ліцэй №1, а пасля адвучылася ў Мінскім дзяржаўным Лінгвістычным універсітэце, які скончыла ў 2017 годзе. Мяркуючы па анкеце, адначасова вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У 2016 годзе дзяўчыну прызналі пераможцай сталічнага конкурсу «ВелаМіс».
Пасля сканчэння МДЛУ Вераніка адпрацавала тры гады сцюардэсай у Катарскіх авіялініях. Яшчэ адно захапленне Веранікі — мадэлінг і акцёрства. Яна знялася ў эпізадычных ролях у чатырох фільмах пад псеўданімам Вераніка Бруснікіна і супрацоўнічала з мноствам мадэльных агенцтваў.
Апошняе фота ў сацсеткі дзяўчына выклала 18 лістапада 2024 года з Турцыі. Пасля гэтага яна паехала ў Беларусь — імаверна, тады яе і затрымалі, піша (https://nashaniva.com/362147) «Наша Ніва».
Суд над Веранікай пачынаецца 4 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Судзяць яе па «народным» артыкуле — ч. 1 арт. 342 КК.
У Нароўлі за «распаўсюд экстрэмізму» судзілі жанчыну, якая ў 2018-м змагалася за свае правы на ўласную дачку
Сёння ў судзе Нараўлянскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай скаргі датычна Таццяны Старажэнка, паведамляе Гомельская Вясна. Суддзя Аляксандр Ваўрантовіч вінаваціў жанчыну паводле часткі 2 артыкула 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, занесенай у так званы рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Вынесенае рашэнне пакуль невядомае.
У 2018 годзе Таццяну Старажэнка праз канфлікт з галоўным лекарам мясцовай лякарні, дзе яна тады працавала, пазбавілі бацькоўскіх правоў на ейную дачку Дашу. Мясцовыя нараўлянскія кіраўнікі абвінавацілі жанчыну ў злоўжыванні алкаголем, адмыслова прыходзячы да яе ў кватэру ў святочныя дні і складаючы акты, што яна з сябрамі ўжывала алкагольныя напоі. Пры гэтым экспертыз на алкагольнае ап’яненне чыноўнікі не праводзілі. Тады Таццяна бараніла свае правы ў тым ліку і з дапамогай праваабаронцаў «Вясны».