Сяргей Навумчык: Спачатку – руская мова, потым – «іскандэры»

«Год ці болей таму некаторыя інтэлектуалы даказвалі мне, што арышт двух дзясяткаў пэнсіянэраў ў электрычцы, якія чыталі кнігі беларускіх пісьменьнікаў на беларускай мове – гэта ніякі не этнацыд, мова тут толькі нюанс, і што іх затрымалі б, нават калі б яны трымалі ў руках кнігі з "Полного собрания сочинений Л.Н. Толстого"», — піша журналіст Сяргей Навумчык.

rodnajamova_1_logo_1.gif

Фармальна нібы і так — дадам нават, што іх бы затрымалі, калі б яны чыталі юбілейны зборнік «Традиции и новаторство: славный путь белорусских чекистов. К 100-летию КГБ РБ» (не гугліце назву, я яе выдумаў, але, думаю, нешта падобнае выйшла). Тут галоўнае — пратэст, несанкцыяваная акцыя, а беларуская мова, казалі мне, — у дадзеным выпадку не галоўнае.
Вось жа, менавіта мова ў гэтым выпадку якраз і галоўнае. Перакананы, што абсалютная большасьць тых пэнсіянэраў (калі ня ўсе) у жыцьці размаўляюць па-руску, а ў некаторых зь іх у хатніх бібліятэках няма ніводнай кнігі па-беларуску (што нядзіўна з улікам 28-гадовай дыскрымінацыйнай палітыкі ўлады).
Але для свайго палітычнага самавыяўленьня яны абралі кнігі менавіта на беларускай мове.
І гэта — ключавое.
У любой іншай краіне менавіта гэты «нюанс» быў бы галоўным у ацэнках інтэлектуалаў і праваабаронцаў. Асабліва ў той краіне, дзе мова карэннай нацыі даўно і мэтанакіравана дыскрымінуецца, дзе яна зьяўляецца дастатковай прыкметай, каб чалавек быў затрыманы, зьбіты, асуджаны (засудзіць фармальна знойдзецца за што).
Бо нацыянальная ідэнтычнасьць — самая «тонкая» катэгорыя, для публічнай дыскусіі вакол якой у заходнім грамадзтве якой патрэбная салідная філасофская, гістарычная, паліталагічная падрыхтоўка. І адначасна, любы муніцыпальны палітык разумее, што нацыянальная ідэнтычнасьць — базавы, галоўны падмурак.
Прыклад мы бачым у Францыі, дзе з францускай мовай, здавалася б, усё ў парадку, але калі вы хочаце над сваёй крамай павесіць ангельскамоўную шыльду — вы заплаціце салідны падатак. І справа тут ня ў тым, каб садраць лішнія грошы ў бюджэт краіны. Мэта гэтага — абараніць саму краіну.
Прыклад мы бачым ва Ўкраіне: за слова па-ўкраінску на акупаваных тэрыторыях чалавека хутчэй забьюць, чым не забьюць. Бо ідэолагі рускага фашызму ў Крамлі разумеюць: усё пачынаецца з мовы. Спачатку — руская мова, і ўжо потым — «іскандэры».
Чаму такія ісьціны зразумелыя мне, які мае толькі звычайны дыплом журфаку БДУ (дзе, як кажуць, чыталі лекцыі пра ўсё і пра нішто), ня мае ні навуковых працаў, ні навуковых ступеняў — і незразумела тым, хто гэтых працаў мае дзясяткі і мае дыпломы дактароў навук?