Саўмін не хоча, а Пракуратура не можа прыцягнуць Шуневіча да адказнасці
Праваабаронцы накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанні. І атрымалі чарговы адказ.
Генеральная пракуратура ў другі раз разглядзела зварот праваабаронцы “Вясны” Валянціна Стэфановіча, які быў перанакіраваны туды з Савета Міністраў.
Тая ж начальніца аддзела па наглядзе за захаваннем правоў і свабодаў грамадзянаў Марына Папова прадублявала свой ранейшы адказ, зазначыўшы, што міністрам Ігарам Шуневічам у інтэрв’ю на канале АНТ было выказана асабістае меркаванне і падстаў для прыняцця мераў пракурорскага рэагавання няма.
Цікава, што разам з гэтым Генеральная пракуратура паведаміла праваабаронцу, што пытанні прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці кіраўніцтва МУС не ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і прапанавала прынятае рашэнне абскардзіць вышэйстаячай службовай асобе Генеральнай пракуратуры.
Аднак Валянцін Стэфановіч менавіта таму і накіроўваў заяву ў Савет Міністаў, бо толькі там могуць прыняць адпаведнае рашэнне аб прыцягненні службовай асобы да дысцыплінарнай адказнасці ў адпаведнасці з арт. 11 Палажэння аб Міністры Рэспублікі Беларусь.
Але Савет Міністраў ухіліўся ад адказу.
Нагадаем, Праваабарончы цэнтр “Вясна” за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра унутранных спраў Ігара Шуневіча па тэлебачанні.
Гаворка ішла пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх “дзіравымі”.
Следчы камітэт без усялякіх лінгвістычных экспертыз вырашыў, што ў выказваннях міністра Шуневіча няма распальвання варожасці. Мала таго, у сваім адказе СК напісаў, што “чые-небудзь меркаванні, каментарыі падзей, якія адбыліся, не з’яўляюцца падставай для правядзення праверкі ў парадку, устаноўленым КПК”.
Паводле spring96.org