Праваабаронцы падрыхтавалі першую справаздачу па катаваннях у Беларусі

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падрыхтаваў прамежкавую справаздачу, яна тычыцца эфектыўнасці расследавання катаванняў 9 жніўня — 5 кастрычніка 2020.

bezymyannyj_111.jpg


Асноўныя высновы справаздачы:

1. Забарона катаванняў з’яўляецца абсалютнай не дапускае адступленняў. Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыю супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажальных годнасць відаў абыходжання і пакарання, у сувязі з чым абавязаная забяспечваць абарону любой асобы ад катаванняў і забяспечваць правядзенне хуткага і бесстаронняга расследавання катаванняў і іншага жорсткага абыходжання.

2. У выніку дзеянняў праваахоўных органаў зафіксаваная гібель не менш за чатырох чалавек, тысячы затрыманых атрымалі фізічныя і псіхалагічныя траўмы і вымушаныя праходзіць медыцынскае лячэнне, фізічную і псіхалагічную рэабілітацыю.

Такія маштабныя праявы перавышэння ўлады разглядаюцца крымінальным законам як асабліва цяжкае злачынства супраць бяспекі чалавецтва, прадугледжанае артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

3. Ні асоба, якая займае ў цяперашні час пасаду прэзідэнта, ні Генеральная пракуратура, ні Міністэрства ўнутраных спраў не зрабілі ні адной публічнай і недвухсэнсоўнай заявы пра асуджэнне прымянення ўсіх формаў катаванняў, роўна як і не зрабілі яснага папярэджання, што любы чалавек, які ўдзельнічае ў падобных дзеяннях, панясе за гэта асабістую крымінальную адказнасць.

4. Пачынаючы з 10 жніўня міжнародная супольнасць неаднаразова заклікала да неадкладнага і эфектыўнага расследавання заяў аб прымяненні катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ў дачыненні да затрыманых і ўдзельнікаў пратэстаў.

5. Па стане на 5 кастрычніка 2020 года як з боку Следчага камітэта, так і з боку апытаных заяўнікаў адсутнічае інфармацыя аб узбуджэнні крымінальных спраў па фактах катаванняў, а таксама крымінальных спраў па фактах гібелі людзей падчас пратэстаў.

У цяперашні час праверкі, якія праводзяцц,а не адпавядаюць стандартам эфектыўнага расследавання заяваў аб катаваннях: шпаркасці, дбайнасці, незалежнасці, доступу ахвяр да расследавання і публічнасці.

Справаздача накіраваная дакладчыку, прызначанаму ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ, а таксама ў Камітэт супраць катаванняў ААН, Спецыяльнаму дакладчыку па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Пастаяннага каардынатара ААН у Беларусі.

Поўную справаздачу ў версіі PDF можна спампаваць на сайце legin.by.

Паводле Беларускі партызан